Год пасьля рэфэрэндуму па выхадзе Вялікабрытаніі з Эўрапейскага зьвязу й месяц пасьля таго, як нарэшце пачаліся перамовы па Брэксіце, экспэрты пачалі даваць першыя ацэнкі перамоўнаму працэсу. Ці пасьпее Брытанія пакінуць Эўразьвяз за 2 гады? Якія вынікі прынесла Лёндану рашэньне пакінуць аб’яднаную Эўропу? Ці Брэксіт аслабіў Эўрапейскі зьвяз? На гэтыя тэмы мы размаўляем зь беларускім мэдыяаналітыкам з Лёндану, дасьледчыкам East Center Аляксаеем Лявончыкам.
27 сакавіка брытанскі ўрад афіцыйна заявіў пра пачатак працэдуры выхаду з Эўрапейскага зьвязу. Згодна з артыкулам 50 Дамовы аб функцыянаваньні Эўрапейскага зьвязу, перамовы павінныя быць завершаныя праз 2 гады. 19 чэрвеня адбылася першая сустрэча паміж прадстаўнікамі Эўразьвязу і Вялікабрытаніі па справах Брэксіту. Перамовы па выхадзе Брытаніі з ЭЗ нарэшце пачаліся.
Іх вынікам павінна стаць новая дамова, якая акрэсьліць стасункі паміж Лёнданам і Брусэлем. Новы дакумэнт павінныя будуць зацьвердзіць 20 з 27 краінаў Эўразьвязу, у якіх пражываюць 65% насельніцтва аб’яднанай Эўропы (без удзелу Вялікабрытаніі).
Як пішуць экспэрты з Польскага інстытуту міжнародных справаў, на перамовах абмяркоўваюцца тры галоўныя пытаньні. Першае – гэта правы грамадзянаў Эўразьвязу ў Вялікабрытаніі. Брусэль жадае, каб грамадзяне краінаў ЭЗ мелі ў Брытаніі такія ж правы на сацыяльную дапамогу, адукацыю й ахову здароўя, як самі брытанцы. У адваротным выпадку, Брытанскіх вытворцаў не дапусьцяць да агульнага рынку Эўрапейскага зьвязу.
Другое пытаньне – гэта фінансавыя абавязацельствы Лёндану. Брусэль жадае, каб Брытанія выконвала ранейшыя дамовы й працягнула плаціць грошы ў бюджэт Эўразьвязу да 2023 году. Нарэшце, трэцяе пытаньне – гэта ўрэгуляваньне мяжы паміж Паўночнай і Паўднёвай Ірляндыяй, якая стане новай мяжой Эўрапейскага зьвязу.
Якія шанцы таго, што дамова аб новых стасунках паміж Вялікабрытаніяй і Эўразьвязам будзе заключаная праз паўтара гады? Практычна ніякія – мяркуе лёнданскі мэдыяаналітык і супрацоўнік беларускага дасьледчага інстытуту East-Center Аляксей Лявончык.
Пакуль перамовы застопарыліся на першых двух пунктах, і невядома, ці дойдуць яны да трэцяга – кажа экспэрт.
Аляксей Лявончык: Калі Брытанія прапануе нешта абрэзанае, то і Эўрапейскі зьвяз прапануе нешта абрэзанае ўзамен. Калі Брытанія не пажадае захаваць грамадзянам Эўразьвязу ўсіх правоў, зьвязаных са свабодай перамяшчэньня й працаўладкаваньня, то брытанцы страцяць права свабодна жыць на ўсёй тэрыторыі Эўразьвязу. Напрыклад, брытанец, які пражывае ў Гішпаніі, ня зможа спакойна пераехаць у Францыю. Ён атрымае такое ж права на пастаяннае месца жыхарства, якое маюць грамадзяне дзяржаваў з па-за Эўразьвязу. Гэта значыць, ён зможа выяжджаць па-за межы адной эўрапейскай краіны на тэрмін ня большы за 90-180 дзён.
Якія эканамічныя вынікі прынёс Брэксіт? Праз год пасьля таго, як 52% удзельнікаў рэфэрэндуму ў Вялікабрытаніі прагаласавалі за выхад іх краіны з Эўразьвязу, эканамічнай катастрофы не наступіла. Аднак паток інвэстыцыяў і рабочай сілы ў Брытанію істотна скараціўся – кажа Аляксей Лявончык.
Аляксей Лявончык: Цяпер бізнэс складае пляны наконт таго, што рабіць у найгоршай сытуацыі. Шмат адміністратыўнай працы карпарацыі ўжо перанесьлі ў Дублін, Франкфурт, Варшаву. Напрыклад, бюджэтныя авіялініі easyJet зарэгістравалі фірму ў кантынэнтальнай Эўропе. Няпэўная сытуацыя нэгатыўна адбіваецца на курсе фунта, на інфляцыі. Брытанія афіцыйна зьяўляецца найбольш марудна растучай краінай сярод разьвітых дзяржаваў. Узровень інвэстыцыяў падае. Пасьля падзеньня фунта скарачаецца й міграцыя. У гэтым годзе ўпершыню амаль не назіраецца рэгістрацыі новага замежнага мэдпэрсаналу ў Нацыянальнай службе аховы здароўя, што для гэтай службы – вельмі дрэнны знак.
Год таму шматлікія камэнтатары ў самім Эўразьвязе і па-за ім палохалі грамадзянаў хуткім распадам аб’яднанай Эўропы. Брэксіт ня выклікаў «эфэкту даміно». Наадварот, Эўразьвяз сёньня выглядае нашмат больш кансалідаваным. У ім назіраецца эканамічны рост. Лёндан, Парыж, а ўсьлед за імі іншыя краіны ўзялі курс на ўзмацненьне эканамічнай інтэграцыі, стабілізацыю Эўразоны, стварэньне супольнай абароннай палітыкі.
Аляксей Лявончык: На мой погляд, выхад Вялікабрытаніі каталізаваў нармальныя непапулісцкія сілы. Стала зразумела, да чаго папулісты могуць давесьці краіну, калі даць ім паўнату ўлады. Можа быць, калі б не было Брэксіту, Макрон у Францыі б не перамог. Гэта адназначна сьцьвярджаць цяжка, але рашэньне брытанцаў пакінуць Эўразьвяз зьбеглася з пачаткам стабільнага эканамічнага росту ў ЭЗ. Чакаецца, што нават Грэцыя, якая была глыбока закапаная ў крызысе, праз год вернецца да росту. Пазытыўнае стаўленьне да Эўразьвязу сярод грамадзянаў таксама вырасла. Крызыс у Эўропе нарэшце скончыўся. Нарэшце Эўропа пачала нешта рабіць з бескантрольнай хваляй мігрантаў. Нарэшце Эўропу пачалі лепш прадстаўляць у СМІ.
Як будзе выглядаць Вялікабрытанія пасьля таго, як пакіне Эўрапейскі зьвяз? Хутчэй за ўсё, краіна застанецца надоўга замарожанай у пераходным пэрыядзе – мяркуе Аляксей Лявончык. Фармальна, яна выйдзе з Эўрапейскага зьвязу. Пры гэтым яна будзе выконваць усе яго дырэктывы, ня могучы ўплываць на прыняцьце рашэньняў – так як гэта сёньня робіць Швэйцарыя ці Нарвэгія.
«Варыянту выхаду з Эўрапейскага зьвязу, які быў бы карысны для Брытаніі, я ня бачу», – прызнаецца Аляксей Лявончык. Пры гэтым ён падкрэсьлівае, што вынікі перамоваў прагназаваць рана, бо працягнуцца яны не адзін год. «Брытанцы, галасуючы за Брэксіт, думалі, што яны пакідаюць тонучы карабель, а ў выніку карабель пайшоў далей, а яны пачалі тануць самі», – падсумоўвае гісторыю Брэксіту беларускі мэдыяэкспэрт.
Аляксандар Папко