Logo Polskiego Radia
Print

25-годзьдзе дыпляматычных адносін Польшчы і Беларусі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 21.06.2017 12:20
Супрацоўніцтва працягвалася да 2005 году, калі беларускія ўлады ініцыявалі падзел СПБ.
www.belta.by

Выданьне «Rzeczpospolita» піша пра 25-годзьдзе дыпляматычных адносін Польшчы і Беларусі. Спачатку гэтыя стасункі былі сапраўды добрасуседзкімі – прэзыдэнты краін сустракаліся ў Белавескай пушчы, частымі былі таксама перамовы дэпутатаў парлямэнтаў.

Супрацоўніцтва працягвалася да 2005 году, калі беларускія ўлады ініцыявалі падзел Саюзу палякаў у Беларусі і дэлегалізавалі яго незалежную частку. Былі канфіскаваныя 16 польскіх дамоў, якія зараз выкарыстоўваюцца галоўным чынам у камэрцыйных мэтах. Цяпер у падпольлі дзейнічае ня толькі СПБ, але таксама іншыя незалежныя арганізацыі. Нягледзячы на гэта, польскія дыпляматы некалькі разоў імкнуліся наладзіць адносіны, але заўсёды гэтыя спробы заканчваліся фіяскам.

Апошняя спроба аздаравіць кантакты мела месца ў мінулым годзе, калі Беларусь наведалі міністар замежных спраў Вітальд Вашчыкоўскі, а пазьней віцэ-прэм’ер Матэвуш Маравецкі і старшыня Сэнату Станіслаў Карчэўскі. Гэтыя візыты, аднак, не прынесьлі зьменаў у правах нацменшасьцяў. Пра польска-беларускія адносіны шмат гаворыць тое, што беларускія ўлады зьмяняюць Кодэкс аб адукацыі, у выніку чаго польскія школы могуць зьнікнуць. Сытуацыя палякаў у Беларусі пагаршаецца, – гаворыць польскі журналіст з Горадні Анджэй Пачобут.

На думку былога амбасадара Польшчы ў Беларусі Лешэка Шарэпкі, польская дыпляматыя павінна паставіць Лукашэнку канкрэтныя ўмовы. У панядзелак намесьнік міністра замежных спраў Барташ Ціхоцкі заўважыў, што па беларускім баку ёсьць жаданьне ўпарадкаваць некаторыя пытаньні ў польска-беларускіх адносінах. Раней такога жаданьня не было. Гаворка ідзе, між іншым, пра гістарычныя пытаньні, сталінскія злачынствы, якія ў Беларусі зьяўляюцца табу. Тэму згадвае толькі тэлебачаньне Белсат, якое змагаецца з фінансавымі цяжкасьцямі.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт