Дапамагаць жа можна ня толькі едучы кудысьці, але і з дому. Сваім досьведам дзеляцца валянтэры, якія аказвалі дапамогу ў розных закутках плянэты.
Ня раз можна пачуць гісторыі пра валянтэраў, якія дапамагаюць у аддаленых закутках сьвету. Асабліва разьвітае валянтэрства на Захадзе. За апошнія гады гэтая форма грамадзкай актыўнасьці распаўсюдзілася і ў нашым рэгіёне. Разам з тым, ня кожны ў нас можа сабе дазволіць далёкую паездку, каб некалькі месяцаў быць валянтэрам ды дапамагаць іншым.
Цяпер можна дапамагчы і будучы дома, у сваёй краіне. Цікавы прыклад такой дапамогі - гэта дабрачынная крамы. Адна з такіх крамаў дзейнічае ў Варшаве. У краме прадаюцца прадукты з Афрыкі, якія вырабляюць тамтэйшыя жыхары, што дазваляе ім зарабіць сабе на жыцьцё. Крама называецца Амакуру. Што гэта значыць і што там можна купіць, распавядае валянтэрка фундацыі Палятынаў „Сальваці”, якая нядаўна вярнулася з Афрыкі - Дарота Зяліньска.
Дарота Зяліньска: Амакуру - гэта “як справы”. Мы хочам запытацца нашых гасьцей: як вашы справы? Мы адзіныя, якія так працуюць. У нас можна купіць паштоўкі, батлейкі ручной работы, торбы, біжутэрыю, абутак, напрыклад, сандалі. За ўсе рэчы мы плацім непасрэдна людзям, якія іх вырабілі. Будучы ў Афрыцы, я сустракалася зь імі. Таксама кава з розных рэгіёнаў. Ёсьць кавярня, дзе можна каву паспрабаваць. Яна мае вельмі глыбокі смак. Да нас прыходзяць розныя людзі, ёсьць вялізарная зацікаўленасьць Афрыкай, што там дзеецца, як там жывуць людзі, ды як ім можна дапамагчы.
Такім чынам, можна дапамагчы камусьці з Афрыкі выжыць, проста піючы каву ў Варшаве. Заробак з крамы ды кавярні фундацыя перадае ў Афрыку. Цяпер фундацыя зьбірае сродкі на дапамогу дзецям ва Ўкраіне. Пра працу фонда распавядае старшыня Палятынскай фундацыі Сальваці Ксёндз Ежы Ліманоўка.
Ежы Ліманоўка: Мы ня хочам проста раздаваць грошы, але заахвочваць людзей да працы, купляючы ў іх вырабленыя імі рэчы. Сабраныя сродкі ідуць на стыпэндыі для моладзі з Руанды ды падтрымку шпіталя. Гэтую ідэю мы прывезьлі з Шатляндыі, дзе была цэлая вуліца такіх гуманітарных крамаў. Пачаткі былі цяжкімі для нас, але павольна вучымся. Шмат нам дапамагаюць і валянтэры ды місіянэры.
Як стаць такім валянтэрам? Ці гэта складана, што трэба дзеля гэтага? Самае галоўнае жаданьне. Кожны можа стаць валянтэрам, калі мае ахвоту дапамагаць, кажа шматгадовая валянтэрка Караліна Дукель.
Караліна Дукель: Усё пачалося ў гарцэрстве, калі трэба было навучыцца супрацы з іншымі, камунікацыі, а таксама кампрамісу, але і дае магчымасьці і самаразьвіцьця. Гэтыя навыкі спатрэбяцца кожнаму ў жыцьці. Потым быў Эўрапейскі канцэрт культуры ва Ўроцлаве, потым быў Фэстываль супраць выключэньня. Таксама было замежнае валянтэрства. Найбольшае задавальненьне было ў Манілі на Філіпінах, калі мы кармілі дзяцей у школах. Тры месяцы там сталі найбольшым досьведам у маім жыцьці. Будучы турыстам, ніколі б гэтага не ўбачыла. Там неверагодная галеча, дамы будавалі нават з выбарчых банэраў. Я зразумела, што варта правяраць сябе ў новым атачэньні, выхадзіць са сваёй сфэры камфорту. Цяпер я перакананы, што ўсё магу. Я лічу, што кожны можа стаць валянтэрам, тым больш што гэта заўсёды нас узбагачае.
Валянтэрства прыцягвае сёньня розных людзей з розных краін. Так людзі дапамагаюць іншым, пры гэтым пазнаюць сьвет, адкрываюць сябе. Дабрачынна дапамагаць сёньня можна ня толькі далёка, у бедных краінах, але і на месцы. Вакол нас ёсьць мноства людзей, якім патрэбна дапамога.
Юры Ліхтаровіч