Logo Polskiego Radia
Print

Над базай дадзеных пэдафілаў ды маньякаў працуюць у Польшчы

PR dla Zagranicy
Vasil Sadouski 24.07.2017 19:07
Плянуецца, што рэестар пачне сваю дзейнасьць праз паўгады.
pixabay.com/Public Domain/CC0

Над базай дадзеных пэдафілаў ды маньякаў працуюць у Польшчы. Плянуецца, што рэестар пачне сваю дзейнасьць праз паўгады, паведамляе сёньня Dziennik Gazeta Prawna. Праектам займаецца Камітэт лічбавых тэхналёгіяў.

Паводле аўтараў, у агульны доступ маюць трапіць прозьвішчы, фотаздымкі злачынцаў, а таксама назвы населеных пунктаў, дзе яны жывуць. Акрамя таго, будзе другая частка рэсурсу з поўным адрасам асобы, асуджанай за злачынства на сэксуальнай глебе. Скарыстацца гэтай інфармацыяй змогуць суды, пракуратуры, паліцыя і іншыя службы. Экспэрты прагназуюць мільёны запытаў штогод. У тым ліку, ад працадаўцаў ды ўстановаў, што працуюць зь дзецьмі.

Як сьцьвярджае выданьне, ідэя ўжо выклікала спрэчкі. Прычым, ня толькі ў польскім грамадзтве, але і ў самім Міністэрстве юстыцыі. Тычацца яны, у тым ліку высокіх коштаў – стварэньне базы ацанілі ў 2 мільёны злотых (гэта каля 550 тысячаў даляраў). Яшчэ мільён злотых будуць штогод накіроўваць на абслугоўваньне рэестру. Другі момант, які будзіць занепакоенасьць – гэта магчымасьць неабмежаванага й некантраляванага доступу да пэрсанальных дадзеных грамадзянаў.

Як адзначаюць у Польскім таварыстве сэксолягаў, непублічная частка рэестру сапраўды патрэбная для органаў, зьвязаных з сыстэмай правасудзьдзя. А вось з агульнадаступнай могуць узьнікнуць праблемы. Вопыт іншых краінаў паказвае, што падобныя рэсурсы не ўплываюць на колькасьць рэцыдываў ды не зьяўляюцца стрымальным фактарам. Акрамя таго, у асобаў, якія пажыцьцёва будуць знаходзіцца ў рэестры, менш шансаў вярнуцца ў грамадзтва, падкрэсьліваюць спэцыялісты.

св

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт