Logo Polskiego Radia
Print

Макрон расчароўвае Стары Сьвет

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 07.08.2017 18:42
Некаторыя з назіральнікаў сьцьвярджаюць – новы прэзыдэнт Францыі зусім не такі праэўрапейскі, як абяцаў падчас выбарчай кампаніі.
PAP/EPA/ETIENNE LAURENT / POOL

Макрон расчароўвае Стары Сьвет. Палітыцы новага францускага прэзыдэнта прысьвечаны адзін з матэрыялаў сёньняшняга нумару выданьня Dziennik Gazeta Prawna. Не мінула яшчэ трох месяцаў, як палітык заняў ключавы пост, але некаторыя з назіральнікаў ужо бачаць падставы сьцьвярджаць – Эмануэль Макрон не такі праэўрапейскі, як абяцаў падчас выбарчай кампаніі.

Больш за ўсё пытаньняў у італьянцаў, якія спадзяваліся, што малады францускі лідэр надасьць аб’яднаньню новы імпульс ды саставіць канкурэнцыю на палітычнай арэне для Ангелы Мэркель. Апошнім часам Рым меў пэўныя прэтэнзіі да Бэрліну. Перш за ўсё, гэта зьвязана з бюджэтнай эканоміяй, якую нямецкія ўлады навязваюць краінам ЭЗ.

Зараз жа на Апэнінах бачаць, што Макрон, які раней выступаў за больш сьціслую інтэграцыю, часта ігнаруе пазыцыю эўрапейскіх партнэраў, гаворыцца ў матэрыяле. Аналітыкі адзначаюць, што палітык сканцэнтраваны на тым, каб павысіць ролю Парыжа не на кантынэнце, а ў сьвеце. У тым ліку, як міратворцы.

Пра гэта сьведчаць нядаўнія візыты Дональда Трампа й Уладзімера Пуціна ў сталіцу Францыі, а таксама сустрэчы з кіраўнікамі Палестыны ды Ізраіля. Акрамя таго, Макрон вёў перамовы з бакамі ўзброенага канфлікту ў Лівіі. Рым не хавае свайго незадавальненьня тым фактам, што пры гэтым францускі прэзыдэнт не кансультаваўся з італьянскім урадам. Менавіта празь Лівію праходзіць найвялікшы міграцыйны шлях у Эўропу, а Апэніны як ніхто іншы пакутуюць ад хвалі нелегалаў.

На дадатак – днямі паміж Парыжам ды Рымам узьнікла яшчэ адна спрэчка. Макрон заблякаваў продаж большай часткі акцыяў вэрфі ў Сэн-Назар італьянскай кампаніі. Замест гэтага францускае кіраўніцтва вырашыла нацыяналізаваць прадпрыемства.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт