Амэрыканская няўрадавая арганізацыя Freedom House апублікавала справаздачу Freedom on the Net 2016. Паводле дасьледаваньня, 67% інтэрнэт-карыстальнікаў жывуць у краінах, дзе цэнзуры падвяргаецца крытыка ўрада, ваенных і кіруючай эліты. Беларусь, па-ранейшаму, знаходзіцца ў сьпісе краін зь несвабодным інтэрнэтам, але трохі палепшыла свае пазыцыі.
Freedom House паведамляе, што агулам за апошні год сытуацыя са свабодай інтэрнэту ў сьвеце пагоршылася. Калі раней у краінах з цэнзурай пражываў 61% сусьветнага насельніцтва, то цяпер гэты паказчык вырас да 67%.
Па дадзеных Freedom House, 27% карыстальнікаў інтэрнэту пражываюць у краінах, дзе за разьмяшчэньне, перапіс і нават лайкі публікацый можна падвергнуцца арышту.
Беларусь у чарговы раз трапіла ў рэйтынг краін з несвабодным інтэрнэтам. У кампаніі з ёй знаходзіцца Расея, Кітай, Казахстан, Узбэкістан, Турцыя, Іран, Сырыя й шэраг іншых краін.
У дасьледаваньні гаворыцца, што «ўрад Беларусі выкарыстоўвае закон аб СМІ для блякаваньня й запалохваньня інфармацыйных сайтаў, улады працягваюць перасьлед і штрафуюць незалежных журналістаў, а таксама пашырылі свае тэхнічныя й юрыдычныя магчымасьці для назіраньня за інтэрнэт-карыстальнікамі».
У 2016 годзе Беларусь атрымала 62 балы ў рэйтынгу, тады як годам раней у краіны было 64 балы.
Медыя-экспэрт Аляксей Лявончык кажа, што мэханізмы інтэрнэту й мабільнай сувязі такія, што ўсе крокі карыстальнікаў рэгіструюцца й можна адсачыць, хто й калі заходзіў на канкрэтныя старонкі. Іншае пытаньне: колькі такую інфармацыю захоўваць і што зь ёй рабіць.
А. Лявончык: Тое, што ў Беларусі адсочваюць інтэрнэт-карыстальнікаў, не навіна. Апошнім часам значна больш манітаруецца зьмест сацыяльных сетак. Мы бачылі закрыцьцё пэўных груп, якіх называлі экстрэмісцкімі. Пэўная колькасьць іх напэўна такімі была. Пытаньне ў іншым, што ў нас пад экстрэмізм можна падвесьці ўсё, што заўгодна. Гэта залежыць ад таго, куды «дзьме вецер». У Беларусі вызначэньне экстрэмізму вельмі вольнае, як паказвае выпадак Пальчыса.
Таксама паволі паяўляецца перасьлед за мову нянавісьці ў камэнтарах – працягвае Аляксей Лявончык. Камэнтары, за якія, паводле закону, адказваюць СМІ, адсочваюцца асаблівым чынам.
А. Лявончык: Кожнае СМІ адказвае за зьмест на іх старонцы. З пэўнага часу гэтым зьместам зьяўляюцца ня толькі артыкулы, але й камэнтары. Камэнтары могуць стаць інструмэнтам супраць СМІ. Іншае пытаньне, што ў нас цяпер ацяпленьне стасункаў з Эўропай. Робіцца выгляд, што ў нас усё нармальна, але сутнасьць не зьмянілася. У сілавікоў і тых, хто адсочвае, ёсьць усе магчымасьці адшукваць людзей, якія зьмяшчаюць камэнтары пэўнага характару, і закідваць віну сайтам, якія гэтыя камэнтары публікавалі. Наш закон робіць СМІ адказнымі за ўсё. Нават калі б не было закону аб СМІ, то й так знайшлі б нейкае іншае распараджэньне. У Беларусі не існуе інстытуцыяналізацыя законаў, якая дазваляе сказаць: калі ёсьць закон, то гэтага не адбудзецца. У Беларусі такой павагі да законаў няма.
Дасьледаваньне Freedom House праводзілася з чэрвеня 2015 па травень 2016 года ў 65 краінах, у якіх пражывае 88% усіх інтэрнэт-карыстальнікаў. Па ацэнцы Freedom House, у 17 краінах інтэрнэт зьяўляецца свабодным. У пяцёрцы лідараў – Эстонія, Ісьляндыя, Канада, ЗША й Нямеччына. У сьпісе краін з вольным інтэрнэтам таксама апынуліся Грузія й Армэнія. Яшчэ ў 28 краінах, у тым ліку ў Кыргызстане, Украіне й Азэрбайджане, інтэрнэт «часткова свабодны».
ав/tut.by