Logo Polskiego Radia
Print

Юшчанка: Палітыка Пуціна - найбольшая пагроза для Эўропы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 08.03.2017 14:41
  • Юшчанка.mp3
Найбольшай праблемай на ўсходзе Эўропы зьяўляецца Расея, кажа былы прэзыдэнт Украіны.
Photo:European People's Party - EPP Summit 19 March 2009/pl.wikipedia.org/CC BY 2.0

Ці Ўкраіну чакае новая рэвалюцыя? На гэтае пытаньне стараліся адказаць удзельнікі канфэрэнцыі „Тры рэвалюцыі”, якую арганізаваў варшаўскі Эўрапейскі цэнтар „Natolin”.

Назва мерапрыемства ўзялася ад трох украінскіх рэвалюцыяў: Рэвалюцыі на граніце (199О год), Аранжавай рэвалюцыі (2004-2005 гады) й Рэвалюцыі годнасьці (пачатак 2013 год).

Паводле былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Юшчанкі, які ўдзельнічаў у канфэрэнцыі, кожная з гэтых рэвалюцыяў была спробай атрыманьня незалежнасьці Ўкраінай.

Віктар Юшчанка: Я глыбока перакананы, што кожная з гэтых рэвалюцыяў была спробай атрымаць поўную незалежнасьць і сувэрэнітэт. Значэньне Рэвалюцыі на граніце зводзілася да таго, што калі ў 1991 годзе перад украінцамі ўзьнікла пытаньне, ці хочуць яны жыць у незалежнай дзяржаве, то 91% адказаў «так». Нагадаю, да Рэвалюцыі на граніце дзьве траціны ўкраінскага грамадзтва падтрымлівалі Савецкі Саюз. Тая зьмена - гэта менавіта вынік Рэвалюцыі на граніце.

Аднак празь некалькі гадоў аказалася, што неабходнай зьяўляецца чарговая рэвалюцыя.

Віктар Юшчанка: У 2004 годзе перад намі ўзьнікла іншая задача. Паводле міжнароднага права мы былі незалежнай краінай, але адначасова бачнай стала тэндэнцыя набліжэньня да Расеі. Палітыка Ўкраіны была адлюстраваньнем палітыкі Крамля. Мы зразумелі, што Ўкраіне неабходны новы палітычны курс. Ён зводзіўся да таго, каб накіраваць краіну на іншы шлях, то бок у Эўропу. Пачынаючы з IX стагодзьдзя Кіеўская Русь заўсёды там была. Нацыянальнае адраджэньне, эўрапейскасьць і дэмакратызацыя сталі трымя характэрнымі рысамі ўкраінскай палітыкі з 2005 году.

Чаму ў такім выпадку спатрэбілася трэцяя рэвалюцыя – Рэвалюцыя годнасьці?

Віктар Юшчанка: Украіна цягам 350 гадоў ня мела ўласнай дзяржаўнасьці – мы ўваходзілі ў склад розных імпэрыяў і дзяржаваў. Таму стварэньне моцнага, салідарнага народу - гэта задача не 5-ці ці 10-ці гадоў. Да пачатку Рэвалюцыі годнасьці (21 лістапада 2013 году) прычынілася рашэньне прэзыдэнта Януковіча адмовіцца ад дамовы аб асацыяцыі з Эўразьвязам. Інакш кажучы тагачасная ўлада спрабавала завярнуць Украіну з курсу, які быў абраны ў 2005 годзе, і накіраваць на прарасейскі курс. Таму трэцяя рэвалюцыя была рэакцыяй грамадзтва на спробу накіраваць дзяржаву ў напрамку сярэднявечча, то бок у напрамку фэадальнага расейскага ўсходу. Народ на гэта не пагадзіўся.

Як цяпер, з пэрспэктывы часу, украінскі народ ацэньвае гэтыя тры рэвалюцыі?

Віктар Юшчанка: Я б сказаў, што кожная зь іх азначала вялікую нацыянальную перамогу. Кожная зь іх рабіла ўкраінцаў грамадзянамі, то бок людзьмі, якія адчуваюць адказнасьць за тое, што адбываецца ў краіне. Цягам гэтых 25 гадоў адбыліся сур’ёзныя зьмены, калі гаворка ідзе пра тое, як украінцы разумеюць слова „народ”. Інакш кажучы, іх вынікам зьяўляюцца вялікія зьмены, якія адбыліся ва ўкраінскай нацыянальнай сьвядомасьці.

Аднак за гэтыя вялікія перамены Ўкраіне прыйшлося заплаціць велізарную цану. Гаворка ідзе пра прынамсі часовую страту Крыму й страту ўплыву ў Данбасе.

Віктар Юшчанка: Больш правільна было б сказаць, што падзеі, якія адбываюцца ў Данбасе ці на Крыме зьвязаныя зь геапалітычнымі працэсамі, якія адбываюцца ў нашай частцы сьвету. Варта нагадаць пра падзеі ў Нагорным Карабаху, Паўднёвай Асэтыі, Абхазіі, на Крыме, Прыднястроўі і ў Данбасе. Гэта шэсьць канфліктаў, у якіх Расея выконвае ролю акупанта. Таму нельга сказаць, што тое, што адбываецца на ўсходзе нашай краіны, гэта выключная праблема Ўкраіны. Найбольшай праблемай на ўсходзе Эўропы зьяўляецца Расея, а найбольшай пагрозай - палітыка Пуціна. Таму нельга пытацца „па кім звоніць звон?”, таму што ён можа званіць па любой дзяржаве, якая мяжуе або нават не мяжуе з Расеяй. Эўропа павінна зразумець, што найбольш сур’ёзным канфліктам, зь якім мы цяпер маем дачыненьне, зьяўляецца канфлікт паміж расейскай фэадальнай палітыкай і дэмакратыяй у Эўропе. Паводле мяне, канфлікт на Крыме і ў Данбасе мае геапалітычны характар, таму яго можна вырашыць выключна пры дапамозе геапалітычных інструмэнтаў.

Ці верыце вы ў магчымасьць вырашэньня канфлікту шляхам менскіх мірных перамоваў?

Віктар Юшчанка: Мірныя перамовы ў Менску працягваюцца ўжо 2,5 году. Паразуменьне „Менск 2” уключае 10 пунктаў, пакуль што ня быў рэалізаваны ні адзін зь іх. Вайна працягваецца. Кожны дзень гінуць людзі й павялічваецца колькасьць ваеннапалонных. Інакш кажучы, Менскія перамовы ў іх цяперашнім кшталце не даюць надзеі на мірнае вырашэньне канфлікту.

- сказаў былы прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка ў размове журналістам Першай праграмы Польскага радыё Кшыштафам Рэнікам.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт