Logo Polskiego Radia
Print

Усходняя Эўропа ў замкнёным коле праблем

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 09.12.2016 16:30
  • кола праблем.mp3
СССР увайшоў у стагнацыю пасьля 60 гадоў існаваньня.
Foto: pixabay.com

Постсавецкім краінам спатрэбілася на гэта каля 20 гадоў. Беларусь, Расея ды Ўкраіна змагаюцца са стагнацыяй, эканамічным крызысам, маюць праблемы з кіравальнасьцю. Гэта спадчына папярэдняга рэжыму, а таксама абранай сьцежкі разьвіцьця 25 гадоў таму.

На пачатку 1980-ых гадоў Савецкі Саюз сутыкнуўся з сур'ёзнымі эканамічнымі, сацыяльнымі ды палітычнымі праблемамі. Савецкае кіраўніцтва пачало перабудову, якая павінна была стаць адказам на гэтыя клопаты. У выніку зьнік стваральнік праблем - СССР, а на яго руінах зьявіліся новыя дзяржавы.

25 гадоў пасьля многія праблемы так і не былі вырашаны. Рынкавая эканоміка пабудавана толькі часткова, разьвіцьця няма, а ў сфэры кіраваньня альбо пануе хаос, або канцэнтрацыя ўлады, што ідзе ў пары з карупцыяй і дэспатызмам.

Мы папрасілі прааналізаваць 25 гадоў зьмен у Беларусі, Расеі ды Ўкраіне польскага дасьледчыка Ежы Таргальскага.

Ежы Таргальскі: Няпраўда, што не было разьвіцьця. Было, толькі розныя краіны разьвіваліся па-рознаму. Што тычыцца Расеі, то гэтая краіна з-за сваёй прыроды ня можа ўстойліва разьвівацца. Галоўная перашкода – ейныя памеры. Каб утрымаць тэрытарыяльнае адзінства, павінна быць моцная цэнтральная ўлада, а разам зь ёю моцны сілавы апарат: войска ды служба бясьпекі. Інтарэсы апарату хутка становяцца найважнейшымі ў дзяржаве. Галоўны ж інтарэс – гэта кантроль ды выдойваньне грамадзтва. У выніку самастойнае эканамічнае разьвіцьцё становіцца немагчымым. Яго можна пабудаваць толькі на сыравіне, а сродкі, заробленыя ад продажу рэсурсаў, потым раскрадае той жа цэнтральны апарат. У выніку апарат засяроджаны на выцягваньні рэсурсаў зь дзяржавы й экспансіі навонкі.

Дадзеная сыстэма прывяла да таго, што Расея можа быць толькі паразытам. Яна мусіць мець кагосьці, паразытуючы на кім яна магла б існаваць, кажа экспэрт. Як выглядае сьцежка разьвіцьця Ўкраіны?

Ежы Таргальскі: Пад разьвіцьцём трэба разумець доступ да тэхналёгій, а не дабрабыт. Таму разьвіцьцё ёсьць, але залежыць ад таго, наколькі краіны інтэграваліся зь міжнароднымі рынкамі. Чым больш пайшлі на Захад, тым больш такая інтэграцыя ды вышэйшы ўзровень жыцьця людзей. Аднак за гэта плаціцца цану: увядзеньне фасаднай дэмакратыі, дзе посткамуністычныя эліты ўспрымаюць дзяржаву як кармушку. Гэта добрая ілюстрацыя таго, што сталася ва Ўкраіне. Чыноўнікі ды алігархі успрымаюць краіну як авечку, зь якой вырываюць ужо ня шэрсьць, а кавалкі мяса. Пануе падыход як у захопленай краіне. Гэтаму прычына - прамысловая намэнклятура, якая пераняла ўладу ва Ўкраіне. Таму ва Ўкраіне ў палове 1990-ых гадоў сфармавалася алігархічная сыстэма, дзе цэнтры ўлады былі падзеленыя паміж групай алігархаў. Сыстэма зайшла ў тупік пры Януковічу, які хацеў стварыць адзін алігархічны клян. У выніку Януковіча зрынулі. Цяпер зноў пануе хаос і сыстэма балянсаў паміж алігархамі.

Як тады патлумачыць сьцежку Беларусі? Тут улада даўно сканцэнтраваная, краінай кіруе вось ужо 22 гады адзін і той жа чалавек, эканамічна моцна прывязаная да савецкіх рэцэптаў, палітычна да Расеі, хоць апошнімі гадамі спрабуе лявіраваць. Чым тлумачыцца такі варыянт разьвіцьця?

Ежы Таргальскі: Трэба памятаць, што розьніца бярэцца з розьніцы намэнклятуры. У адрозьненьне ад Украіны, беларуская намэнклятура была вясковай, як і рэспубліка. Таму ў Беларусі склалася вельмі простая сыстэма кіраваньня. Ёсьць толькі адзін алігарх, які доіць краіну ды кажа, каму можна даіць ад ягонага імені. Беларуская сыстэма прасьцейшая, але калі Ўкраіна дагэтуль жыла за свой кошт, то Менск жыў яшчэ таму, што меў датацыі з Расеі. Гэта і нізкія цэны сыравіны, і транзыт з Расеі ў ЭЗ, доступ да расейскага рынку. Сыстэму дзяржаўнай беларускай эканомікі ўтрымлівае Расея.

Якія вашы прагнозы далейшага разьвіцьця гэтых краін?

Ежы Таргальскі: Каб Расея магла разьвівацца, патрэбная дэцэнтралізацыя, што пры такой тэрыторыі можа прывесьці да распаду. Таму яны будуць увесь час хадзіць па колу: дэцэнтралізацыя-аслабленьне дзяржавы-узмацненьне дзяржавы-запаволеньне разьвіцьця. Ва Ўкраіне ўсё будзе залежыць ад рашэньня зьнешніх сіл (ЗША). Калі яны акажуць падтрымку, тады Ўкраіна зможа спыніць вайну і пачнецца працэс інтэграцыі з сусьветнымі рынкамі. Гэта прывядзе туды міжнародныя канцэрны, а разам зь імі скароціцца ўплыў і значэньне алігархаў. Калі ж падтрымкі ня будзе, сытуацыя пагоршыцца. У Беларусі ня бачна жаданьня Лукашэнкі падзяліцца ўладай. Для ўтрыманьня ён спрабуе яшчэ раз разыграць партыю “ашукаць усіх - Захад і Ўсход”. Пры гэтым унутры апарату будуць расьці групы незадаволеных “маладых кандыдатаў” на тое, каб даіць краіну. Іх галоўная матывацыя, чаму толькі Лукашэнка доіць, мы таксам хочам. Грамадзтва хутчэй не абудзіцца, бо людзі будуць выбіраць жыцьцё пры дыктатары замест вайны, гледзячы на прыклад Украіны. Лукашэнку цяжка будзе ўтрымліваць балянс, бо для разьвіцьця трэба ісьці на Захад, а чым больш ён туды пойдзе, тым хутчэй будзе рэакцыя з боку Масквы. Замкнёнае кола.

Экспэрт бачыць хутчэй пэсымістычны сцэнар разьвіцьця рэгіёну. Ключавое значэньне мае Ўкраіна, калі там адбудуцца зьмены й пачнецца паляпшэньне сытуацыі, за ёю можа пацягнуцца Беларусь. У адваротным выпадку, над усім рэгіёнам запануе стагнацыя.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт