„Пуцін не хацеў перамогі Трампа. Ніхто, зь кім я размаўляў у Маскве, не чакаў такога выніку. Расея, гэта не дэмакратычная краіна й яна не разумее, як дзейнічае дэмакратыя. Таму ў Крамлі лічылі, што амэрыканскія эліты не дапусьцяць перамогі такога чалавека, як Трамп. Пуцін спадзяваўся, што пераможа Хілары Клінтан. Але паколькі лічыць яе ворагам Расеі, то хацеў аслабіць ейную пазыцыю”, - кажа ў размове з выданьнем „Rzeczpospolita” адзін з асноўных амэрыканскіх экспэртаў па справах Расеі Марк Галеоці (Mark Galeotti) .
Паводле экспэрта, падчас прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Барака Абамы Пуцін мог рабіць выгляд ірацыянальнага лідара, таму што Абама заставаўся рацыянальным і сытуацыя была пад кантролем. Цяпер ён асабліва баіцца аднаго: што будзе прымушаны выбіраць паміж Кітаем і ЗША.
„У расейцаў няма ніякіх ілюзій наконт Кітая - у 2014 годзе яны патрабавалі дапамогі, каб выйсьці зь фінансавага крызысу й кітайцы абышліся зь імі вельмі жорстка. Але Расея мае доўгую мяжу з Кітаем. Напрыклад, Бірабіджан, Хабараўск ці Ўладзівасток разьвіваюцца выключна дзякуючы кітайскім грошам. Тамтэйшыя расейскія эліты іх патрабуюць, тым больш, што Пуцін абмежаваў рэгіянальныя бюджэты, каб фінансаваць Крым і Данбас. Таму Расея ня можа закрыць мяжу з Кітаем”, - лічыць Галеоці.
Экспэрт ня верыць таксама ў гісторыю з кампраматамі на Трампа. Паводле яго, ніякая выведка ня мае такіх магчымасьцяў, якія дазвалялі б закрануць апэратыўнай распрацоўкай асобы без пэрспэктываў удзелу ў палітыцы. Усё ж Галеоці не выключае, што вакол Трампа ёсьць людзі, якія могуць мець такія дачыненьні з Расеяй.
Трамп заяўляе, што хоча зрабіць „deal” з Пуціным. Што Расея можа прапанаваць ЗША?
„Вельмі мала. Расейская эканоміка меншая, чым эканоміка Нью-Ёрку, ейны ўдзел у сусьветным нацыянальным даходзе падае, дэмаграфія абвальваецца, узброеныя сілы перагружаныя, а soft power на самай справе не існуе. Менавіта таму многія баяцца, што саміт Трамп - Пуцін, калі ён у рэшце рэшт адбудзецца, скончыцца няўдачай. І гэта таксама з-за характару абодвух лідараў: кожны зь іх зьяўляецца хамам, горшага гатунку альфа-самцом.
Пуцін таксама заўсёды добра падрыхтаваны, ён ведае, што кажа й шануе прафэсіяналізм іншых. Трамп - наадварот. Ён схільны гаварыць тое, што яму прыйдзе ў галаву, а затым адмаўляецца ад сваіх заяваў. Пуцін маніякальна гэтага ня любіць”, - кажа амэрыканскі экспэрт па справах Расеі Марк Галеоці ў размове з выданьнем „Rzeczpospolita”.
аз