Logo Polskiego Radia
Print

На экраны польскіх кінатэатраў уваходзіць фільм «Марыя Складоўская-Кюры».

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 03.03.2017 15:59
Гэта міжнародная кінапрадукцыя Польшчы, Нямэччыны, Францыі і Бэльгіі.
Кадр з фільма "Марыя Складоўская-Кюры"Кадр з фільма "Марыя Складоўская-Кюры"

Фільм расказвае пра жыцьцё Складоўскай з моманту атрыманьня першай Нобэлеўскай прэміі, потым была трагічная сьмерць мужа – П'ера Кюры. Затым польская вучоная змагалася за пасады, на якіх дамінавалі мужчыны: у Сарбоне і ў Францускай акадэміі навук. Фільм расказвае таксама пра раман Марыі Складоўскай з францускім фізыкам Полем Ланжэвенам. Апошні этап жыцьця вучонай у фільме - гэта прызнаньне ёй другой Нобэлеўскай прэміі.

На прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве рэжысёр фільма францужанка Мары Ноэль сказала, што яна хацела паказаць чалавечы твар Марыі Складоўскай-Кюры – пяшчотнай маці, кахаючай жонкі, жанчыны, якая не баялася слухаць сваё сэрца, якая дзякуючы інтэлекту, ведам і надзвычайным здольнасьцям здолела здабыць павагу навуковых колаў, у якіх дамінавалі мужчыны.

М.Ноэль: Яна стала помнікам. Мы лічым, што мы ведаем пра яе ўсё. На самай справе мы ня ведаем, якой яна была. Я не хацела прадстаўляць яе ў якасьці формы з бронзы, таму што яна мне вельмі падабаецца і я яе цаню. У тыя часы жанчына-фізык – гэта было неймаверна. Зрэшты, першую Нобэлеўскую прэмію Складоўская –Кюры магла атрымаць толькі таму, што ў навуковых распрацоўках удзельнічаў яе муж П'ер Кюры. Калі б яна выступала самастойным вучоным, не атрымала б гэтай узнагароды. Я хацела таксама паказаць у фільме, наколькі яна была незалежнай у сваёй працы, у сваім мысьленьні, якая гэта была індывідуальнасьць.

Вядучая акторка Караліна Грушка расказала, што рыхтуючыся да ролі польскай ляўрэаткі Нобелеўскай прэміі, яна прачытала шырокую перапіску Складоўскай, што захавалася ў архівах і інтымны дзёньнік, які наблістка пісала пасьля сьмерці мужа.

К.Грушка: Дзёньнік напісаны вельмі шчыра і адкрыта, і таму можна дакрануцца да яе ўражлівасьці. І таксама лісты, якіх мноства. Яна перапісвалася ня толькі з дочкамі, але з мужам, і вельмі неадназначныя лісты з Полем Ланжэвенам. Многія сказы, якія гучаць у фільме якраз мы і ўзялі з гэтых лістоў. І яшчэ – цікавыя лісты з Эйнштэйнам, з іншымі вучонымі, са сваякамі. Насамрэч гэтых лістоў шмат і зь іх дапамогай можна стварыць багатую карціну індывідуальнасьці Складоўскай-Кюры.

У фільме здымаюцца выдатныя польскія акторы: Іза Куна ў ролі старэйшай сястры Браніславы Складоўскай; Пётр Главацкі (Piotr Głowacki ) грае Альбэрт Эйнштэйна, Ян Фрыч у ролі Эрнэста Сольве - заснавальніка Міжнароднага інстытута фізыкі, і Даніель Альбрыхскі ў ролі Эміля Амагі, які быў заядлым праціўнікам Марыі.

Пераважная частка фільма здымалася ў Польшчы: у Лодзі, Кракаве і Лэбе на Балтыйскім моры. Здымкі рэалізавалі таксама ў Бэрліне, Мюнхене і Парыжы.

Сусьветная прэмʼера фільма адбылася на Міжнародным кінафэстывалі ў Таронта. У лістападзе 2016 года фільм быў адзначаны ў галоўным конкурсе Міжнароднага фэстывалю мастацтва кінэматаграфіі «Cameraimage». 20 студзеня 2017 года быў узнагароджаны найбольш важнай нямецкай кінапрэміяй – Баварскай кінапрэміяй (Bawarian Film Awards) - за лепшую рэжысуру і лепшую сцэнаграфію.

Марыя Складоўская-Кюры нарадзілася ў шматдзетнай настаўніцкай сям’і ў Варшаве, у тагачасным Царстве Польскім. У 1891 годзе ва ўзросьце 24 гадоў Марыя ўсьлед за сваёй старэйшай сястрой Браніславай зьехала ў Парыж, дзе стала студэнткай факультэту прыродазнаўства ў Сарбоне. Там яна пазнаёмілася з П'ерам Кюры, кіраўніком навуковай лябараторыі. У 1895 годзе адбываецца іх вясельле, і Марыя пачынае працаваць у лябараторыі П’ера.

Складоўская-Кюры была першай жанчынай-прафэсарам ва ўнівэрсытэце ў Парыжы. Гэта выбітная вучоная, фізык і хімік, дасьледчыца радыеактыўнасьці, першая жанчына, якая двойчы атрымала Нобэлеўскую прэмію: у 1904 –за вынаходніцтва элемэнтаў палёній і радый, і другую – у 1911 па хіміі.

Пад ейным кіраўніцтвам былі праведзеныя першыя дасьледаваньні ў сьвеце ў галіне лячэньня рака з выкарыстаньнем радыеактыўных ізатопаў. Яна заснавала Інстытут Кюры ў Парыжы й у Варшаве, якія застаюцца найбуйнейшымі цэнтрамі мэдычных дасьледаваньняў сёньня.

Памерла Складоўская-Кюры 4 ліпеня 1934 ад невядомай тады яшчэ хваробы – леўкеміі. А ў 1995 годзе стала першай жанчынай, пахаванай у Пантэоне выбітных вучоных у Парыжы.

яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт