Палякі – гэта дарожныя піраты, якія шмат кураць і ня любяць садавіны
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
27.02.2017 15:19
Нацыянальны інстытут гігіены: Найкарацей жывуць жыхары меншых гарадоў Польшчы, найдаўжэй – найбуйнейшых.
pixabay.com/Public Domain CC0
Паводле справаздачы Нацыянальнага інстытута гігіены „Здароўе польскага насельніцтва й яго дэтэрмінанты”, сама каротка жывуць жыхары меншых гарадоў, у якіх пражывае да 5 тысяч чалавек. Найдаўжэй жывуць жыхары найбуйнейшых гарадоў, за выключэньнем гораду Лодзь (Łódź), паведамляе выданьне „Dziennik Gazeta Prawna”.
Менавіта ў Лодзіньскім ваяводзтве найраней паміраюць мужчыны, то бок на 3,7 году раней, чым жыхары Малапольскага ваяводзтва. У сваю чаргу жанчыны найкарацей жывуць у Сылезіі - 2,5 гаду карацей, чым, напрыклад, жыхаркі Падляшша. І хоць сярэдняя працягласьць жыцьця расьце, то ўзровень сьмяротнасьці ў Польшчы надалей вышэйшы, чым сярэдняя па ЭЗ.
Найбольшая розьніца назіраецца сярод мужчын ва ўзросьце ад 30 да 60 гадоў. Пагроза іхнаму жыцьцю ў Польшчы амаль на 2/3 вышэйшая, чым у сярэднім па Эўразьвязе.
Паводле экспэртаў, уплыў на гэткую сытуацыю мае ня толькі ўзровень мэдычнай апекі, але таксама лад жыцьця. Напрыклад, палякі займаюць чацьвёртую з канца пазыцыю ў ЭЗ па спажыцьці садавіны. Сярэдняя па ЭЗ складае больш за 100 кіляграмаў на чалавека ў год, у Польшчы - 54 кіляграмы. Слабым бокам палякаў зьяўляецца таксама курэньне тытунёвых вырабаў, а таксама лішняя вага й атлусьценьне, якія датычаць 68% мужчын і 60% жанчын.
Экспэртаў непакоіць таксама статыстыка, датычная ДТЗ. Па гэтай прычыне штогод у Польшчы гіне 9 на 100 жыхароў. Тым часам сярэдняя па Эўразьвязе складае крыху больш за 5. Апрача таго, асноўнай прычынай заўчасных зыходаў палякаў зьяўляюцца сардэчна-сасудзістыя захворваньні. На другім месцы – рак, паведамляе выданьне „Dziennik Gazeta Prawna”.
аз