Logo Polskiego Radia
Print

Нарколяг: любыя абмежаваньні прынясуць карысьць у барацьбе зь нікатынам

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 31.07.2017 16:38
  • цыгарэты.mp3
Пасьля грамадзкага абмеркаваньня ў краіне працягваецца праца над праектам антытытунёвага дэкрэту.
pixabay.com/Public Domain CC0

Змагацца зь нікатынавай залежнасьцю беларусаў зьбіраюцца радыкальнымі мэтадамі. Пасьля грамадзкага абмеркаваньня ў краіне працягваецца праца над праектам антытытунёвага дэкрэту. На днях стала вядома – Міністэрства аховы здароўя вырашыла прапанаваць новыя абмежаваньні.

Адкрытае абмеркаваньне дакумэнту скончылася ў першай палове чэрвеня. Цягам месяцу свае камэнтарыі і прапановы адносна праекту пакінулі каля шасьцісот чалавек. Сярод ініцыятываў, зь якімі па выніках выступіла профільнае ведамства – забарона курэньня тытуню ў лёджыях ды на бальконах кватэраў, а таксама на прылеглых да жылых дамоў тэрыторыях. Як адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя, менавіта такія нормы жыхары краіны прапаноўвалі часьцей за ўсё.

Пра апраўданасьць гэтых мераў мы паразмаўлялі з урачом-псыхіятрам, нарколягам Уладзімерам Івановым. Паводле спэцыяліста, падобныя крокі дзяржавы ня будуць празьмерна жорсткімі. Наадварот – любыя абмежаваньні, якія тычацца курэньня, прынясуць карысьць. Асабліва калі браць пад увагу маштабы нікатынавай залежнасьці ў Беларусі.

Уладзімер Іваноў: Думаю, што гэта не занадта жорсткія меры. І, на маю думку, гэтае пытаньне павінна быць перададзена на разгляд мясцовых органаў улады. Камусьці гэта зручна, камусьці – не. Усім дагадзіць складана. Але жыцьцё ўсё расстаўляе на свае месцы. Недзе нешта адбываецца, рэгулюецца, а потым выраўноўваецца. Я ў гэтым ня бачу ніякай вялікай праблемы. Курэньне, сапраўды, забівае ў Беларусі дзесяткі тысячаў чалавек штогод. Толькі ад раку лёгкіх у краіне штогод памірае 15-17 тысяч чалавек. А рак лёгкіх наўпрост асацыюецца з курэньнем тытуню. Так што ў пляне дэпапуляцыі нават наркаманія ды СНІД прыносяць значна меншую шкоду. А калі камусьці будзе нязручна – што ж зробіш? На маю думку, лякальныя ўлады павінныя дамаўляцца з насельніцтвам. Можа, нават на ўзроўні раёнаў. Дзяржава, з майго пункту гледжаньня, павінна прымаць нейкі рамачны закон і перадаваць яго ўніз на разгляд канкрэтнай меры ў межах прапанаванага фармату.

У якасьці прыкладу Ўладзімер Іваноў прывёў Швэцыю, дзе пытаньне аб пэўных абмежаваньнях прымаюць менавіта мясцовыя ўлады. Як сьведчаць дадзеныя статыстыкі, сёньня курыць амаль кожны трэці дарослы жыхар Беларусі. Паўплываць на сытуацыю стваральнікі дакумэнту зьбіраюцца, у тым ліку, значна пашырыўшы сьпіс месцаў, вольных ад нікатыну. Аўтары ўжо даўно прапануюць цалкам забараніць курэньне на прыпынках грамадзкага транспарту, у пераходах мэтро, на дзіцячых пляцоўках, ва ўстановах фізычнай культуры й спорту. Гэта ж тычыцца аўтамабіляў, калі ў салёне знаходзяцца асобы, якім яшчэ няма 14 гадоў. Сур’ёзныя абмежаваньні таксама закрануць аб’екты харчаваньня й гандлю. Як адзначыў Уладзімер Іваноў, пры распрацоўцы антытытунёвага дэкрэту варта ўзяць пад увагу яшчэ адзін істотны момант.

Уладзімер Іваноў: Вырабнікі тытуню не ўказваюць, якія дадаткі яны выкарыстоўваюць. То бок, курцы ня ведаюць, што яны набываюць. Сучасныя цыгарэты выпускаюцца зь вялікай колькасьцю розных рэчываў, так званых «соўсаў». 40 гадоў таму тытунь быў чысты. А зараз дадаюцца інгрэдыенты, каб цыгарэты лепей гарэлі, каб яны не згасалі, каб хутчэй курыліся (чым хутчэй курыцца цыгарэта, тым хутчэй чалавек возьме другую). Ёсьць меркаваньне аб тым, што вырабнікі дадаюць у «соўсы» рэчывы, што паскараюць залежнасьць. Я шматразова зьвяртаў сваю ўвагу нашай санэпідслужбы, Міністэрства аховы здароўя на гэта, але ніхто, наколькі я ведаю, гэтым не займаўся. З майго пункту гледжаньня, гэтыя рэчы павінны быць цалкам адкрытыя. То бок, каб ацаніць небясьпеку, спажыўцы павінныя ведаць, якія рэчывы ўваходзяць у склад гэтых дадаткаў. А самі рэчывы павінныя жорстка кантралявацца санэпідслужбай.

Чарговае важнае пытаньне, на якое зьвяртаюць увагу спэцыялісты, зьвязанае з выкарыстаньнем электронных цыгарэтаў. Зацікаўленыя ведамствы настойваюць, каб такія прылады распаўсюджваліся на тых жа падставах, што й звычайныя тытунёвыя вырабы. То бок, без рэклямы, у спэцыяльна прызначаных месцах. Парагенэратары не павінныя выстаўляцца на прылаўкі. А набываць іх змогуць выключна паўналетнія пакупнікі. Больш за тое – у 2019-м годзе дзяржава атрымае выключныя правы на імпарт вадкасьцяў для курэньня. Камэнтуючы такія меры, Уладзімер Іваноў падкрэсьліў – рынак электронных цыгарэтаў павінен пільна кантралявацца ўладамі. А вось забараняць так званыя «вэйпы» ня варта.

Уладзімер Іваноў: У чым небясьпека? Справа ў тым, што мы ня ведаем, што будзе дададзена ў цыліндрык, дзе знаходзіцца гэтая вадкасьць. Я думаю, што туды можна дадаць усё, што заўгодна, практычна любы наркотык. Прасьцей за ўсё – сынтэтычныя канабіноіды, то бок, спайс. А здавалася б, ты сядзіш на лаўцы, курыш электронную цыгарэту. Побач праходзіць міліцыянт, ён бачыць, што гэта не «касячок» у цябе ў руках, і нічога зрабіць ня можа. Якія падставы? Але разам з тым, я лічу, што ў межах сыстэмы аховы здароўя ды аптэчнай сеткі гэтыя прылады патрэбныя. Дзякуючы ім, частка курцоў, бясспрэчна, можа зьнізіць спажываньне тытуню ці ўвогуле кінуць курэньне. Я лічу, што электронныя цыгарэты можна было б выкарыстоўваць пад жорсткім кантролем дзяржавы, рэкамэндуючы тым курцам, якія самі ня ў стане кінуць курыць.

Нагадаем, праца над антынікатынавым дэкрэтам у Беларусі пачалася некалькі гадоў таму. Першы варыянт дакумэнту Міністэрства аховы здароўя прапанавала яшчэ ў 2013. Прыняцьце праекту неаднаразова адкладалася. Варта заўважыць, што супраць дэкрэту выступаюць многія курцы. У абмежаваньнях яны бачаць парушэньне сваіх канстытуцыйных правоў.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт