Logo Polskiego Radia
Print

Намэнклятурныя дзеці: доўгая спадчына “старога рэжыму”

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 07.11.2016 16:30
  • Намэнклятурныя дзеці.mp3
Польскія журналісты ды гісторыкі раскрываюць уплыў камуністычнай намэнклятуры на працэсы трансфармацыі.

У Польшчы выйшла трэцяя кніга з сэрыі “Намэнклятурныя дзеці” пра спадчыну камуністычных часоў, якая пранізвае грамадзкую структуру сёньняшняга жыцьця. Кніга выклікала ў Польшчы скандал ды здабыла вялізарную папулярнасьць. Першы наклад быў прададзены за некалькі дзён.

Першая частка сэрыі пад назовам “Намэнклятурныя дзеці: СМІ” стала ў Польшчы бэстсэлерам. Ужо прададзена больш за 150 тысяч асобнікаў, што шмат для паліталягічнага выданьня. Пасьля аўтары выдалі частку прысьвечаную спэцслужбам, а на днях зьявілася частка прысьвечаная палітыкам. У плянах яшчэ дзьве кнігі пра бізнэсовыя ды навуковыя колы. Мэта выданьня паспрабаваць паказаць повязі мэдыйных, бізнэсовых, палітычных ды навуковых эліт посткамуністычнай Польшчы са структурамі Польскай народнай рэспублікі. Больш падрабязна пра сваю працу Польскаму радыё распавялі самі аўтары. Гэта кнігі пра людзей, якія адыгралі важную, хоць не зусім яўную ролю ў працэсах трансфармацыі, кажа саўтарка Дарота Каня.

Дарота Каня: Наш аўтарскі калектыў не ўяўляў сабе, што можна не заняцца палітыкамі, палітычнай клясай. У першым томе, мы разглядалі сьвет мэдыяў, то бок чацьвёртую ўладу. Пазьней заняліся прыхаванай ўладай – спэцслужбамі. Цяпер прыйшоў час на рэальную уладу – палітыкаў. Мы апісваем іх. Апісваем прэзыдэнтаў, міністэрства замежных спраў, апісваем першыя постаці другога пляну, якія адыгралі найважнейшую ролю ў час ІІІ Рэспублікі.

Гэтыя кнігі спрабуюць паказаць у іншым сьвятле працэсы апошніх 25 гадоў, выхаду з камунізму ды трансфармацыі ў Польшчы. Некаторыя польскія публіцысты заявілі, што, паводле дадзенай кнігі, польскую трансфармацыю запраектавалі ў Маскве? Ці сапраўды, тлумачыць сааўтар Ежы Таргальскі.

Ежы Таргальскі: Не, гэта вынікае з маіх дасьледаваньняў перабудовы ды пераўтварэньняў у краінах былога Савецкага Саюза ды Варшаўскага блёку. Гэтыя кнігі паказваюць, што сыстэма, якую нам у Польшчы зладзіла служба бясьпекі на загад з Масквы, стваралася спэцслужбамі з улікам іх інтарэсаў. Галоўным маторам пераўтварэньняў была цывільная ды вайсковая выведка, яны не маглі не паклапаціцца пра сябе. Іх падыход быў цэласны, для іх важна было не тое, што нехта зойме пэўную пасаду, а тое, каб былі забясьпечаныя інтарэсы імпэрыі ды ведамства. Сыстэма так будавалася, каб ніхто не мог абмежаваць ды паставіць пад удар іхнія інтарэсы.

Чаму вы заняліся гэтай тэмай, а не Інстытут нацыянальнай памяці?

Ежы Таргальскі: Таму што пісаць пра гэта могуць толькі беспрацоўныя, або трэба мець з чаго жыць. Таму можна было напісаць кнігу. Любы, хто быў на пасадзе, асабліва ва ўрадавых установах, яе не напісаў бы, бо быў пад ціскам. Патрэбна незалежнасьць ад дзяржаўных устаноў. Чаму? Таму што дзяржаўныя структуры поўныя повязяў з ўстановамі “старога рэжыму” Так здарылася, што людзі са спэцслужб стваралі сыстэму. Яны дадавалі туды мэханізму, якія гарантуюць ім бясьпеку. Ім патрэбны былі палітычныя гарантыі. Асноўны момант: трэба глядзець, хто ідзі на павышэньне, хто мае шанец зрабіць кар’еру, хто трымаецца на сцэне палітычнай. Калі адказаць на дадзеныя пытаньні, уплыў спэцслужб відавочны.

У сваю чаргу экспэрты зазначаюць высокую вартасьць дадзенай публікацыі. Яна паказвае, што польскае грамадзтва яшчэ мала ведае пра сілу камуністычнага рэжыму ды абсяг яго ўплыву на працэсы трансфармацыі ў Польшчы. Гаворыць прафэсар Торуньскага ўнівэрсытэту Анджэй Зыбэртовіч.

Анджэй Зыбэртовіч: Выхад трэцяга тому з сэрыі “Намэнклятурныя дзеці” зьяўляецца сьведчаньнем нашага няведаньня, недахопу ведаў. Выданьні настолькі поўныя, бо аўтары імкнуцца раскрыць вялізарны абшар няведаньня. Апроч таго дадзеная публікацыя зьяўляецца сьведчаньнем слабасьці польскіх гуманітарных навук. Гэта тычыцца як гісторыі, так і паліталёгіі ды сацыялёгіі. Трое аўтараў робяць працу цэлага навукова-дасьледчага інстытуту. З маманту адкрыцьця архіваў ІНП гісторыкі павінны былі зацікавіцца тым, наколькі дасягнутая ў ПНР прафэсійная ды палітычная пазыцыя ў сілавых ды ўладных структурах, якія часта былі кантраляваныя наўпрост з Масквы, уплывала, адбівалася на ролі асобаў у працэсах сыстэмнай трансфармацыі. Палітолягі павінны дасьледаваць тое, які быў уплыў на фармаваньне сацыяльных сетак повязяў. У нармальных умовах, гэтыя публікацыі павінны былі стаць часткай веды, здабытай з архіваў, дапоўненай статыстычнымі мадэлямі. Гэта павінна паказаць тыя колы ды структуры, дзе перайшлі ў спадчыну пазыцыі па сілавых элітах ды спэцслужбах з камуністычных часоў.

У Польшчы спрабуюць пераасэнсаваць падзеі апошніх гадоў. Аўтарскі калектыў у складзе Дароты Каня, Ежы Таргальскага ды Мацея Мараша працягвае публікацыю сэрыі кніг пад назвай “Намэнклятурныя дзеці”, пра повязі цяперашняга сьвету мэдыяў, навукі, бізнэсу ды палітыкі з “мінулым рэжымам” ПНР і спэцслужбамі тых часоў, якія наскрозь праніклі ў розныя абшары грамадзтва.

Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт