Logo Polskiego Radia
Print

Рака як аніматар гарадзкога жыцьця

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 20.08.2017 10:30
  • Рака як аніматар.mp3
Многія эўрапейскія гарады ляжаць на берагах рэк.
Вісла ў ВаршавеВісла ў ВаршавеВикипедия

У розных гарадах па рознаму ўлады карыстаюцца гэтай акалічнасьцю. Цікавы прыклад дае Варшава. Тут за апошнія гады ўзьбярэжжа Віслы пераўтварылася з закінутага ўзьбярэжжа ў адзін з цэнтраў гарадзкога жыцьця. Як раку выкарыстоўваюць у Менску?

Палітыка варшаўскіх уладаў у дачыненьні да ракі, якая дзеліць горад на дзьве часткі, характарызуецца лёзунгам «Вісла – бліжэй да жыхароў», «Вісла сэрцам Мазоўша, сэрцам Польшчы». На адным беразе ракі створаны гарадзкі пляж, куды ў летнія сьпякотныя дні прыходзяць жыхары. На другім беразе месьцяцца ўстановы навукі ды культуры, створаны прамэнад ды ладзяцца шматлікія імпрэзы. Адна з апошніх «Вісла Мастацтва 2017». Больш падрабязна пра гэта распавядае дырэктарка Мазавецкага музычнага тэатру Івона Вуястык.

Івона Вуястык: Жывучы ў Варшаве можна заўважыць, што Вісла ўсё набліжаецца да жыхароў. Віслу мы бачым штодня, ня толькі едучы з правага на левы бераг, ці наадварот. Гэта справа апошніх год. Людзі і раней цікавіліся Віслай, але забудова ды архітэктура была заплянавана тылам да Віслы й людзей. На шчасьце цяпер зьмянілася тэндэнцыя. Робіцца ўсё, каб гарадзкое жыцьцё, актыўнасьць перанесьці на бераг Віслы, каб горад павярнуўся тварам да гэтай прыгожай ракі. Выдатна, што менавіта так выглядае польская сталіца сёлета, у год, які абвешчаны Годам Віслы.

Гэтая акцыя ладзіцца ў памяць першага свабоднага сплаву тавараў Віслай у 1467 годзе. У Менска таксама ёсьць свая рака – Сьвіслач. Тут ня першы год ладзяць фэстывалі ды масавыя гулянкі. Узьбярэжжа ўпарадкаванае. У цёплы дзень тут сустрэнеш натоўпы менчукоў. Як ставяцца да Сьвіслачы ў Менску і ці можна яе назваць сэрцам беларускай сталіцы, пра гэта мы запыталіся ў мастацтвазнаўцы ды гісторыка архітэктуры Сяргея Харэўскага.

Сяргей Харэўскі: У самым літаральным сэнсе Сьвіслач ёсьць сэрцам беларускай сталіцы. На сутоку Сьвіслачы й Нямігі й паўстаў Менск. Адпаведна Сьвіслач адыгрывала ў гісторыі, культуры, жыцьці Менска вялізарную ролю. Раней яна была большая, было багата млыноў, ставоў. Сёньняшняя Сьвіслач – гэта плён 2,5 стагодзьдзяў ў гаспадараньня й акультурваньня гэтага ляндшафту.

Менск унікальны горад з пункту гледжаньня выкарыстаньня ракі, побач зь якой ён збудаваны, кажа адмысловец.

Сяргей Харэўскі: У свой час у 1960 гады быў створаны ўнікальны ў сьвеце Менскі водны зялёны дыямэтар. Архітэктары ды горадабудаўнікі ў садружнасьці з батанікамі, дэндролягамі, геолягамі стварылі ўнікальную сыстэму, сэнс якой быў, што людзі могуць спацыраваць па берагах Сьвіслачы, праходзіць некалькі паркаў і нідзе не перасякаць праезнай часткі. Таму Менск можна сьмела сёньня прайсьці ад краю да краю па берагах Сьвіслачы. Гэты праект рэалізоўвалі больш за 20 гадоў, у выніку цэнтар Менску атрымаў сваю галоўную артэрыю – Сьвіслач, на якую нанізана каля тузіна паркаў з прамэнадамі для адпачынку жыхароў.

Сёлетні год абвешчаны ў Польшчы Годам Віслы. У Беларусі і без спэцыяльнага года Сьвіслач зьяўляецца сэрцам сталіцы й надае гораду ўнікальныя рысы.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт