Расейскія і польскія гісторыкі прадставілі ў Варшаве ўнікальнае выданьне – трохтомнік дзёньнікавых запісаў Леаніда Брэжнева. У кнігу ўвайшлі нататкі, якія Брэжнеў вёў з апошніх месяцаў Другой сусьветнай вайны да сваёй сьмерці ў 1982 годзе. Запісы, зробленыя рукой кіраўніка СССР, раскрываюць палітычную «кухню» Савецкага Саюзу й расказваюць пра прыватнае жыцьцё генсека. Як і з кім Брэжнеў прымаў лёсавызначальныя рашэньні? Што нататкі кажуць пра сьветапогляд Брэжнева? Ці праліваюць яны сьвятло на прычыны распаду СССР? Пра гэта з удзельнікамі прэзэнтацыі размаўляў Аляксандар Папко.
Кніга «Леанід Брэжнеў. Працоўныя й дзёньнікавыя запісы» была выдадзеная Расейскім дзяржаўным архівам, Расейскім гістарычным таварыства і Нямецкім гістарычным інстытутам у Маскве ў лістападзе мінулага году. Унікальнае выданьне ў Варшаве прадставіў навуковы супрацоўнік Інстытуту расейскай гісторыі РАН доктар Аляксей Сьцяпанаў.
У аб’ёмныя тры тамы ўвайшлі запісы з асабістага нататніка Брэжнева. Генсек рабіў іх выключна для сябе, не спадзеючыся, што нехта будзе іх публікаваць. Тыя, хто чакае ад дзёньнікаў Брэжнева раскрыцьця гістарычных таямніцаў, будуць расчараваныя.
Дзёньнікі Брэжнева – гэта бытавыя нататкі, па якіх можна зразумець, зь кім ён сустракаўся, што еў, наколькі ўдала паляваў. Аднак гэтыя запісы занадта кароткія, каб зразумець, што матывавала кіраўніка СССР прыняць тыя ці іншыя рашэньні – кажа гісторык Аляксей Сьцяпанаў.
Аляксей Сьцяпанаў: Гэта не палітычныя нататкі. Гэта нататкі старога хворага чалавека, у асноўным бытавыя нататкі. Самае каштоўнае ў гэтым выданьні – гэта камэнтары, біяграфіі людзей, якіх узгадвае Брэжнеў, гісторыя прадпрыемстваў, самі імёны людзей, зь якімі сустракаўся Брэжнеў. Гісторык, які займаецца вывучэньнем брэжнеўскага пэрыяду, не павінен выключаць са свайго агляду ніводнай крыніцы. Аднак гэтая крыніца не адыгрывае першаплянавай ролі. Мы павіныя абапірацца на ўсе комплексы крыніцаў, якія вядомыя.
З нататак вымалёўваецца даволі шакуючы, але адначасова вядомы вобраз генэральнага сакратара ЦК КПСС. Вядомы ён тым, што Брэжнеў са сваіх прыватных нататак вельмі нагадвае Брэжнева з савецкіх анэкдотаў. Генсек не чытаў ані навуковай, ані мастацкай літаратуры. З прэсы праглядаў толькі часопісы «Огонёк» і «Крокодил». Пра падзеі ў сьвеце Брэжнеў даведваўся ад «старых партыйных таварышаў». Шакуе гэты вобраз тым, што пэрсанаж з савецкіх анэкдотаў сапраўды стаяў за штурвалам ядзернай звышдзяржавы.
Аляксей Сьцяпанаў: Цытуем дзёньнік: «Размаўляў з таварышам Чарненкам К.У., Русаковым пра Польшчу. Прымерка і прыём касьцюмаў. Быў вечарам у Музы Ўладзімераўны і Валянціны Аляксандраўны». Інфармацыю пра сытуацыю ў адной з самых буйных краінаў сацыялістычнага лягеру Брэжнеў успрымае як адну з паўсядзённых навінаў. Тое самае можна сказаць пра выбух у маскоўскім мэтро. Брэжневу тэлефануе Андропаў і паведамляе пра выбух у мэтро. А ў нататніку Брэжнева запісы пра выбух перамяжаюцца з запісамі пра тое, як ён на паляваньні застрэліў кабана, хацеў яго некаму падарыць, а затым падарыў свайму калегу новую стрэльбу. У сталіцы адбыўся тэракт! Якія кабаны, якія стрэльбы?! Мы бачым перад сабой чалавека, чыя ступень успрыняцьця падзеяў у краіне й сьвеце ўжо не зьяўляецца адэкватнай. Гэта неадэкватны чалавек.
На вялікі жаль, з нататак Брэжнева мы не даведаемся, што ён думаў у дзень уводу танкаў у Прагу, высадкі савецкіх дэсантнікаў у Кабуле, сьмерці Пятра Машэрава ці ўвядзеньня ваеннага становішча ў Польшчы. Аднак дзёньнікі дазваляюць зразумець, як у Савецкім Саюзе прымаліся найважнейшыя рашэньні. Запіскі пацьвярджаюць, што Брэжнеў, як і ўсё савецкае кіраўніцтва, пад канец 70-х гадоў мала разумеў, што адбываецца ў краіне – кажа Аляксей Сьцяпанаў.
Аляксей Сьцяпанаў: Інфармацыя, якая паступала да Брэжнева і да ўсяго савецкага кіраўніцтва, вельмі моцна скажалася ў інтарэсах вышэйшых «зьвёнаў» улады. Існавалі пэўныя шаблёны прадстаўленьня інфармацыі, і парушаць іх ужо не было традыцыяй. Напрыклад, людзі Андропава давалі ацэнку сытуацыі ў Польшчы, якая не была ацэнкай сапраўднай сытуацыі, а проста інтэрпрэтацыяй фактаў з мэтай падставіць сытуацыю так, каб дагадзіць крамлёўскім кіраўнікам. Гаворка ідзе ня толькі пра Брэжнева, а пра ўсю савецкую вярхушку. Рэальныя факты замоўчваліся, скажаліся, падганяліся пад тое меркаваньне, якое лічылася правільным. Рашэньні Палітбюро канца 1970-х гадоў – гэта шаблённыя рытуальныя заклінаньні. Здаровага сэнсу ў іх практычна няма.
У чым заключаецца важнасьць выданьня? «Гэта першаплянавая крыніца другога пляну» – тлумачыць польскі гісторык Пётр Длугалэнцкі. Самі па сабе дзёньнікі ня ў стане растлумачыць, што матывавала Брэжнева прыняць тое ці іншае палітычнае рашэньне. Аднак яны паказваюць, з кім Брэжнеў гэтыя рашэньні прымаў.
Пётр Длугалэнцкі: На падставе календара, які знаходзіцца ў нататках, мы можам даведацца, што Брэжнеў рабіў у той ці іншы канкрэтны дзень, як часта і зь якімі савецкімі ці замежнымі палітыкамі сустракаўся. Самі па сабе гэтыя нататкі мала што кажуць, але калі іх дапоўніць інфармацыяй зь іншых крыніцаў, то мы можам лепш зразумець палітыку Брэжнева, якім чынам ён прымаў рашэньні.
Дзёньнік Брэжнева дазваляюць лепш зразумець, як працавала савецкая палітычная сыстэма – тлумачыць польскі гісторык і палітоляг Павал Коваль. Нататкі генсека паказваюць, як выглядалі працэдуры прыняцьця рашэньняў і хто аказваў на Брэжнева найбольшы ўплыў.
Павал Коваль: Брэжнеў атрымліваў інфармацыю аб падзеях у сьвеце і краіне ад сваіх бліжэйшых супрацоўнікаў – пераважна ад старшыні КДБ Андропава. Андропаў перадаваў яму інфармацыю і адначасова фільтраваў яе. Яшчэ важна разумець, хто гэтую інфармацыю інтэрпрэтаваў. Гэта быў партыйны ідэоляг Суслаў і старшыня Вярхоўнага Савету Чарненка. Яны тлумачылі Брэжневу, што азначае тая ці іншая падзея. Нататкі Брэжнева не зьдзіўляюць, а хутчэй пацьвярджаюць тое, што мы ведалі раней.
З гадамі ў нататках Леаніда Брэжнева зьяўляецца ўсё больш артаграфічных памылак. Генсек больш піша пра тое, як доўга плаваў у басэйне, і як добра яму рабілі масаж, і ўсё менш – пра палітычныя справы. Па дзёньнікавых запісах Брэжнева цяжка прасачыць нарастаньне эканамічнага крызысу ў СССР, які ў выніку прывёў да яго распаду – прызнаецца Павал Коваль.
Сустрэча Леаніда Брэжнева й прэзыдэнта ЗША Рычарда Ніксана ў Маскве, 1972 год. Кадр кінахронікі.
Знакамітая брэжнеўская стабільнасьць насамрэч была часам, калі крызысы расьлі як сьнежны ком – кажа гісторык Аляксей Сьцяпанаў. Ў 1975 годзе ўспыхнуў бунт на супрацьлодачным караблі «Сторожевой». У 1976 годзе лётчык Бяленка ўганяе ў Японію найноўшы зьнішчальнік МіГ-25. У наступным годзе адбываецца тэракт у маскоўскім мэтро, успыхвае скандал у спэцслужбах. Нарэшце, у 1979 СССР уводзіць войскі ў Афганістан, падаюць цэны на нафту, а ў краіне пачынаецца эканамічны крызыс. Прыкметы раскладу ў арміі, спэцслужбах, эканоміцы, праяўляліся ўсё выразьней, аднак улады на іх не рэагавалі – падкрэсьлівае Аляксей Сьцяпанаў.
Тое, што савецкія ўлады перасталі заўважаць праявы крызысу і замкнуліся ў сьвеце ўласных мараў, стала адным з галоўных прадвесьнікаў хуткага распаду СССР.
Аляксандар Папко