Паварот да Беларусі, праблемы з Украінай
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
02.11.2016 16:56
Першы год новага ўраду Польшчы ў польскай замежнай палітыцы прынёс радыкальныя зьмены.
The Foreign Ministry in Warsaw. Photo: Wikimedia Commons
Варшава распачала гульню з Лукашэнкам і спрабуе адкрыцца на Менск, а вось у дачыненьні да Ўкраіны Польшча вядзе сябе цьвёрда, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna.
У польска-ўкраінскіх адносінах на паперы ўсё выглядае дасканала. Прэзыдэнт Анджэй Дуда ўжо двойчы быў зь візытам у Кіеве. Аднак на пачатку ліпеня 2015 году атачэньне прэзыдэнта падкрэсьлівала, што „Права й справядлівасьць” (ПіС) спыняе падтрымку Кіева і ў дачыненьні да яго будзе весьці сябе больш цьвёрда. Варшава вырашыла спыніць абменьвацца плоскімі заявамі, зь якіх нічога не вынікала. Тым больш, што Парашэнка зрабіў сур’ёзную палітычную памылку, пачынаючы сакрэтныя перамовы зь Лешэкам Бальцэровічам аб прызначэньні яго на пасаду прэм’ер-міністра Ўкраіны. Нагадаем, польскія права-кансэрватары, якія знаходзяцца пры ўладзе, лічаць Бальцэровіча сваім заядлым ворагам. Канчаткова Бальцэровіч стаў кіраўніком каманды стратэгічных дарадчыкаў прэзыдэнта Ўкраіны й прывёў з сабой яшчэ трох польскіх палітыкаў. Нягледзячы на кампэтэнцыі гэтых людзей, для варшаўскага Прэзыдэнцкага палацу заігрываньне Парашэнкі з праціўнікамі «ПіС» было незразумелым.
У сваю чаргу польска-беларускія ўзаемадачыненьні фактычна былі замарожаныя са сьнежня 2010, калі Лукашэнка разагнаў пасьлявыбарчыя пратэсты беларускай апазыцыі, закончыўшы такім чынам палітычную адлігу й збліжэньне Беларусі з Захадам. У гэтае збліжэньне мноства палітычнага капіталу ўнёс былы міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі.
Урад «ПіС» зрабіў стаўку на палітычнае адкрыцьцё на Беларусь, пачаліся перамовы аб эканамічным супацоўніцтве, чаго кульмінацыяй стаў візыт віцэ-прэм'ера Матэвуша Маравецкага ў Менск. Аднак вера ў беларускія заявы і ў шчырасьць Менску можа аказацца рызыкоўнай тактыкай, бо падобным чынам 6 гадоў таму правалілася палітыка Радаслава Сікорскага. Тады таксама гаворка ішла пра прыватызацыю ў Беларусі й адкрыцьцё на Захад.
Dziennik Gazeta Prawna/яс