Logo Polskiego Radia
Print

Польшча – эўрапейскі гігант па вытворчасьці бытавой тэхнікі

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 16.05.2017 16:27
За 2016 год з канвэераў зьехала 22,4 млн адзінак бытавой тэхнікі.

У Польшчы працуе 26 заводаў па вытворчасьці бытавой тэхнікі. Сэктар інвэстуе ня толькі ў заводы, а таксама ў навуковыя дасьледаваньні і пашырэньне вытворчасьці.

За бліжэйшыя тры гады інвэстыцыі ў гэтую галіну будуць на ўзроўні 2 мільярдаў злотых. За 2016 год з канвэераў зьехала 22,4 млн адзінак бытавой тэхнікі. Сёлета бачны рост вытворчасьці ўжо на некалькі працэнтаў.

Вытворчасьць заводаў у Польшчы ў асноўным ідзе на экспарт. На замежныя рынкі паступае 80% вытворчасьці. Купляюць пераважна краіны Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, а Захад моцна запаволіў.

Свой новы завод у Польшчы ў 2020 годзе плянуе запусьціць нямецкі канцэрн Miele. Інвэстыцыя складзе 44 млн эўра, а працу атрымае 300 чалавек.

Фірма BSH, якая вырабляе тэхніку пад брэндамі Bosch i Siemens, у палове верасьня адчыніць ва Ўроцлаве два новыя заводы, дзе будуць вырабляцца кухонныя пліты і халадзільнікі. Патрабуецца 1 тысяча новых работнікаў. Кожны год заводы будуць выпускаць 2 млн новай тэхнікі.

Вялікія інвэстыцыі плянуе таксама ў Польшчы амэрыканскі канцэрн Whirpool, які паглынуў італьянскі Indesit. 300 млн эўра будуць укладзены ў заводы ў Лодзі і Ўроцлаве.

Польская фірма Amica, якая выпускае кухонныя пліты і духоўкі намерваецца павялічыць вытворчасьць з 1,6 млн адзінак да 2 млн штук у год. Канцэрн плянуе разбудаваць завод блізу мясцовасьці Вронкі.

Вытворцы бытавой тэхнікі разумеюць таксама патрэбы польскага ўнутранага рынку. Яны падкрэсьліваюць, што ў Польшчы ўсё лепш прадаюцца сушылкі і пасудамыйкі. Да таго ж польскі кліент, як і заходні, стаў большую ўвагу зьвяртаць на экалягічныя парамэтры – спажываньне вады, энэргіі, гучнасьць.

З канвэераў у Польшчы зьяжджае найбольш пральных машын, на другім месцы кухонныя пліты. Найбольшы вытворца – гэта канцэрн BSH.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт