Супрацоўнікаў спэцслужб ПНР панізяць у званьні
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
21.12.2016 12:18
Міністар абароны імкнецца праз закон атрымаць гэтае права.
Antoni Macierewiczpolskieradio.pl
Міністар абароны Польшчы Антоні Мацярэвіч імкнецца праз закон атрымаць права на паніжэньне ў званьні афіцэраў і ўнтэр-афіцэраў, - паведамляе Gazeta Wyborcza, - у тым ліку й тых, хто ўжо пайшоў з жыцьця. У аўтаматычным парадку ваеннага званьня будуць пазбаўленыя вайскоўцы, якія ахопленыя законам пра пазбаўленьне прывілеяў супрацоўнікаў службаў бясьпекі ПНР.
На сьвяткаваньнях 35-й гадавіны ўвядзеньня ваеннага становішча кіраўнік Мінабароны заявіў, што ніхто больш ня будзе называць "генэралам" Войцеха Ярузэльскага й Чэслава Кішчака.
Паводле актуальных законаў, ня так проста панізіць у званьні генэралаў. Рашэньне можа прыняць толькі суд, але памерлых судзіць нельга. Нагадаем, Ярузэльскі памёр у 2014, а Кішчак у 2015 годзе.
Мінабароны распачаў кансультацыі па адпаведнаму законапраекту. У ім гаворыцца, што міністар абароны мае права пазбавіць вайсковага званьня кожнага ўнтэр-афіцэра й афіцэра за выключэньнем генэралаў. Гэта адносіцца як да ваенных на службе, так і ў запасе. Прычыны пазбаўленьня будзе вызначаць міністар, напрыклад, гэта «ўчынкі, якія сьведчаць пра тое, што вайсковец страціў маральныя каштоўнасьці».
Паводле законапраекту, прэзыдэнт краіны атрымае права паніжаць у званьні генэралаў і адміралаў «па просьбе кіраўніка Мінабароны».
Gazeta Wyborcza/яс