Logo Polskiego Radia
Print

"Прыхільнікі Кастра павінны паехаць на Кубу" (ФОTA)

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 28.11.2016 12:44
  • Куба-Бяляцкі.mp3
За час кіраваньня Фідэля Кастра краіна пераўтварылася ў руіну, але ці нешта памяняецца пасьля яго сьмерці?
PAP/EPA/LUONG THAI LINH

У пятніцу вечарам памёр кубінскі лідар Фідэль Кастра. Адны лічаць яго дыктатарам, а іншыя плачуць і сумуюць на вестку аб яго сьмерці. За час кіраваньня Фідэля Кастра краіна пераўтварылася ў руіну, а дэмакратыя была зьнішчаная. Ці нешта памяняецца пасьля яго сьмерці?

У часы кіраваньня Фідэля Кастра фінансавая сытуацыя краіны рэзка пагоршылася. Кубінцы жывуць на мяжы галечы, у краіне не хапае прадметаў першай неабходнасьці. Усё ж самі кубінцы ў ацэнцы Фідэля Кастра падзеленыя 50 на 50%.

На Захадзе Фідэля пераважна лічаць дыктатарам, які зьнішчаў грамадзянскія свабоды й СМІ. Але ёсьць і такія кіраўнікі эўрапейскіх краін, як Аляксандар Лукашэнка ці Ўладзімір Пуцін, якія лічаць яго “мысьляром, замены якому пакуль няма”.

/

Тым, хто станоўча ацэньвае Фідэля Кастра й яго кіраваньне Кубай, варта паехаць у гэтую краіну й паглядзець, што гэты чалавек зрабіў зь дзяржавай і народам – гаворыць Алесь Бяляцкі, які быў на Кубе двойчы. Апошні раз гэта было восем гадоў таму, але час на Кубе спыніўся даўно, таму з таго моманту нічога не памянялася. “Нікому не пажадаю такога сацыялістычнага раю”,– гаворыць беларускі праваабаронца.

А. Бяляцкі: Час там спыніўся. Краіна выглядае як пасьля вайны. Паўсюль будынкі, якія развальваюцца, новых амаль няма. Куба знаходзіцца ў галечы. Голас звычайных людзей нячутны, паколькі любая крытыка, выступленьне за зьмены перасякаецца ўладамі. Сур’ёзная колькасьць апанэнтаў улады знаходзіцца ў турме. Там няма свабоды слова, свабоды абмеркаваньня, няма іншых дэмакратычных свабод. Існуе паўваенная казарменная савецкая мадэль, якая зьвяла людзей да ўзроўню бяспраўнага быдла, якім кіруюць. Людзей трымаюць у поўным падпарадкаваньні, а ўзровень страху надзвычай вялікі. Зь дзяцінства там прамываюць мазгі. Людзі знаходзяцца ў такой сытуацыі, што яны ня ведаюць, што можна было б зрабіць, каб палепшыць сытуацыю. Няма інструмэнтаў, якія б прабудзілі звычайнае чалавечае жаданьне жыць лепш. Гэтая выродлівая, сацыялістычная мадэль Кубы дасягнула свайго апагея.

/

Ці пасьля сьмерці Фідэля Кастра можна спадзявацца радыкальных перамен на Кубе? Паводле былога польскага дыплямата ў Лацінскай Амэрыцы Леха Мёдэка, гэтага спадзявацца ня варта. Улады ў Гаване ня хочуць гаспадарчай лібэралізацыі.

Л. Мёдэк: Кубінцы моцна спадзяваліся на дробную прамысловасьць. Аказалася, што яна знаходзіцца пад сталым кантролем служб, а нават павольна ліквідуецца. Улады прыйшлі да высновы, што ёсьць разнастайныя парушэньні, а “няправільным чынам” нельга ўзбагачацца, паколькі гэтага не дазваляе сацыялізм.

Былы дыплямат мяркуе, што Кубу чакае пэрыяд узмоцненай нявызначанасьці. Рауль Кастра абяцаў сысьці з пасады прэзыдэнта ў красавіку будучага году. Аднак пасьля сьмерці яго брата Фідэля гэтае рашэньне можа быць зьмененае. Лех Мёдэк зазначае, што сам Фідэль Кастра быў і будзе ацэньвацца як неадназначная постаць.

/

Фідэль Кастра памёр ва ўзросьце 90 гадоў. Ён нарадзіўся ў 1926 годзе ў г. Біран на Кубе ў сямʼі ўладальніка цукровай плянтацыі. У 1950 годзе атрымаў дыплём юрыдычнага факультэта ўнівэрсытэта ў Гаване. У гады студэнцтва належаў да Партыі кубінскага народа, у 1953 годзе ўдзельнічаў у нападзе на казармы Манкада, за якое Фідэля Кастра прысудзілі да пятнаццаці гадоў турмы.

У 1955 годзе вызвалены пад ціскам грамадзкасьці з турмы Кастра зьехаў у Мэксыку, а ў 1956 годзе вярнуўся на Кубу, дзе набіраў сілу партызанскі рух. У 1959 годзе Фідэль Кастра, лідар кубінскай рэвалюцыі, становіцца кіраўніком урада Кубы.
У апошнія гады стан здароўя Фідэля Кастра пагоршыўся. У 2006 годзе ён часова перадаў уладу свайму брату Раулю, а праз два гады адмовіўся ад выконваньня ўсіх дзяржаўных функцый. З таго часу ён рэдка зьяўляўся публічна, а сьвет ня раз казаў пра яго магчымую сьмерць.

Цяпер на Кубе трывае 9-дзённая жалоба. Фідэль Кастра будзе пахаваны 4 сьнежня.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт