Logo Polskiego Radia
Print

Польшча й Ярданія нарошчваюць ваеннае супрацоўніцтва (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 07.11.2016 15:39
  • Польшча й Ярданія.mp3
Заканчваецца трохдзённы візыт прэзыдэнта Анджэя Дуды ў Ярданію.
Photo: PAP/Jacek Turczyk

Сустрэча з каралём Ярданіі Абдалой ІІ, удзел у сэмінары па пытаньнях супрацоўніцтва паміж ВПК дзьвюх краін і сустрэча з рэлігійнымі лідарамі – гэта асноўныя пункты візыту польскай прэзыдэнцкай пары ў Ярданію.

Кіраўнік польскай дзяржавы бачыць вялікі патэнцыял у супрацоўніцтве паміж ваенна-прамысловымі комплексамі Польшчы й Ярданіі. Падчас візыту ў Аман Анджэй Дуда наведаў штаб-кватэру Інстытуту дасьледаваньня й распрацоўкі ярданскага абароннага сэктара імя караля Абдалы ІІ (The King Abdullah II Design and Development Bureau, KADDB).

Прэзыдэнт Дуда падкрэсьліў, што пытаньне бясьпекі зьяўляецца асноўным у аспэкце адраджэньня „геапалітычнага суперніцтва” звышдзяржаў.

Ён нагадаў, што ў 2014 годзе Польшча й Ярданія падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве ў галіне абароны й з задавальненьнем вітае той факт, што Ярданія цікавіцца польскай ваеннай тэхнікай.

Анджэй Дуда: Ужо ёсьць папярэднія вынікі, я спадзяюся, што будуць заключаныя канкрэтныя дамовы. Польшча прапануе сучаснае ўзбраеньне й ваенную тэхніку, якія адпавядаюць стандартам NATO. Я вельмі рады, што ярданскія прадпрыемствы і ўлады зацікаўлены польскай прапановай.

Прэзыдэнт Анджэй Дуда падкрэсьліў, што Польшча прапануе высокаякасную ваенную тэхніку, якая прайшла выпрабаваньне ў баявых умовах.

Нагадаем, з моманту ўступленьня ў кааліцыю супраць Ісламскай дзяржавы Ярданія купляе новую ваенную тэхніку. У апошнія месяцы Польшча прадала ў Ярданію былыя ва ўжываньні танкі Т-72, ад якіх польская армія паступова адмаўляецца.

У склад польскай дэлегацыі, якая суправаджала прэзыдэнта, увайшлі прадстаўнікі польскіх прадпрыемстваў ваенна-прамысловага комплексу. Старшыня Польскага ваенна-прамысловага канцэрну (Polska Grupa Zbrojeniowa) Аркадыюш Сіўка (Arkadiusz Siwko) кажа, што польская прапанова для Ярданіі шырокая.

Аркадыюш Сіўко: Прадпрыемствы Польскага ваенна-прамысловага канцэрну могуць прапанаваць амаль ўсё. Напрыклад, танкі, сэрвіс ваеннай тэхнікі, артылерыю, боепрыпасы… мы прапануем амаль усё.

Да поўдня ў суботу польская прэзыдэнцкая пара гасьцявала ў Каралеўскім палацы, дзе Анджэй Дуда размаўляў каралём з Абдалой ІІ.

PAP/Jacek
PAP/Jacek Turczyk

Прэзыдэнцкая пара прывезла з сабой у Ярданію гуманітарную дапамогу для бежанцаў з Сырыі й Ірака. З гэтай мэтай Анджэй Дуда разам з першай лэдзі наведалі адзін з цэнтраў ярданскай арганізацыі „Карытас” у Амане.

Міністар з Канцылярыі прэзыдэнта Кшыштаф Шчэрскі (Krzysztof Szczerski) сказаў, што хоць гэта й сымбалічная дапамога, то яна вельмі важная для бежанцаў.

Кшыштаф Шчэрскі: Гэта толькі невялікая частка дапамогі, якую Польшча перадае бежанцам у гэтым рэгіёне. Гэта былі пледы, спальныя мяшкі, байкі, сухое малако –рэчы, якія тут вельмі патрэбныя.

Кшыштаф Шчэрскі падкрэсьліў, што дабрачынная ініцыятыва польскай прэзыдэнцкай пары, якую падтрымлівае прэзыдэнт Панамы й няўрадавыя арганізацыі, гэта элемэнт палітыкі падтрымкі бежанцаў на Блізкім Усходзе.

Кшыштаф Шчэрскі: Гэта частка місіі, якую падтрымліваюць прэзыдэнт і першая лэдзі, то бок місіі дапамогі ўсім, каго вайна прымусіла пакінуць свае дамы. Ім патрэбная дапамога ў месцах, дзе яны цяпер знаходзяцца – найбліжэй да сваіх дамоў.

PAP/Jacek
PAP/Jacek Turczyk

Прэзыдэнт Анджэй Дуда падкрэсьліў, што Ярданія зьяўляецца гарантам міру на Блізкім Усходзе. Ён выказаў падзяку гэтай краіне за прыняцьцё «мільёнаў бежанцаў» і запэўніў, што Польшча будзе надалей аказваць дапамогу ўцекачам у гэтым рэгіёне.

Анджэй Дуда: Мы павінны быць удзячныя Ярданіі за тое, што яна прымае ўцекачоў менавіта тут, то бок блізка ад іх дамоў, каб пасьля заканчэньня канфлікту яны маглі вярнуцца ў свае дамы. Гэта важная роля Ярданіі й вялікі цяжар. Гэты цяжар патрабуе ўсебаковай міжнароднай дапамогі, і Польшча стараецца такую дапамогу аказваць, а таксама чакае ініцыятыў ад іншых краін.

У канцы ліпеня гуманітарны груз на суму 300 тысяч злотых (больш за 69, 5 тысячы эўра ) перадаў падчас візыту ў Ярданію міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі (Witold Waszczykowski). Польшча таксама дапамагае сырыйскіх бежанцам у Лібане. А надоечы грант на 12 мільёнаў злотых (больш за 2 мільёны 784 тысячы эўра) Міністэрства замежных спраў перадала Польскаму цэнтру міжнароднай дапамогі на падтрымку 10 тысяч сырыйцаў.

PAP/Jacek
PAP/Jacek Turczyk

Паводле ААН, Ярданія прыняла каля 630 тысяч уцекачоў з Сырыі. Паводле, уладаў у Амане, у краіну прыбылі 1 мільён 300 тысяч бежанцаў.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт