Logo Polskiego Radia
Print

«Не патрабуйце ад Кіева выкананьня Менскіх дамоўленасьцяў!»

PR dla Zagranicy
Alaksandar Papko 16.03.2017 20:00
  • Не патрабуйце ад Кіева выкананьня Менскіх дамоўленасьцяў!.mp3
Выкананьне ўсіх пунктаў Менскіх пагадненьняў падпарадкуе Ўкраіну Расеі й заахвоціць Крэмль да працягу агрэсіі – заяўляюць польскія экспэрты.
UNICEF Ukraine

Поўнае выкананьне Менскіх пагадненьняў па ўрэгуляваньні канфлікту ў Данбасе ня толькі не прынясе міру ва Ўкраіне, але й падштурхне Расею да далейшых агрэсіўных дзеяньняў у Эўропе. Пра гэта заяўляюць экспэрты польскага Фонду імя Стэфана Баторыя Катажына Пэлчынска-Налэнч і Пётр Бурас у сваім аналітычным дакладзе «Менскія (не)дамоўленасьці й сыстэма эўрапейскай бясьпекі». Чаму ад Кіева ня трэба патрабаваць поўнага выкананьня Менскіх пагадненьняў? Чаго Эўразьвяз павінен патрабаваць ад Масквы? На гэтыя тэмы Аляксандар Папко размаўляе з адным з аўтараў дакладу – экспэртам па міжнародных стасунках Пётрам Бурасам.

«Поўнае выкананьне Менскіх дамоўленасьцяў зьяўляецца адзіным шляхам урэгуляваньня канфлікту ў Данбасе». Гэтую фразу кожны чалавек, які цікавіцца міжнароднай палітыкай, напэўна, неаднойчы чуў з вуснаў як расейскіх, так і ўкраінскіх ды заходніх палітыкаў. 12-пунктавае пагадненьне было заключана 12 лютага 2015 году ў Менску. Яго асноўнай мэтай было спыніць жорсткія баі паміж прарасейскімі сэпаратыстамі і ўкраінскай арміяй, якія на працягу месяца ішлі ў раёне Данецкага аэрапорту й гораду Дэбальцава.

Пасьля кароткіх, але вельмі цяжкіх і напружаных перамоваў у Менску дамову ўзгаднілі прэзыдэнты Ўкраіны, Расеі, Францыі й Нямеччыны, а падпісалі прадстаўнікі АБСЭ, Украіны й самаабвешчаных Луганскай і Данецкай рэспублік.

Плян урэгуляваньня канфлікту, падпісаны два гады таму ў Менску, выканаць так і не ўдалося. Заходнія лідары па-ранейшаму заяўляюць, што «альтэрнатывы Менскім пагадненьням няма». Яны патрабуюць ад Кіева імплемэнтацыі Менскіх дамоўленасьцяў. Выкананьне пагадненьняў зьяўляецца таксама ўмовай зьняцьця часткі санкцыяў з Масквы.

Праблема нават ня ў тым, што дамоўленасьці не ўдаецца выканаць, а ў тым, што іх выкананьне прывядзе да легалізацыі «крымінальных сэпаратысцкіх рэжымаў» і падпарадкаваньня ўкраінскай дзяржавы Расеі. Пра гэта пішуць у сваім новым дакладзе аналітыкі Фонду імя Стэфана Баторыя Катажына Пэлчынска-Налэнч і Пётр Бурас.

Менскія пагадненьні патрабуюць ад украінскіх уладаў правядзеньня дэцэнтралізацыі, узгодненай з сэпаратыстамі. Таксама яны прадугледжваюць спэцыяльны статус для Данецка й Луганска, які даў бы сэпаратыстам магчымасьць мець уласныя ўзброеныя фармаваньні.

Менскі пагадненьні не прывядуць ані да аднаўленьня тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, ані да міру. Таму нельга патрабаваць ад Кіева выконваць усе дамоўленасьці – кажа адзін з аўтараў дакладу, экспэрт па міжнародных стасунках Пётр Бурас.

Пётр Бурас: Нават стопрацэнтнае выкананьне менскіх пагадненьняў не зьяўляецца гарантыяй міру ў Данбасе. Больш за тое, яно не адпавядае інтарэсам ані Ўкраіны, ані Эўразьвязу. Поўная рэалізацыя Менскіх дамоўленасьцяў прывядзе да таго, што Расея дасягне сваю стратэгічную мэту. А гэтая мэта – не акупаваць значную частку Ўкраіны, дабіцца ўплывы на ўкраінскую ўнураную палітыку. Гэты ўплыў можна атрымаць праз атрыманьне спэцыяльнага статусу сэпаратыстамі Данбасу і зьмены ў канстытуцыі Ўкраіны. Усё гэта запісана ў Менскіх пагадненьнях. Эўрапейскі зьвяз павінен усьведамляць небясьпеку пастак, якія хаваюцца ў пэўных пунктах гэтых дамоўленасьцяў.

Аднак гэта не азначае, што Менскія дамоўленасьці павінныя быць забытыя. Трэба выконваць тыя пункты пагадненьня, якія спрыяюць спыненьню агню й абароне правоў мірнага насельніцтва – кажа польскі аналітык.

Пётр Бурас: Мэтай Эўразьвязу не павінна быць прымушэньне Ўкраіны да выкананьня ўсіх пунктаў Менскіх дамоўленасьцяў. Націск Захаду паглыбляе палітычны канфлікт у Кіеве, правакуе спрэчку палітычных сілаў вакол таго, якую палітыку трэба весьці ў адносінах да Данбасу. Захад павінен патрабаваць выкананьня тых пунктаў Менскіх дамоўленасьцяў, якія датычаць вырашэньня гуманітарных пытаньняў, абмену ваеннапалоннымі. Аднак Захад не павінен паддавацца ілюзіі, што поўнае выкананьне Менскіх дамоўленасьцяў вырашыць канфлікт і яно павінна быць мэтай эўрапейскай палітыкі ў стасунку да Ўкраіны і Расеі.

Эўразьвяз павінен патрабаваць ад Кіева не выкананьня Менскіх пагадненьняў, а правядзеньня ўнутраных рэформаў: барацьбы з карупцыяй, дэцэнтралізацыі, рэалізацыі Дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам – пішуць аўтары дакладу.

Што павінен рабіць Эўразьвяз, каб урэгуляваць канфлікт ва Ўкраіне? Заходнім дзяржавам трэба памятаць, што мір ва Ўсходняй Эўропе залежыць не ад выкананьня Менскіх пагадненьняў, а ад спыненьня агрэсіўных дзеяньняў Масквы. Санкцыі з Крамля належыць здымаць толькі пасьля таго, як ён перастане дэстабілізаваць Ўкраіну ды адновіць яе тэрытарыяльную цэласнасьць – падкрэсьлівае Пётр Бурас.

Пётр Бурас: Захад павінен патрабаваць ад Расеі павагі да нормаў міжнароднага права. Нельга забывацца, што санкцыі супраць Расеі былі ўведзеныя за грубае парушэньне гэтых нормаў. Сёньня санкцыі прывязаныя да Менскага працэсу, і выкананьне дамоўленасьцяў будзе прыводзіць да паступовай адмены гэтых санкцыяў. Мэтай эўрапейскай палітыкі павінна быць не выкананьне нейкага сумнеўнага і вельмі недасканалага пагадненьня, а прымушэньне Расеі да выкананьня нормаў міжнароднага права. Пакуль Расея гэтыя нормы парушае. Яна вядзе агрэсіўныя дзеяньня ня толькі супраць Украіны, але й супраць іншых дзяржаваў. Масква падкупляе палітычныя партыі ў эўрапейскіх краінах, умешваецца ў амэрыканскія выбары, падтрымлівае прыхільнікаў дэмантажу Эўразьвязу. Гэта вельмі сур’ёзная агрэсія, і ёй краіны Эўропы і ЗША павінныя даць адпор.

Калі Крэмль дасягне сваіх стратэгічных мэтаў ва Ўкраіне, ён працягне варожыя дзеяньні ў стасунку да іншых суседзяў – папярэджваюць аўтары дакладу «Менскія (не)дамоўленасьці й сыстэма эўрапейскай бясьпекі».

«Палітыка Эўразьвязу па вырашэньні ўкраінскага канфлікту ў вялікай ступені вызначыць прынцыпы і ўмовы, на якіх будзе збудаваны новая сыстэма бясьпекі ва ўсёй Эўропе», – падкрэсьліваюць экспэрты польскага Фонду імя Стэфана Баторыя.

Аляксандар Папко

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт