Logo Polskiego Radia
Print

Мінфін рыхтуе даведнік для прадпрыемстваў, як правяраць бізнэс-партнэраў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.06.2017 12:34
Некаторыя сумленныя фірмы бываюць не па сваёй волі ўцягнутыя бізнэс-партнэрамі ў "карусель ПДВ".
pixabay.com / CCO Public Domain

Бізнэс-экспэрты разам зь Міністэрствам фінансаў Польшчы пішуць бюлетэнь з парадамі для прадпрыемстваў, як правяраць партнэраў, каб пазьбегнуць праблем.
Гаворка ідзе пра тое, што ў Польшчы да гэтага часу даволі распаўсюджаным быў спосаб фінансавых махінацый, які называецца «карусель ПДВ (падатку на дададзеную вартасьць)». Фінансавыя махляры такім чынам жангліруюць фактурамі, што ўдаецца ім дабіцца вяртаньня падатку ад дзяржавы за тавары або паслугі, якія на самой справе не былі ў абарачэньні.

Некаторыя сумленныя фірмы бываюць не па сваёй волі ўцягнутыя бізнэс-партнэрамі ў такую карусель – піша «Puls Biznesu». Калі фінансавая інспэкцыя ня можа дайсьці па ланцужку да несумленнай фірмы, яна можа накласьці штраф і патрабаваць вярнуць страты дзяржавы ў таго прадпрыемства, якое было несьвядома ўцягнутае ў злачынны працэс. Падатковая інспэкцыя можа абвінаваціць яго ў тым, што яно нестаранна правярала свайго партнэра.

І таму ўлады разам з экспэртамі вырашылі напісаць адмысловы даведнік, якім чынам ня даць сябе ўцягнуць у падатковую карусель. «Гэта вельмі добрая ініцыятыва, якая можа дапамагчы прадпрымальнікам лепш спраўджваць бізнэс-партнэраў і падрадчыкаў. Нашы экспэрты прадставяць міністэрству свае прапановы», – адзначае Эміль Муціньскі з Business Centre Club.

Барацьба з фінансавымі злачынцамі прыносіць ужо значныя вынікі – дадае «Dziennik Gazeta Prawna». Дзякуючы гэтаму дзяржава можа атрымаць нават на 15 млрд. злотых больш прыбытку з падатку ПДВ. Гэта дазволіць ураду поўнасьцю прафінансаваць рэформу паніжэньня пэнсійнага ўзросту, якая пачынае дзейнічаць з 1 кастрычніка. Сытуацыя дзяржаўнага бюджэту вельмі камфортная. У траўні дэфіцыт складаў толькі сымбалічныя 200 млн. злотых. Дзякуючы гэтаму Мінфін адмаўляецца ад плянаванага ўвядзеньня новых падаткаў, напрыклад, на крамы вялікіх гандлёвых сетак.

Puls Biznesu/Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт