Logo Polskiego Radia
Print

Быць бацькам - гэта файная справа

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 17.01.2017 15:44
  • файна быць татам.mp3
Неабходна пераконваць людзей, што роля бацькі дае многім з нас пачуцьцё сэнсу.
pixabay.com/Public Domain CC0

Сучасны сьвет дае чалавеку шматлікія магчымасьці рэалізацыі і шырокі выбар жыцьцёвага шляху. Яшчэ ня так даўно сужэнства, бацькоўства былі натуральным элемэнтам жыцьця, цяпер жа далёка ня кожны мужчына, і нават ня кожная жанчына мараць пра сям’ю і дзяцей. Калі няма ўжо грамадзкага прэсінгу, то неабходна пераконваць людзей, што роля бацькі – адна з самых важных у жыцьці, якая дае многім з нас пачуцьцё сэнсу.

І менавіта з такой мэтай – заахвоціць мужчын станавіцца бацькамі – у Польшчы пачалася адмысловая грамадзкая кампанія. «Фундацыя мамы і таты» пачала кампанію, накіраваную да мужчын ва ўзросьце 20-40 гадоў, адным словам – людзей, якія гатовыя стаць бацькам. Кажуць, што на хваробу і на дзяцей ніколі няма часу і добрага моманту. Аднак аўтары кампаніі імкнуцца пераканаць мужчын, што ўсё ж такі варта знайсьці час на тое, каб стаць татам. Канешне, бацькоўства – гэта нялёгкая справа. Практычна кожны тата мае ў жыцьці моманты сумненьняў, страху – страціць сваю пазыцыю, боязі, ці справіцца з абавязкамі. Тым ня менш, роля бацькі – адна з самых важнейшых у жыцьці, якая дае вялікую аддачу і шмат задавальненьня.

Праведзеныя апытаньні грамадзкай думкі паказваюць, што ўсё больш мужчын адкладваюць рашэньне аб завядзеньні сям’і, многія жывуць у нефармальных саюзах або вечнымі адзіночкамі. Акцыя павінна пераконваць іх, што роля бацькі – гэта самая важная роля, якую яны могуць выконваць у жыцьці, – гаворыць старшыня «Фундацыі мамы і таты» Марэк Грабоўскі, бацька чацьвярых дзяцей.

М. Грабоўскі: Мы правялі дасьледаваньні, пачулі вельмі шмат меркаваньняў мужчын, якія хацелі б мець дзяцей, або мець іх больш, чым адно. Аднак у іх паяўляецца вельмі многа рознай боязі – ці я спраўлюся, ці ў мяне не ўпадзе ўзровень, стандарт жыцьця, як маё жыцьцё будзе выглядаць. І такім мужчынам мы хочам сказаць: «Слухай, мужык, будзе добра». У нашай кампаніі мы прадстаўляем голас мужчынам, у якіх ёсьць дзеці, якія расказваюць, што дзеці – гэта радасьць, задавальненьне, гонар, дзякуючы ім мужчына адчувае сябе адбыўшымся, сьпелым чалавекам.

За стратэгію і распрацоўку кампаніі адказвала агенцтва «Тэлескоп». Яго дырэктар Маліна Вячорак кажа, што акцыя накіраваная галоўным чынам да маладых мужчын.

М. Вячорак: Каб роля бацькі, роля таты стала прывабнай роляй. Каб паказаць, што гэта ў пэўным сэнсе выклік для мужчыны, яго мужчынская прыгода. Тата дае прыклад паводзінаў дзецям, але выглядае гэта як правіла крыху інакш, чым гэта робяць маці. Для мужчынскіх паводзінаў характэрная большая свабода, нават крыху вар’яцтва, рызыкі, мужчыны інакш да гэтага падыходзяць. Мы стараемся паказаць, што гэтая роля файная, каб усё больш людзей брала на сябе гэтую задачу.

Урачысты пачатак кампаніі адбыўся на мінулым тыдні. Бацькі, якія прыйшлі з дзецьмі на заняткі ў Нацыянальны музэй у Варшаве, падкрэсьліваюць, што заўсёды стараюцца знайсьці час для сваіх дзетак, а дзеці адзначаюць, што тата – гэта вельмі патрэбны чалавек.

Мужчыны: Я – тата траіх дзяцей, і вельмі гэтым задаволены. Канешне, на пачатку ёсьць зьмена, чалавек ужо не такі свабодны, як раней, але пазьней прывыкае, а дзеці схіляюць нас да таго, каб старацца, дасягаць большага, чым калісьці. Я стараюся знайсьці час, каб удзельнічаць з маімі дзецьмі ў цікавых занятках, як тут, у Нацыянальным музэі.

Дзеці: З татам мы чытаем, езьдзім у горы, на канікулы едзем на мора.
Вывучаем разам з ім гісторыю, ён расказвае нам пра нашых продкаў, пра гісторыю Польшчы.


Ролікі кампаніі «Файна быць татам» паказваюць па тэлебачаньні, яны гучаць на радыё, ёсьць таксама інфармацыя ў друкаваных СМІ, на плякатах.

Дарэчы, «Фундацыя мамы і таты» праводзіла таксама іншыя кампаніі, між іншым на тэму разводаў у польскім грамадзтве. Называлася акцыя «Развод – прадумай гэта!». Была таксама кампанія на тэму вернасьці свайму партнэру «Каханьне – лепш на ўсё жыцьцё», шматдзетных сем’яў: «Чым нас больш, тым весялей». А яе кампанія пад загалоўкам «Не адкладвай мацярынства на пазьней» выклікала шырокі рэзананс у польскім грамадзтве.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт