41% палякаў гатовы абараняць Польшчу ў выпадку вайны
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
07.11.2016 14:41
71% рэспандэнтаў падтрымліваюць дапамагу краінам Балтыі ў выпадку агрэсіі.
Piotr Drabik/flickr.com
Ці зьмена ўлады ў Польшчы, пачатак стварэньня Тэрытарыяльнай абароны краіны й рашэньне аб узмацненьні ўсходняга флянгу NATO маглі паўплываць на стаўленьне палякаў да абароны краіны? Адказу на гэтае пытаньне шукаў Інстытут рынкавых і грамадзкіх дасьледаваньняў, а вынікі яго апытаньня прыводзіць выданьне „Rzeczpospolita”.
Паводле іх, у выпадку нападу замежнай дзяржавы 30% палякаў добраахвотна ўступіла б ва ўзброеныя фарміраваньні, парамілітарныя атрады ды санітарную службу. У сваю чаргу 11% чакала б мабілізацыі. Такім чынам, ажно 41% апытаных палякаў гатовыя змагацца за захопнікамі. Нагадаем, у апошнім апытаньні, праведзеным у 2015 годзе, пра намер добраахвотна ўступіць у армію заявіла 29% рэспандэнтаў.
„Вялікая частка гатовых да змаганьня - гэта наш гонар і традыцыя, але таксама адраджэньне патрыятычнага стаўленьня, асабліва сярод моладзі”, - кажа былы міністар нацыянальнай абароны, прафэсар Рамуальд Шарамецеў (Romuald Szeremietiew).
Вынікі дасьледаваньня сьведчаць пра тое, што ахвяраваць сваім жыцьцём і здароўем за Польшчу гатовыя 44% грамадзянаў.
Калі гаворка ідзе пра вяртаньне абавязковага вайсковага прызыву, які быў адменены ў 2009 годзе, то рэспандэнты падзеленыя на дзьве амаль роўныя групы: „за” выказваецца 50% апытаных, „супраць” – 45%. У параўнаньні з 2015 годам на 10% зьменшылася колькасьць грамадзян, якія зьяўляюцца прыхільнікамі вяртаньня абавязковай ваеннай службы.
Апрача таго, палякі адназначна лічаць, што ў выпадку надзвычайнай сытуацыі саюзьнікі павінны выконваць абавязацельствы, якія вынікаюць з членства Польшчы ў Паўночнаатлянтычным альянсе. У выпадку нападу на балтыйскія краіны – Летуву, Латвію й Эстонію, - ажно 71% палякаў лічаць, што Польшча павінна выступіць у іх абарону. У 2015 годзе гэтая лічба складала 63% апытаных, нагадвае выданьне „Rzeczpospolita”.
аз