Logo Polskiego Radia
Print

А. Фатыга: Нам удасца пераадолець перашкоды ў польска-летувіскіх адносінах

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 22.02.2017 15:33
  • Anna Fotyga.mp3
На думку былой міністаркі замежных спраў, Расея сваёй прапагандай стараецца шкодзіць гэтым кантактам.
Анна Фатыга ў ВільніАнна Фатыга ў Вільніфота: Joanna Bożerodska/zw.lt

У Сойме Летувы адбылася канфэрэнцыя пад назваю «Бясьпека Цэнтральнай Эўропы перад абліччам гібрыднай пагрозы». Галоўным дакладчыкам сустрэчы была дэпутатка Эўрапейскага парлямэнту ад польскай партыі «Права і справядлівасьць» Анна Фатыга. У эфіры «Радыё з-над Віліі» яна распавяла пра польска-летувіскія адносіны і пра патэнцыйныя пагрозы з боку Расейскай Фэдэрацыі.

Фатыга зьяўляецца старшынёй Падкамісіі бясьпекі і абароны Эўрапейскага парлямэнту ды былым міністрам замежных спраў Польшчы. Яна працавала над дакладам, прысьвечаным прапагандзе Расеі, прапагандзе тэрарыстычных арганізацый, накіраванай да жыхароў эўрапейскіх краін. Візыт у Летуву прынёс цікавыя сустрэчы і гутаркі, – адзначае Анна Фатыга.

А. Фатыга: Маё знаходжаньне стала нагодай да цікавых сустрэч з летувіскімі палітыкамі, а таксама навукоўцамі. Калі Лех Качыньскі быў прэзыдэнтам, ён часта езьдзіў у Летуву, сустракаўся з мясцовымі палякамі. Цяпер мы жывем у зусім іншыя часы, пагрозы зусім зьмяніліся. Акрамя таго, 8 гадоў Польшчай кіравалі іншыя сілы, былі зусім іншыя двухбаковыя кантакты з суседзямі ды з Эўрапейскім Зьвязам.

Цяпер, калі нарастае рэальная пагроза з усходу, з боку Расеі, трэба шукаць магчымасьці супрацоўніцтва з суседнімі краінамі, ствараць разам розныя абарончыя фармаваньні. І ёсьць такія прыклады, – кажа Фатыга.

А. Фатыга: Ёсьць вельмі пазытыўныя крокі ў галіне, якой я займаюся – бясьпецы і абароне. Урэшце была рэалізаваная мара загінуўшага прэзыдэнта Леха Качыньскага – пачала працаваць у поўным фармаце польска-летувіска-украінская брыгада. Назіраецца вельмі актыўнае супрацоўніцтва на ўзроўні навукоўцаў. На маю думку, мэтадам малых крокаў нам удасца пераадолець пэўныя перашкоды ў польска-летувіскіх адносінах, у тым ліку калі гаворка ідзе пра польскую меншасьць у Летуве, адносіны да яе ўладаў краіны. Да двухбаковых кантактаў трэба падыходзіць вельмі асьцярожна, паколькі цяжка пераадолець пэўныя нэгатыўныя стаўленьні. Я бачу, што польскія ўлады хацелі б больш інтэнсіўных кантактаў, яны паказваюць добрую волю. Але шмат гадоў гучалі толькі абяцаньні, і гэта выклікае вялізныя сумненьні.

Даклад, прысьвечаны мэтадам рэагаваньня на прапаганду, між іншым расейскую, вельмі доўга абмяркоўваўся ў Эўрапейскім парлямэнце. Дакумэнт быў прыняты ў лістападзе мінулага году.

А. Фатыга: Абмеркаваньне дакладу дазволіла нам паказаць, што наш вопыт не зьяўляецца ўжо ўнікальным. Уплыў расейскай прапаганды бачаць ужо і сябры гэтак званага старога ЭЗ. Многія палітыкі выступалі актыўна супраць прыняцьця гэтага дакладу. Тут гаворка ідзе пра палітычныя колы, а не паасобныя дзяржавы хаця, канешне, ёсьць дзяржавы, якія больш прыхільна ставяцца да Расеі і яе кіраўніцтва, чым іншыя краіны.

Па словах Анны Фатыгі, ёсьць канкрэтныя крокі з мэтаю супрацьдзейнічаць расейскай прапагандзе, якая часта перадаецца слухачам і гледачам вельмі цікавым і прывабным чынам. А гэта зьяўляецца магчымым дзякуючы вялікім фінансавым сродкам, якія Расея прызначае на прапаганду.

А. Фатыга: Сродкі, якія прызначае на інфармацыю Эўрапейскі Зьвяз, ніякім чынам ня могуць сапернічаць з тымі грашыма, якія Расея прызначае на прапаганду, на палітыку, якая на самой справе зьяўляецца варожай у адносінах да нас. ЭЗ стараецца прымаць адпаведныя крокі, хаця мы разумеем, што дзякуючы вялізным сродкам з боку Расеі на прапаганду гэтая інфармацыя падаецца прывабным чынам. Мы жывем у эпоху вобразаў. Калі гэтыя вобразы паказваюцца цікава, чыста, дабраякасна, то яны прыцягваюць увагу. Мы, у Польшчы, гэта бачым, разумеем, што неабходна ўводзіць рэформы, як у Польскім радыё для замежжа, так і тэлебачаньні Палёнія. Мы хочам, каб наша інфармацыя была цікавай для палякаў, якія пражываюць па-за межамі Айчыны.

Летувіскія дэпутаты, якія прымалі ўдзел у канфэрэнцыі, казалі, што расейская прапаганда робіцца з мэтаю выклікаць хаос і перадаць дэзінфармацыю. Адна з мэтаў прапаганды – пагоршыць польска-летувіскія адносіны. І таму Польшча і Летува павінны зрабіць усё магчымае, каб наладжваць і аднаўляць пазытыўнае супрацоўніцтва – падсумавала былая міністар замежных спраў Польшчы, дэпутат Эўрапейскага парлямэнту Анна Фатыга.

Радыё з-над Віліі/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт