Logo Polskiego Radia
Print

Польшча скарачае датацыі нацыянальным меншасьцям

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 28.12.2016 13:49
У сьпісе мерапрыемстваў, якія атрымаюць датацыі, няма многіх важных імпрэз, у тым ліку беларускіх.
www.pixabay.com

На будучы год урад прызначыў менш сродкаў на дзейнасьць арганізацый нацыянальных меншасьцяў. Праўда, грошы такія ж, як год таму – каля 15 млн. злотых, але пакуль што Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі падзяліла толькі 10 млн, а рэшту пакінула ў рэзэрве – піша «Gazeta Wyborcza». Акрамя таго, падзел адбыўся без кансультацый з прадстаўнікамі нацменшасьцяў.

У сьпісе мерапрыемстваў, якія атрымаюць датацыі, няма многіх важных імпрэз, што раней атрымлівалі грошы. Іншым грошы былі абрэзаныя. Напрыклад, ня будзе датацыі для трох арганізацый (украінцаў і лэмкаў) на мерапрыемствы, зьвязаныя з 70-ай гадавінай акцыі «Вісла» (этнічнай чысткі сярод украінскай і лэмкаўскай нацменшасьцяў у Польшчы пасьля вайны).

Беларуская меншасьць таксама атрымае менш датацый. Па словах старшыні Беларускага грамадзка-культурнага таварыства Яна Сычэўскага, гэта катастрофа для беларускай культуры. Гаворка ідзе пра беларускія фэсты і дзейнасьць фальклёрных калектываў. Датацыя была зьменшаная таксама Радыё Рацыя, якое вяшчае зь Беластоку. Дагэтуль станцыя атрымлівала 200 тыс. злотых у год, цяпер на яе прызначана толькі 120 тыс. МУС не адобрыла таксама традыцыйнай сустрэчы беларускіх літаратараў польска-беларускага памежжа пад назваю «Бязьмежжа» і выдавецкіх праектаў.

Значна менш сродкаў атрымаюць таксама арганізацыі летувіскай ды ўкраінскай нацменшасьцяў. На думку старшыні Зьвязу ўкраінцаў у Польшчы Пётра Тымы, гэта пагражае разбурыць ранейшую мадэль функцыянаваньня арганізацый.

Gazeta Wyborcza/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт