Палякаў паспрабуюць зацікавіць чыгуначнымі вандроўкамі
PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski
22.08.2017 15:07
8 рэгіянальных перавозчыкаў краіны аб’ядналіся, каб прапанаваць сваім пасажырам адзіны квіток, што дазваляе падарожнічаць цягам 24 гадзінаў.
Фота мае ілюстрацыйны характарpixabay.com/Public Domain CC0
Палякаў паспрабуюць зацікавіць чыгуначнымі вандроўкамі. Адразу 8 рэгіянальных перавозчыкаў краіны аб’ядналіся, каб прапанаваць сваім пасажырам адзіны квіток, што дазваляе падарожнічаць цягам 24 гадзінаў. Як паведамляе газэта Rzeczpospolita, кошт даволі дэмакратычны – 38 злотых (гэта прыблізна 10 даляраў).
Аўтары ідэі – прадстаўнікі Асацыяцыі чыгуначных перавозчыкаў – кажуць, што гэта пілётны праект. З часам да яго могуць далучыцца іншыя ўдзельнікі рынку. У далейшым транспартныя кампаніі абяцаюць браць пад увагу пажаданьні кліентаў адносна новага тарыфу. Пакуль што прапанова ахоплівае 62 чыгуначныя лініі на тэрыторыі 12 ваяводзтваў.
Квіткі даступныя ў касах, спэцыяльных аўтаматах, у інтэрнэце ды праз мабільную аплікацыю. Набыць іменны праязны дакумэнт можна за тыдзень да плянаванай паездкі. Тым часам, вялікія кампаніі PKP Intercity і Polregio прапануюць сваім кліентам квіткі на цэлыя выходныя, скарыстацца якімі можна ад 19-й гадзіны пятніцы да 6-й панядзелку.
У залежнасьці ад узроўню камфорту, заплаціць прыйдзецца 109 ці 189 злотых (то бок, 30 ці 52 даляры ў эквіваленце). Продаж такіх праязных пачынаецца максымум за месяц да падарожжа. Кажучы пра новы трэнд на рынку, экспэрты заўважаюць – гэта крок у добрым накірунку, але каб масава прыцягнуць да сябе пасажыраў, трэба сканцэнтравацца на скарачэньні часу вандроўкі, гаворыцца ў матэрыяле.
св