Logo Polskiego Radia
Print

Экспэрты прагназуюць падаражаньне страхавых полісаў у Польшчы

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 23.08.2017 18:58
Зьвязана гэта з наступствамі моцнай буры, якая абрынулася на поўнач краіны каля двух тыдняў таму.
Паламаны ўраганам лес у Паморскім ваяводзтве (поўнач Польшчы)Паламаны ўраганам лес у Паморскім ваяводзтве (поўнач Польшчы)PAP/Adam Warżawa

Экспэрты прагназуюць падаражаньне страхавых полісаў у Польшчы. Зьвязана гэта з наступствамі моцнай буры, якая абрынулася на поўнач краіны каля двух тыдняў таму. Тэме прысьвечаны адзін з матэрыялаў сёньняшняга нумару газэты Puls Biznesu. Паводле выданьня, суму стратаў яшчэ не падлічылі, але ўжо зараз вядома, што нядаўняя стыхія будзе каштаваць страхавым кампаніям некалькі соцень мільёнаў злотых.

Зараз фірмы працягваюць прымаць заявы на кампэнсацыю. У тым ліку, ад бізнэсу. Пашкоджаныя ня толькі будынкі прадпрыемстваў. У выніку перападаў напружаньня зьнішчанае дарагое электроннае ды электрычнае абсталяваньне. Арганізацыі гандлю масава паведамляюць пра сапсаваныя прадукты харчаваньня. Да гэтага трэба дадаць пашкоджаны службовы транспарт. Вялікія страты могуць прычыніцца да зьмены ўмоваў на страхавым рынку. І ў прыватнасьці, да падаражаньня полісаў, прыводзіць рэдакцыя словы Марлены Станьчак-Лібіх з кампаніі Marsh Polska.

У сваю чаргу, экспэрт Лукаш Важэньчык зьвяртае ўвагу – некалькі гадоў паміж страхавымі кампаніямі працягваецца сапраўдная тарыфная вайна, ад якой удзельнікі рынку ўжо даўно стаміліся. І цяпер склаліся ўмовы для павелічэньня коштоў паслугаў. Разам з тым, прадстаўнікі сэктару лічаць, што падыходзіць да цэнавай палітыкі трэба з улікам далёкай пэрспэктывы. Нельга абапірацца на вынікі аднаго, хоць і вялікага стыхійнага бедзтва. Варта таксама браць пад увагу, у тым ліку, канкурэнтаздольнасьць тарыфаў.

Тым не менш, падаражаньне полісаў у падобнай сытуацыі камэнтатары называюць цалкам лягічным – калі маёмасьці нанесеная вялікая шкода, гэта азначае павелічэньне выдаткаў на пераадоленьне наступстваў. А розьніцу трэба неяк кампэнсаваць, рэзюмуюць экспэрты.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт