Logo Polskiego Radia
Print

Польскія прафсаюзы прапануюць вялікую люстрацыю ў адміністрацыі

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 26.04.2017 15:12
Кожнага, хто працаваў да 1990 году ў органах бясьпекі, можна было б звольніць або прапанаваць яму горшую пасаду.
www.pixabay.com

Вялікая люстрацыя польскай адміністрацыі – паведамляе «Dziennik Gazeta Prawna». Прафсаюзы заклікаюць улады наладзіць шырокую акцыю праверкі дзяржчыноўнікаў. Кожнага, хто працаваў да 1990 году ў органах бясьпекі, гэта значыць, у міліцыі, службе бясьпекі, выведцы, контрвыведцы, а таксама вайсковых спэцслужбах, можна было б звольніць або прапанаваць яму горшую пасаду.

Па інфармацыі прафсаюзу Салідарнасьць, такіх людзей з сарамлівым мінулым у адміністрацыі каля 40 тыс. Кіраўнік польскай сэкцыі супрацоўнікаў урадавай і муніцыпальнай адміністрацыі прафсаюзу «Салідарнасьць» Робэрт Барабаш заявіў, што яго арганізацыя намераная зьвярнуцца да прэм’ер-міністра і дэпутатаў з рэкамэндацыяй правесьці такую люстрацыю.

На думку дэпутата кіруючай партыі «Права і справядлівасьць» Тадэвуша Возьняка, вельмі дрэнна, што цягам дзесяткаў гадоў пасьля першых часткова свабодных выбараў у Польшчы ніхто не заняўся пытаньнем людзей з падазроным мінулым. Возьняк мяркуе, што прапанова «Салідарнасьці» будзе адобрана дэпутатамі ПіС. Канцылярыя прэм’ера чакае афіцыйнага дакумэнту.

Прафсаюз патрабуе, каб магчымасьць звальненьня з працы былых супрацоўнікаў спэцслужбаў існавала ня толькі ў выпадку чыноўнікаў дзяржаўнай адміністрацыі, але таксама муніцыпальнай.

Dziennik Gazeta Prawna/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт