Няўрадавы сэктар - трэцяя сіла Польшчы
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
16.11.2016 13:55
Штогод праз польскія НДА праходзіць каля 4 млрд 560 млн эўра.
Foto: pixabay.com
У Польшчы дзейнічае каля 70 тысяч няўрадавых арганізацый. Штогод празь іх праходзіць каля 20 мільярдаў злотых (4 млрд 560 млн эўра). Штодзёнка “Dziennik Gazeta Рrawna” шукае адказу на пытаньне, наколькі эфэктыўна выдаткоўваюцца гэтыя сродкі.
НДА або няўрадавыя арганізацыі - гэта трэці сэктар эканомікі, то бок структуры, задача якой - спрыяць грамадзкаму разьвіцьцю побач з дзяржаўнымі ўстановамі ды прыватным бізнэсам. Пры гэтым НДА ня ставяць сабе за мэту прыносіць даход. У Польшчы дзейнічае ад 70 да 100 тысяч няўрадавых арганізацый, але сэктар мае слабую распазнавальнасьць у грамадзтве, піша выданьне. Мала хто ведае, чым займаюцца няўрадавыя арганізацыі.
Апошнім часам трэці сэктар у Польшчы стаў аб’ектам усё мацнейшай крытыкі. У першую чаргу НДА абвінавачваюцца ў фінансавай непразрыстасьці ды няясных крыніцах фінансаваньня. З крытыкай выйшлі з пачатку палітыкі Руху “Кукіз-15”. Яны заатакавалі арганізацыі, якія атрымоўваюць падтрымку з Фонда Сораса. Цяпер крытыку падхапіла польская дзяржаўнае тэлебачаньне, піша газэта. Журналісты пачалі шукаць сувязі паміж дзяржаўнымі датацыямі ды кіраўніцтвам паасобных фондаў ды арганізацый.
Аднак спэцыялісты зазначаюць, што НДА даўно былі й застаюцца аб’ектам кантролі з боку профільных дзяржаўных структур. Гэта вынікае з таго, што праз арганізацыі праходзяць мільёны дзяржаўных, мясцовых ды эўрапейскіх сродкаў. Гэта нармальна. Праблема ў тым, што большасьць заўваг цяпер маюць палітычны характар. Палітыкі імкнуцца давесьці, што НДА зьяўляюцца палітычным рэзэрвам апазыцыі. Гэта прамое парушэньне прынцыпу аб’ектыўнасьці ды незалежнасьці грамадзтва, піша выданьне. Грошы раздаюцца не паводле знаёмстваў, а ў выніку адкрытых конкурсаў. У трэцім сэктары задзейнічана каля 11,5 мільёнаў палякаў, а фінансавых парушэньняў – адзінкі.
Цяперашняя неабгрунтаваная крытыка моцна шкодзіць усяму Трэцяму сэктару ў Польшчы, піша выданьне.
юл