Расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» будуць максымальна адкрытымі для замежных назіральнікаў – абяцаюць беларускія ўлады. Пры гэтым маштабныя манэўры па-ранейшаму выклікаюць занепакоенасьць усіх заходніх суседзяў Беларусі. Невядомым застаюцца сцэнар вучэньняў і колькасьць расейскіх жаўнераў, якія будуць у іх удзельнічаць. Ці абгрунтаваная трывога Кіева, Варшавы, краінаў Балтыі ды Брусэля? Ці прысутнасьць замежных назіральнікаў гарантуе поўную празрыстасьць? На гэтыя пытаньні нам адказваюць беларускія вайсковыя аглядальнікі Аляксандар Алесін і Аляксандар Гелагееў.
На вучэньні «Захад-2017» запросяць рэкордную колькасьць назіральнікаў – заявіў у чацьвер на нарадзе з кіраўніцтвам Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі Аляксандар Лукашэнка.
Беларусь і Расея праводзяць маштабныя манэўры «Захад» кожныя 4 гады, пачынаючы з 2009 году. Як у першых, так і ў другіх вучэньнях прымалі ўдзел больш за 12 тысячаў вайскоўцаў, прычым каля 10 тысячаў зь іх былі беларускімі ваеннаслужачымі.
Расейска-беларускія манэўры традыцыйна выклікаюць трывогу суседзяў. У 2009 годзе эўрапейская прэса паведамляла, што сцэнарам вучэньняў «Захад» зьяўляецца акупацыя так званага «Сувальскага калідору» й адсячэньне краінаў Балтыі ад саюзьнікаў па NATO. Польскі часопіс Wprost і брытанская газэта The Thelegraph пісалі, што расейская і беларуская арміі трэніраваліся нанесьці ядзерны ўдар па Варшаве.
У 2013 годзе расейскае міністэрства абароны заявіла, што мэтай чарговых вучэньняў было зьнішчэньне «бандфармаваньняў», якія, паводле сцэнару, праніклі на тэрыторыю Беларусі й атрымлівалі падтрымку звонку.
Пасьля таго, як Расея анэксавала Крым і пачала вайну ў Данбасе, да маштабных вучэньняў ля межаў Польшчы, краінаў Балтыі і Ўкраіны пачалі адносіцца зь яшчэ большым недаверам. Пляну манэўраў «Захад-2017» ня ведае ніхто. Беларускія ўлады толькі заяўляюць, што яны будуць мець «абарончы, а не наступальны характар».
Беларускі вайсковы аглядальнік Аляксандар Алесін лічыць, што беларускія й расейскія вайскоўцы наўрад ці калі-небудзь адпрацоўвалі сцэнары, кшталту імітацыі ядзернага ўдару па Варшаве. Галоўнае ў вучэньнях «захад» нават ня іх сцэнар, а сама лягістыка – мяркуе экспэрт. Крэмль праводзіць вучэньні «Захад-2017», каб патрэніравацца хутка даставіць расейскія войскі ў Беларусь.
Аляксандар Алесін: На папярэдніх вучэньнях былі сур’ёзныя нараканьні. Справа дахадзіла да таго, што расейскія часткі спазьняліся на вучэньні, зацягвалі пагрузку ў эшэлёны. У выпадку рэальнага канфлікту іх бы даўно разьбілі крылатымі ракетамі на пунктах пагрузкі альбо ў месцах разьмяшчэньня. Таму лягістыка – гэта вельмі важны і складаны элемэнт. Таксама будуць трэніраваць узаемадзеяньне і баявое заладжваньне расейскіх і беларускіх войскаў, каб пазьбегнуць усялякіх казусаў.
Вучэньні «Захад-2017» неаднаразова абмяркоўваліся на сустрэчах краінаў NATO. Свой непакой з нагоды расейска-беларускіх манэўраў выказвалі кіраўнікі балтыйскіх краінаў, міністэрства абароны Ўкраіны. Гэтыя вучэньні абмяркоўвалі падчас нядаўняй сустрэчы прэзыдэнты Польшчы й ЗША.
Каб разьвеяць трывогу, на сёлетнія вучэньні Менск запрасіў каля 80 назіральнікаў. Гэта прадстаўнікі NATO, АБСЭ, ААН і СНД. Замежныя вайскоўцы змогуць убачыць усё, што будзе адбывацца на тэрыторыі Беларусі – лічыць Аляксандар Алесін.
Аляксандар Алесін: Афіцыйна зарэгістраваныя назіральнікі змогуць прысутнічаць у любой кропцы, у якой ім захочацца. Афіцыйна запрошаны і генсек NATO Енс Столтэнбэрг, і высокапастаўленыя военачальнікі. Таму, я думаю, ім пакажуць усё, што яны захочуць. Аднак усяго яны, канешне, ня ўбачаць. Існуе вельмі шмат дэталяў і дробных момантаў, якія яны наўрад ці будуць у стане ахапіць. Правядзеньне «Захад-2017» стала пытаньнем, якое абмяркоўваецца на самым высокім узроўні. Таму я думаю, што вучэньні будуць празрыстымі.
Пры гэтым расейскае кіраўніцтва не сьпяшаецца раскрываць пляны вучэньняў заходнім палітыкам і прэсе. Калі Менск усімі спосабамі стараецца захаваць добрыя адносіны з Захадам, то Масква жадае паказаць сілу і патрымаць Захад у напружаньні – мяркуе вайсковы аглядальнік газэты «Наша Ніва» Аляксандар Гелагееў.
Аляксандар Гелагееў: Менск стараецца паказаць заходнім суседзям, што гэтыя вучэньні не прадугледжваюць варожых дзеяньняў супраць Захаду. А Масква, як мне падаецца, хоча папсаваць адносіны паміж Менскам і Захадам.
Колькі расейскіх жаўнераў прыбудзе ў Беларусь? На думку Аляксандра Алесіна, на вучэньні «Захад-2017» прыедуць ня больш за 4 тысячы расейскіх вайскоўцаў. Такім чынам, колькасьць войскаў, задзейнічаных у манэўрах, складзе каля 15 тысячаў чалавек. Яна ня будзе моцна адрозьнівацца ад колькасьці вайскоўцаў, задзейнічаных у манэўрах 2009 і 2013 гадоў.
Аляксандар Алесін: Нават роту, нават узвод танкаў схаваць ад сродкаў спадарожнікавай выведкі немагчыма. Усё, што будзе адбывацца ў Беларусі, будзе кантралявацца сродкамі спадарожнікавай выведкі. Непрыкметна выслаць сюды нейкія дадатковыя войскі, тым больш замест 3 тысячаў – 100 тысяч – немагчыма. Акрамя таго, каб даставіць дадатковыя войскі трэба будзе зьмяніць расклад цягнікоў, задзейнічаць дадатковыя эшэлёны і дадатковыя пагрузачныя ды разгрузачныя пляцоўкі. Гэта вельмі складаны працэс, схаваць які ў сучасных умовах немагчыма.
Такім чынам, ня варта асьцерагацца, што вучэньні «Захад-2017» прывядуць да агрэсіі Расеі супраць Беларусі, Украіны ці краінаў. На думку Аляксандра Алесіна, Маскве важна ня столькі рэалізаваць сцэнар манэўраў, колькі павучыцца перакідваць свае войскі на Захад.
Запрашэньне заходніх назіральнікаў павінна крыху разрадзіць напружаную атмасфэру, аднак не гарантуе поўнай празрыстасьці вучэньняў – кажа на завяршэньне Аляксандар Алесін. «Усё тое, што Менск і Масква не захочуць паказаць заходнім назіральнікам, будзе адпрацоўвацца на расейскіх палігонах», – зазначае экспэрт.
Аляксандар Папко