Блізкі Ўсход бяз Захаду
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
02.01.2017 15:14
На Блізкім Усходзе пачаўся працэс фармаваньня новага рэгіянальнага парадку.
źr. www.google.maps.com
Ініцыятарамі зьмен зьяўляюцца Турэччына, Расея ды Іран. Тэму асьвятляе штодзёнка “Rzeczpospolita”.
За нападам у Стамбуле стаяць джыхадысты або асобы, якія хочуць прыкрыцца імі, бо стыль нападу сьведчыць пра джыхадыстаў. Яны зьяўляюцца элемэнтам блізкаўсходняй мазаікі, за перакладаньне якой ўзялася Анкара разам з Масквой і Тэгеранам.
Турэччына ды Расея прыканцы мінулага году агучылі плян замірэньня ў Сырыі. Заходнія краіны ня ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы дадзенага пляну. Захад толькі падтрымаў яго пры галасаваньні ў Радзе бясьпекі ААН. Пасьля доўгіх гадоў абыякавасьці ды занядбаньня, Захаду застаецца толькі назіраць за тым, які парадак будуюць у Сырыі антызаходняя Расея ды Іран, а таксама ўсё больш антызаходняя Турэччына, піша выданьне. Масква й Тэгеран у першую чаргу хочуць, каб у Сырыі пры ўладзе застаўся дыктатар Башар Асад. Захад доўгі час заяўляў пра Сырыі без Асада, але нічога не зрабіў, каб ня даць дыктатару ўтапіць ў крыві пратэстуючыя гарады: Хомс ці Алепа. Заходнікі паставілі ў Сырыі на сілы, якія альбо радыкалізаваліся, альбо нічога ня значаць, як Сырыйская нацыянальная кааліцыя.
У сваю чаргу туркам важна, каб на іх паўднёвых межах не зьявілася незалежная дзяржава курдаў, бо гэта будзе ўплываць на мільёны курдаў, якія жывуць у Турэччыне. Менавіта таму сярод падпсісантаў замірэньня няма сырыйскіх курдаў, затое ёсьць частка радыкальных ісламісцкіх груповак. Гэта была ўмова Анкары, піша выданьне.
Дадзенае замірэньне можа стаць пачаткам перамоў пра завяршэньне вайны ў Сырыі. Размовы заплянаваныя на студзень у Казахстане. У перамовах возьмуць удзел сырыйскі ўрад, прадстаўнікі апазыцыі пры ўдзеле туркаў, іранцаў ды расейцаў.
Тэрыторыі, якія знаходзяцца пад кантролем ураду ды згаданай апазыцыі – гэта практычна ўвесь захад краіны з буйнымі гарадамі ды доступам да мора. Па-за мірным працэсам застанецца пустынны ўсход, дзе пануюць джыхадысты з Ісламскай дзяржавы, і частка поўначы, дзе жывуць курды. Менавіта яны могуць стаць найбольшай ахвярай гэтага замірэньня, бо, нягледзячы на змаганьне з Ісламскай дзяржавай, незалежнасьці яны не атрымаюць, прагназуе выданьне.
юл