Logo Polskiego Radia
Print

Восеньню пакажуць першы беларускі электракар

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 23.02.2017 19:18
  • AUTO.mp3
На адным зарадзе можна будзе праехаць каля 100 кілямэтраў.
www.pixabay.com

Сто кілямэтраў бяз кроплі паліва. Працу над прататыпам першага айчыннага электракару працягваюць беларускія навукоўцы. Па прагнозах спэцыялістаў, ацаніць вынікі можна будзе ўвосень.

Размовы пра альтэрнатыву традыцыйным бэнзінавым і дызэльным рухавікам вядуцца ў сьвеце даволі даўно. Сярод асноўных плюсаў электрамабіляў называюць ня толькі відавочную адсутнасьць шкодных выкідаў у атмасфэру, але й незалежнасьць ад нафтавага рынку. Некаторыя краіны на Захадзе й на Ўсходзе ўжо дасягнулі значных посьпехаў ва ўкараненьні экалягічнага транспарту. Сьвежы прыклад – Германія, урад якой некалькі дзён таму анансаваў дзяржаўную праграму разьвіцьця інфраструктуры для электракараў. Пачынаючы з сакавіка, прыватныя інвэстары й муніцыпальныя ўлады, якія хочуць усталяваць зарадную станцыю, змогуць падаваць заяўкі на атрыманьне субсыдыяў. У межах праграмы плянуюць разьмеркаваць 300 мільёнаў эўра, дзякуючы якім будзе створана 15 тысячаў тэрміналаў. Падобныя ініцыятывы ахвотна падтрымліваюць скандынаўскія краіны, а таксама ўлады Японіі, Індыі ды іншых азіяцкіх дзяржаў. Там ня толькі разьвіваюць інфраструктуру, але й займаюцца вытворчасьцю электракараў. Аналітыкі прагназуюць: цягам 13-ці гадоў доля такога транспарту ў сьвеце дасягне 30-ці адсоткаў.

Беларусь толькі пачынае прыглядацца да новай тэхналёгіі. Зь мінулага году над прататыпам айчыннага электрамабіля працуе Аб’яднаны інстытут машынабудаваньня Нацыянальнай акадэміі навук. Падрабязьней пра праект нашай рэдакцыі распавёў кіраўнік аднаго з падразьдзяленьняў гэтай установы Аляксандр Бялевіч.

Аляксандр Бялевіч: Зараз задача – стварэньне экспэрымэнтальнага электрамабіля на базе аўтамабіля «БелДжы» для ацэнкі тэхнічных рашэньняў па кампанэнтах беларускай вытворчасьці, а таксама ацэнкі эканамічнага эфэкту арганізацыі масавай вытворчасьці электрамабіляў у рэспубліцы. За аснову ўзяты сэрыйны аўтамабіль. Зь яго вынятыя кампанэнты традыцыйнай сілавой устаноўкі, туды інсталююцца электракампанэнты. Экспэрымэнтальны электрамабіль будзе гатовы да канца гэтага году.

Пра тэхнічныя характарыстыкі распрацоўкі пакуль вядома няшмат. Як паведаміла раней у інтэрвію газэце «Рэспубліка» кіраўніцтва Аб’яднанага інстытута машынабудаваньня, на адным зарадзе акумулятараў пры хуткасьці да 90 кілямэтраў на гадзіну беларускі электракар зможа пераадолець ня менш за 100 кілямэтраў, а на поўную зарадку спатрэбіцца прыблізна тры-чатыры гадзіны. Што тычыцца масавай вытворчасьці, то яе плянуюць запусьціць да 2019 году.

Пакуль беларусы, што клапоцяцца пра стан навакольнага асяродзьдзя, набываюць замежныя мадэлі. Экспэрты канстатуюць рост зацікаўленасьці сярод спажыўцоў. На нашу просьбу сытуацыю на ўнутраным рынку пракамэнтаваў Грыгорый Саргсян – дырэктар кампаніі, што ўжо ня першы год займаецца продажам электрамабіляў.

Грыгорый Саргсян: У гэтым годзе цікавасьць значна большая, чым у мінулыя два гады. Пра статыстыку казаць складана, але можна адзначыць, што колькасьць электрамабіляў набліжаецца да 200. Гэта аўтамабілі, рэалізаваныя нашай кампаніяй плюс аўтамабілі, увезеныя самімі грамадзянамі, то бок фізычнымі асобамі. На тэрыторыі Эўразійскага эканамічнага зьвязу ўпершыню пошліна была адмененая з 2014 г. па 1 студзеня 2016 г. Але ў сувязі з тым, што ў той час транспарт ня быў распаўсюджаны, ажыятажу на рынку не назіралася. Другі раз пошліну адмянілі з 1 верасьня 2016 г. па 31 жніўня 2017 г. Людзі ўжо бачаць, чуюць, карыстаюцца і купляюць электракары. Варта адзначыць, што абнуленьне пошліны тычыцца толькі юрыдычных асобаў. Фізычныя як афармляліся з пошлінай, так і афармляюцца.

Па словах суразмоўцы, часьцей за ўсё беларусы набываюць патрыманыя электракары ўзростам каля 2-3 гадоў. У сярэднім такая машына абыходзіцца ў 12-15 тысяч даляраў у эквіваленце. Кажучы пра гатоўнасьць інфраструктуры да абслугоўваньня экалягічных аўтамабіляў Грыгорый Саргсян падкрэсьлівае – працаваць, безумоўна, ёсьць над чым.

Грыгорый Саргсян: Сёньня казаць пра тое, што ў нас гатовая інфраструктура – няпраўда. Аднак юрыдычныя й фізычныя асобы выказваюць інтарэс да стварэньня інфраструктуры. Акрамя таго, зьяўляюцца майстэрні, якія сапраўды гатовыя браць на абслугоўваньне электрамабілі. Нават афіцыйныя дылеры прымаюць да сябе на абслугоўваньне электракары сваіх марак.

Калі выпуску айчынных электрамабіляў яшчэ прыйдзецца пачакаць, то вытворчасьць больш габарытнай – камунальнай тэхнікі будучага – ужо наладжаная. Як паведамілі нам на прадпрыемстве «Белкамунмаш», у гэтым годзе на менскія дарогі выведуць 20 электрабусаў. Распрацоўкай беларускіх інжынэраў зацікавіліся нават у далёкім Іране.

Васіль Садоўскі

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт