Расьце спажываньне электраэнэргіі ў Польшчы
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
07.02.2017 16:03
Спажываньне яшчэ больш павялічыцца разам з ростам папулярнасьці электрамабіляў.
pixabay.com/Public Domain CC0
Расьце спажываньне электраэнэргіі ў Польшчы. Паводле дадзеных кампаніі „Польскія электраэнэргетычныя сеткі”, за 2016 год спажываньне энэргіі ў краіне склала 164 625 гігават-гадзіны. Гэта на 3 тысячы гігават-гадзіны больш, чым у мінулым годзе (161 438 гігават-гадзінаў).
Старшыня Форуму энэргіі Яанна Мацьковяк-Пандэра (Joanna Mackowiak-Pandera) кажа, што рост попыту на электраэнэргію ў Польшчы ў гадавым маштабе можа скласьці 1,5-2 %. Гэта аднак будзе залежаць ад шматлікіх фактараў.
Яанна Мацькоўяк-Пандэра: Калі ўрад мае пляны па прасоўваньні пытаньня электрыфікацыі ацяпленьня, то бок стварэньня магчымасьці ацяпленьня будынкаў пры выкарыстаньні электраэнэргіі, то гэты рост можа быць большым. Шмат залежыць ад сытуацыі ў эканоміцы й ад яе росту. Ключавое значэньне мае прамысловае спажываньне электраэнэргіі.
Яанна Мацьковяк-Пандэра таксама зьвяртае ўвагу на іншыя фактары, якія спрыяюць росту попыту на электраэнэргію ў Польшчы.
Яанна Мацькоўяк-Пандэра: Вядома, важным элемэнтам з пункту гледжаньня будучага попыту на электраэнэргію зьяўляецца, напрыклад, зарадка электрамабіляў, у тым ліку стварэньне адпаведных зарадных станцыяў і пашырэньне гэтай праграмы ў Польшчы.
Паводле дадзеных Форуму энэргіі, у Польшчы ёсьць 17 мільёнаў спажыўцоў электраэнэргіі. 14,5 млн – гэта індывідуальныя кліенты, якія на энэргію выдаткоўваюць агулам амаль 3,5 мільярда эўра ў год. У сярэднім кожная хатняя гаспадарка выдаткоўвае на электраэнэргію больш за 320 эўра ў год. Астатнія кліенты плацяць за электраэнэргію больш за 10 мільярдаў эўра ў год.
аз