Logo Polskiego Radia
Print

Чый плян выхаду з крызысу лепшы: Пазьняка ці Лукашэнкі?

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 26.04.2017 10:47
  • Чый плян выхаду з крызысу лепшы Пазьняка ці Лукашэнкі.mp3
Публікацыя Пазьняком праграмы рэформаў у сёньняшняй Беларусі падаецца летуценьніцтвам, але плянаваць рэформы сапраўды мае сэнс.
Aliaksandr Papko/radyjo.net

21 красавіка Аляксандар Лукашэнка прадставіў у палаце прадстаўнікоў сваё бачаньне таго, як вывесьці эканоміку з крызысу. У гэты ж дзень праграму палітычных і эканамічных рэформаў прадставіла каманда Зянона Пазьняка. Чый плян утрымлівае лепшыя ідэі? З якой мэтай улады праводзяць суботнікі? Ці польскія ды летувіскія турысты ператвораць Горадню ў па-сапраўднаму эўрапейскі турыстычны горад? Гэтыя тэмы мінулых 7 дзён у «Палітычным люстэрку» абмяркоўваюць Аляксандар Папко й экспэрт Цэнтру Астрагорскага Рыгор Астапеня.

Пісаць праграмы рэформаў мае сэнс, нават калі Лукашэнка сыходзіць не зьбіраецца

21 красавіка была апублікаваная праграма «Вольная Беларусь». На 76 старонках прадстаўлены прапановы палітычных і эканамічных рэформаў, якія трэба зрабіць у Беларусі пасьля перамены ўлады. Распрацавала праграму група палітыкаў і экспэртаў на чале зь Зянонам Пазьняком. Як вы ацэньваеце гэтыя прапановы? Ці хтосьці прыме іх да ведама? Ці варта пісаць праграмы, калі ў краіне дыктатура і само стварэньне такіх плянаў рэформаў многія лічаць летуценьніцтвам?

Рыгор Астапеня: Калі глядзець на гэтую праграму як палітычную, то яна выглядае няблага – то бок яна даволі шырока й глыбока прадстаўляе палітычнае бачаньне Зянона Пазьняка. Калі ж казаць пра яе экспэртную каштоўнасьць, то яна, натуральна, меншая, бо там мала адказаў на тыя вострыя выклікі, якія ёсьць сёньня – напрыклад, што рабіць з беспрацоўем. Але нягледзячы на гэта, такія праграмы пісаць безумоўна варта, бо гэта структуруе палітычнае жыцьцё і дае людзям нагоду паразмаўляць пра нешта больш важнае, чым Аляксандр Лукашэнка. І такія праграмы бяруцца да ведама, бо іх не так шмат паўстае, і калі кіраваньне сёньняшняга рэжыму скончыцца, то новыя эліты будуць думаць пра новыя праграмы і напэўна на іх будзе ціснуць час, таму яны могуць зьвярнуцца да тых праграмаў, што ўжо напісаныя, як праграма Зянона Пазьняка.

Лукашэнка ў чарговы раз заяўляе: рэформаў ня будзе!

21 красавіка з трыбуны Палаты прадстаўнікоў Аляксандар Лукашэнка агучыў сваё штогадовае пасланьне Нацыянальнаму сходу і народу. Якія тэзісы, на вашую думку, былі галоўнымі ў прамове? Як, на думку Лукашэнкі, трэба вывесьці эканоміку з крызысу? Каго ён лічыць сябрамі на міжнароднай арэне, а каго – ворагамі?

Рыгор Астапеня: Мне падаецца, што галоўнай была думка, што ніякіх зьменаў не будзе. Яна чырвонай ніцьцю прайшла праз увесь выступ. І найгоршае, што гэты тэзіс ужо быў у папярэдніх выступах Аляксандра Лукашэнкі. Гэта значыць, што нават у ягоных выказваньнях ніякіх зьменаў чакаць не варта. Таму, магчыма, і пра эканоміку беларускі кіраўнік казаў не так шмат – бо нічога ж змяняецца. І таму ў гэтых выступах Лукашэнкі, як і ў Пуціна, становіцца ўсё менш унутраных справаў і ўсё больш міжнародных. І тут адбылося невялічкае паляпшэньне ў параўнаньні з мінулымі месяцамі, бо ані Захад, ані Расія не прадстаўляліся ў выключна нэгатыўных фарбах.

Лукашэнка верыць, што суботнікі людзям падабаюцца

22 красавіка ў Беларусі прайшоў традыцыйны агульнанацыянальны суботнік. Як паведамілі афіцыйныя СМІ, у гэты дзень Лукашэнка «выконваў працы па бэтанаваньню маналітнай падлогі залаў харэаграфіі» на будове спартовага цэнтру ў Менску. У той самы час прэмʼер Кабякоў з чыноўнікамі з апарату ўраду пад Смалявічамі «высадзілі сеянцы соснаў і бярозаў на ўчастку каля 5 гектараў». Які сэнс такога рытуалу ўлады як суботнік? Ці павышае ён папулярнасьць Аляксандра Лукашэнкі?

Рыгор Астапеня: Суботнік – гэта як Усебеларускі народны сход ці Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі – усяго толькі савецкі рытуал, які працягваюць улады. І вялікай сэнсавай нагрузкі ўсе гэтыя рытуалы не маюць – хіба яны проста спадабаліся Аляксандру Лукашэнку ў гады маладосьці, вось ён і застаецца ім верны. Ды й савецкай сыстэме, за вяртаньне якой і прагаласавалі людзі на выбарах 1994 года - адзіных, якія сёньняшні кіраўнік выйграў сумленна. Таму Лукашэнка можа вяртацца да гэтых рытуалаў, бо лічыць, што людзі так хочуць. Аднак, грамадзтва ўсё ж зьмянілася за 23 гады, таму наўрад ці такія фікцыйныя рытуалы могуць хоць неяк дапамагчы рэйтынгу Лукашэнкі, калі эканамічныя праблемы хвалююць людзей куды больш.

Прыток турыстаў прымушае вучыць замежныя мовы й павышае самаацэнку

Усяго за 6 месяцаў пасьля таго, як грамадзянам заходніх краінаў далі магчымасьць наведваць Горадню й Аўгустоўскі канал бязь візаў, горад над Нёманам наведалі 10 тысячаў турыстаў. Прычым 8 тысячаў – толькі за апошнія тры месяцы. Як замежныя госьці паўплываюць на гарадзкое жыцьцё, мэнтальнасьць і дабрабыт гарадзенцаў?

Рыгор Астапеня: Памер сэрвіснай інфраструктуры безумоўна вырасьце. Напрыклад, цяпер у Гродне толькі адзін хостэл, хутка мае адчыніцца другі і іх лічба будзе расьці. Тое самае датычыць кавярняў ці гатэляў – і гэта ўсё натуральна прынясе гарадзенцам грошы і новыя месцы працы. Калі ж казаць пра нейкія мэнтальныя зьмены, то даволі натуральна, што досыць вялікі паток турыстаў прымусіць гарадзенцаў больш ганарыцца сабой і паспрыяе вывучэньню замежных моваў. Прынамсі ў сэрвісным абслугоўваньні іх веданьне становіцца патрэбным.

Размаўляў Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт