Logo Polskiego Radia
Print

Актывісты рыхтуюць пэтыцыю супраць аднаўленьня шляху па Прыпяці

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 26.07.2017 19:31
  • водны шлях.mp3
Паводле эколягаў, маштабны праект прадстаўляе вялікую пагрозу для ўнікальнай палескай прыроды.
Гружаная вугалем баржа на Глівіцкім канале Гружаная вугалем баржа на Глівіцкім канале commons.wikimedia.org/Adam Dziura/CC BY-SA 2.5

Пэтыцыя супраць аднаўленьня воднага шляху Е-40, што мае злучыць Чорнае мора з Балтыйскім, можа быць пададзеная ўжо ў гэты чацьвер. Гэтага не выключаюць аўтары звароту. Маштабны міжнародны праект, удзел у якім зьбіраюцца ўзяць Беларусь, Польшча ды Ўкраіна, выклікае сур’ёзную занепакоенасьць у эколягаў. Сур’ёзныя хібы ў ім бачаць незалежныя эканамісты. А вось каардынатары сьцьвярджаюць – хвалявацца пакуль няма за што.

Пэрспэктывы воднага шляху з поўначы на поўдзень працягласьцю больш за дзьве тысячы кілямэтраў прадстаўнікі трох краінаў абмяркоўваюць ужо не першы год. Паводле аўтараў праекту, праходзіць магістраль (як і два стагодзьдзі таму) павінна па Вісьле, Заходняму Бугу, Мухаўцы, Днепра-Бугскім канале, Піне, Прыпяці й Дняпры.

Аб’ём інвэстыцыяў ацэньваецца прыкладна ў 12 мільярдаў эўра. Асноўную частку плянуецца прызначыць на польскі адрэзак шляху. Беларускі жа, па прыкладных падліках, будзе патрабаваць каля 200 мільёнаў. На гэтыя грошы зьбіраюцца, між іншым, паглыбляць рэчышчы, ды ўзводзіць дадатковыя інжынэрныя збудаваньні, дзякуючы чаму па гэтым шляху змогуць курсіраваць грузавыя караблі. У ліку перавагаў перад сухапутнымі шляхамі аўтары называюць магчымасьць транспартаваць вялікія партыі тавараў зь нізкімі затратамі паліва.

Тым часам, у мэтазгоднасьці праекту сумняюцца эканамісты. Акупіць інвэстыцыі будзе вельмі складана. Да такой высновы па выніках грунтоўнага аналізу прыйшлі экспэрты Бізнэс-саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага. Кажа прэс-сакратар арганізацыі, намесьнік галоўнага рэдактара штотыднёвіка «Белорусы и рынок» Алесь Герасіменка.

Алесь Герасіменка: Ёсьць цэлы набор фактараў, па якіх водны шлях ня зможа паўнавартасна канкураваць з аўтамабільнымі й чыгуначнымі перавозчыкамі. Ён увогуле ня будзе цікавы большасьці суб’ектаў гаспадараньня. Ёсьць абмежаваная намэнклятура тавараў, якія могуць быць гіпатэтычна цікавыя для перавозкі (калійныя ўгнаеньні, нафтапрадукты ці будаўнічы шчэбень). Але нават калі казаць пра транспартыроўку гэтых тавараў, ня ўсё так адназначна. Ужо ўстаяліся схемы дастаўкі, і ня факт, што гэты шлях будзе запатрабаваны нават для гэтай групы тавараў. Мы бачым рызыку, што не атрымаецца акупіць нават тыя выдаткі, якія будуць патрэбныя для падтрымкі інфраструктуры. Адпаведна, узьнікае верагоднасьць таго, што гэтыя выдаткі мусіць несьці дзяржаўны бюджэт.

Меркаваньне беларускіх спэцыялістаў падзяляюць многія польскія экспэрты. Сваю занепакоенасьць выказваюць эколягі. Маштабныя будаўнічыя працы будуць азначаць сьмерць для Палесься, сьцьвярджаюць яны. У Беларусі стартавала ініцыятыва «Стоп Е-40», якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў грамадзкасьці. Яны плянуюць весьці размовы з насельніцтвам і зьбіраць подпісы. Акрамя таго, актывісты хочуць падаць пэтыцыю супраць аднаўленьня воднага шляху. Сваю пазыцыю нам патлумачыў дырэктар грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі.

Аляксандр Вінчэўскі: Мы вельмі заклапочаныя дэградацыяй Прыпяці, якой пагражае гэты шлях. Зараз мы маем тэхніка-эканамічнае абгрунтаваньне, якое было зроблена амаль за мільён эўра Марскім інстытутам у Гданьску. Там прадугледжваецца плянаваньне 6 ці 7 шлюзаў на Прыпяці, а таксама прамываньне ракі. І паколькі гэты шлях мусіць быць прызначаны для судоў «рака-мора», якія ніколі не хадзілі па Прыпяці, гэта прывядзе да значнага паглыбленьня, то бок буйнага ўмяшаньня ў натуральныя працэсы, якія адбываюцца ў пойме Прыпяці. Шлях Е-40 праходзіць па тэрыторыях міжнароднага значэньня. Маю на ўвазе Рамсарскія тэрыторыі. Гэта Нацыянальны парк «Прыпяцкі», заказьнік «Сярэдняя Прыпяць». Побач з Прыпяцьцю знаходзіцца некалькі іншых тэрыторый міжнароднага значэньня. Іх толькі на беларускім адрэзку больш за 10. Палеская нізіна – адна з самых значных прыродных тэрыторый Беларусі.

Пазыцыю эколягаў у размове з намі пракамэнтаваў Іван Шчадронак – кіраўнік фонду «Интеракция», партнэр Камісіі па пытаньнях разьвіцьця воднага шляху. Па словах дырэктара арганізацыі, грунтоўная ацэнка праекту на дзяржаўным узроўні яшчэ наперадзе. Таму рабіць нейкія высновы пакуль заўчасна.

Іван Шчадронак: Напрыканцы праекту ў межах працы Камісіі па пытаньнях разьвіцьця Е-40 была прынятая рэзалюцыя аб тым, што да таго моманту, калі будзе прымацца рашэньне наконт плянаваньня ўзнаўленьня гэтага воднага шляху, павінна быць праведзеная паўнавартасная ацэнка ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе. І бяз гэтай ацэнкі далейшая праца ды абмеркаваньне тэмы працягвацца ня можа. Я падзяляю занепакоенасьць эколягаў, паколькі яснасьці ў тэхніка-эканамічным абгрунтаваньні і дакладнай ацэнкі ўзьдзеяньня няма. Зь іншага боку, тая занепакоенасьць, якую выказваюць эколягі, не пацьверджаная дасьледаваньнямі. На маю думку, для таго каб рабіць такія гучныя заявы, патрэбны грунтоўны аналіз узьдзеяньня на асяродзьдзе. Павінна адбыцца шырокае абмеркаваньне з удзелам усіх зацікаўленых бакоў. У тым ліку – інстытутаў ды арганізацыяў, што займаюцца аховай навакольнага асяродзьдзя.

Як вынікае са словаў нашага суразмоўцы, канчатковы лёс праекту да канца не вырашаны. Зараз дэталі абмяркоўваюцца на міністэрскім узроўні – з удзелам прадстаўнікоў профільных ведамстваў Беларусі, Польшчы ды Ўкраіны.

Васіль Садоўскі

слухайце далучаны гукавы файл

фота мае ілюстрацыйны характар

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт