Пасьля брэксіту Польшча мяняе свае прыярытэты
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
10.02.2017 17:36
Учора кіраўнік польскага МЗС пазнаёміў дэпутатаў з мэтамі польскай замежнай палітыкі.
Photo: PAP/Radek Pietruszka
Польскія штодзёнкі ўсё яшчэ адклікаюцца да праграмнай прамовы міністра замежных спраў Вітальда Вашчыкоўскага пра асноўныя напрамкі польскай замежнай палітыкі ў 2017 годзе. „Rzeczpospolita” зьвяртае ўвагу на выказваньне міністра пра дзейнасьць на карысьць паляпшэньня сытуацыі ў Эўразьвязе, а не ягоны распад, таму што вяртаньне да Эўропы нацыянальных эгаізмаў было б аднолькава шкодным, як і ўтапійная інтэграцыя.
Відаць, мадыфікацыя ранейшых дзеяньняў паявілася пад уплывам выхаду з ЭЗ Вялікабрытаніі, невядомай пакуль стратэгіі дзеяньняў прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, таксама невядомага выніку сёлетніх выбараў у Францыі, Галяндыі, і нават у Нямеччыне. Дарэчы, таксама лідар партыі „Права й справядлівасьць” Яраслаў Качыньскі абяцаў канцлеру Нямеччыны Ангеле Мэркель, што Польшча пастараецца выпрацаваць кампрамісную праграмную дэклярацыю на 60-я ўгодкі стварэньня Эўрасупольнасьці.
Значна раней Польшча намерваецца ўключыцца ў пабудову эўрапейскай абароннай сыстэмы, а таксама ў дэбаты на тэму бюджэту Эўразьвязу пасьля 2020 году. Гэтым разам міністар Вашчыкоўскі асноўным партнэрам у ЭЗ назваў Нямеччыну, а не Вялікабрытанію, заяўляючы, што пасьля „brexitu” цяжка ўявіць будучыню эўрапейскага праекту бяз шчыльнай супрацы Польшчы, Францыі й Нямеччыны.
нб