«Сяброўства» паміж аўтарытарным кіраўніком Беларусі й прэзыдэнтам Украіны, які заяўляе пра адданасьць дэмакратычным каштоўнасьцям, можа падавацца парадаксальным. Аднак спрошчаныя палітычныя клішэ не адлюстроўваюць складаных адносінаў дзвюх краінаў – піша ў сваім новым артыкуле аналітык Цэнтру Астрагорскага Ігар Губарэвіч. 2017 год прынёс актывізацыю беларуска-ўкраінскіх стасункаў. Навошта Менску патрэбны Кіеў і навошта Кіеву патрэбны Менск? Ці з дапамогуць украінскія вытворцы беларускім прадпрыемствам выйсьці на эўрапейскія рынкі? Як Аляксандру Лукашэнку ўдаецца сваім сяброўствам з Украінай не раззлаваць Маскву? На гэтыя тэмы з Ігарам Губарэвічам размаўляе Аляксандар Папко.
Нягледзячы на тое, што Кіеў знаходзіцца ў стане неаб’яўленай вайны з Расеяй, а беларускае кіраўніцтва прадстаўляе сябе як галоўнага саюзьніка Масквы, Беларусь і Ўкраіна проста асуджаныя на супрацоўніцтва – лічыць аналітык Цэнтру Астрагорскага Ігар Губарэвіч.
Дзьве дзяржавы маюць супольную мяжу працягласьцю ў тысячу кілямэтраў. Украіна зьяўляецца другім па велічыні гандлёвым партнэрам Беларусі, а Беларусь для Ўкраіны – чацьвёртым. Падчас беларуска-ўкраінскага бізнэс-форуму, які прайшоў у ліпені, фірмы з дзьвюх краінаў падпісалі кантрактаў па пастаўцы грузавых аўтамабіляў, нафтапрадуктаў і ўгнаеньняў на 68 мільёнаў даляраў. Беларусь і Ўкраіна плянуюць актывізаваць супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі.
Аднак галоўная эканамічная прынада для кіраўніцтва Беларусі заключаецца ў магчымасьці стварыць ва Ўкраіне сумесныя прадпрыемствы й выйсьці на эўрапейскія рынкі.
Ігар Губарэвіч: Калі значная частка камплектуючых тавараў будзе паходзіць з Украіны, то, згодна з Дамовай аб асацыяцыі Украіны і ЭЗ, гэтыя тавары атрымаюць доступ да рынку Эўрапейскага зьвязу. Гэта цікава як Беларусі, так і Ўкраіне. Для беларускіх вытворцаў гэта – пашырэньне рынку збыту. Для ўкраінскіх – стварэньне новых месцаў працы. У сваю чаргу, украінскія вытворцы зацікаўленыя ў тым, каб празь Беларусь патрапіць на рынак Эўразійскай эканамічнай супольнасьці.
Другое стратэгічнае для Менска пытаньне – гэта пастаўка нафты на беларускія НПЗ праз тэрыторыю Ўкраіны. Размовы пра актывізацыю нафтаправоду Броды-Мазыр ідзе ўжо каля 10 гадоў. Яны ажыўляюцца падчас расейска-беларускіх энэргетычных спрэчак і заціхаюць, калі гэтыя канфлікты вырашаюцца.
Дастаўляць малыя партыі азэрбайджанскай нафты ў Мазыр пакуль таньней па чыгунцы. Але Менск не забываецца пра ўкраінскі нафтаправод і трымае гэты шлях «на чорны дзень».
Ігар Губарэвіч: Пакуль галоўнае пытаньне заключаецца ў эканамічнай мэтазгоднасьці. Трэба добра пралічыць закупачныя кошты іранскай ці азэрбайджанскай нафты й кошты яе дастаўкі. Аднак ужо падпісанае пагадненьне паміж адпаведнымі кампаніямі Ўкраіны і Беларусі. Таму праект эксплюатацыі нафтаправоду знаходзіцца ў высокай стадыі гатоўнасьці.
Яшчэ напрыканцы 2014 году кіраўнікі Беларусі і Ўкраіны заяўлялі, што ў беларускіх кабэльных сетках хутка зьявіцца ўкраінскі тэлеканал. Ён дазволіў бы зьменшыць дамінацыю расейскіх СМІ ў беларускай мэдыяпрасторы, а разам з тым аслабіць уплыў расейскай нацыяналістычнай прапаганды на беларускіх грамадзянаў.
Зь іншага боку, на ўкраінскім тэлеканале непазьбежна б зьяўлялася крытыка беларускіх уладаў. Па гэтай прычыне Менск пакуль не не дае дазволу на трансьляцыю – лічыць Ігар Губарэвіч.
Ігар Губарэвіч: Думаю, ідзе складаны працэс узгадненьня паміж рознымі ведамствамі. Ведамства, якое адказвае за пытаньні дзяржаўнай бясьпекі, мае адно меркаваньне, міністэрства інфармацыі – другое. Міністэрства замежных справаў – трэцяе. Перад тым, як кіраўніку краіны пакладуць на стол праект рашэньня, ён пройдзе цэлы шэраг узгадненьняў. Чым гэты працэс скончыцца й калі ён скончыцца – мы ня ведаем. Хацелася б быць аптымістам. Канешне нядрэнна было б мець у Беларусі ўкраінскі тэлеканал.
Украіне жыцьцёва важна атрымаць ад Менска гарантыі, што ў выпадку буйнамаштабнай вайны ён не прапусьціць расейскія войскі праз сваю тэрыторыю. Аляксандар Лукашэнка мае цьвёрды намер заставацца нэўтральным. Аднак як будзе паводзіць сябе беларускае кіраўніцтва, калі на яго моцна націсьне Крэмль, сказаць цяжка – кажа Ігар Губарэвіч.
Ігар Губарэвіч: Цяжка сказаць, што зробіць Аляксандар Лукашэнка, калі Расея паставіць яго перад фактам і прыме сілавое рашэньне. Цалкам адмаўляць такі сцэнар немагчыма. Зразумела, што ў Беларусі мала шанцаў супрацьстаяць расейскай агрэсіі, калі Крэмль прыме рашэньне напасьці на Ўкраіну праз тэрыторыю Беларусі.
Якім чынам Аляксандру Лукашэнку ўдаецца захаваць добрыя адносіны і з Расеяй, і з Украінай? Ён праводзіць надзвычай асьцярожную дыпляматыю, і ўважліва сочыць за сваімі словамі – канстатуе Ігар Губарэвіч.
Аляксандар Лукашэнка сьвядома пазьбягае сытуацыяў, якія могуць выклікаць крытыку расейскіх дзяржаўных СМІ й чыноўнікаў. Ён ніколі не робіць публічных выказваньняў, якія могуць быць расцэненыя як адназначна праўкраінскія. Нават падчас нядаўняга візыту ў Кіеў Лукашэнка казаў пра «цывілізацыйнае адзінства» Ўкраіны, Беларусі й Расеі, а імя Пятра Парашэнкі прыгадваў у пары зь іменем Уладзімера Пуціна.
Лукашэнка падкрэсьлівае, што адносіны з Украінай абмяжоўваюцца да гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Аднак відавочна, што нават звычайнае эканамічнае супрацоўніцтва ўзмацняе магчымасьці як Кіева, так і Менска супрацьстаяць ціску Расеі – мяркуе беларускі аналітык.
Аляксандар Папко