Logo Polskiego Radia
Print

«Жывыя - гэта адвакаты памерлых перад Богам»

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 02.11.2016 13:41
  • Задушкі.mp3
2 лістапада, на наступны дзень пасьля ўрачыстасьці Ўсіх Сьвятых, адзначаюцца Задушкі – Дзень памінаньня памерлых продкаў.
PAP/Marcin Obara

У Задушкі хрысьціяне наведваюць магілы сваіх продкаў, чальцоў сям’і ды знаёмых, удзельнічаюць у Сьвятой імшы, моляцца. Існуе традыцыя запальваньня сьвечак на магілах і ўскладваньня кветак, вянкоў і іншых дэкарацыйных прыладаў – сымбаляў памяці аб памерлых. У народзе гэты дзень называюць Дзядамі.

Для каталікоў гэта дзень малітвы за ўсіх веруючых у Хрыста, якія адышлі з гэтага сьвету. У Касьцёле гэтая традыцыя распаўсюдзілася прыкладна ад пачатку ХІІІ стагодзьдзя. З ХІV стагодзьдзя ў гэты дзень пачалі арганізоўвацца працэсіі па могілках да чатырох алтароў, а традыцыя захавалася й да сёньняшняга дня. Каля кожнага алтара вернікі моляцца за памерлых і сьпяваюць жалобныя песьні. Пяты алтар ладзіцца ў касьцёле, пасьля вяртаньня працэсіі з могілак.

У Задушкі хрысьціяне наведваюць магілы сваіх продкаў, чальцоў сям’і ды знаёмых, удзельнічаюць у Сьвятой імшы, моляцца. Існуе традыцыя запальваньня сьвечак на магілах і ўскладваньня кветак, вянкоў і іншых дэкарацыйных прыладаў – сымбаляў памяці аб памерлых.

«Касьцёл навучае, што малітва вельмі неабходная тым, хто пайшоў з зямнога жыцьця», – кажа ксёндз Андрэй Зайчык.

А. Зайчык: У гэтыя дні мы молімся за ўсіх памерлых людзей. Асабліва шмат трэба маліцца за людзей, якія падчас жыцьця зрабілі шмат зла. Сёньня Касьцёл заахвочвае таксама маліцца за людзей, якія зьдзейсьнілі самагубствы. Гэта час, калі мы молімся за кожнага памерлага, напрыклад, за тых, хто загінуў на вайне. На могілках праводзіцца адмысловы абрад за іх душы. Аднак найперш мы прыходзім на могілкі, каб памаліцца за сваіх блізкіх. Гэтая малітва мае вялікае значэньне. Касьцёл вучыць, што для чалавека, які знаходзіцца ў чысьцецы, вельмі важная падтрымка людзей, якія засталіся на зямлі. Гэта таксама сьведчаньне жывых. Яны як адвакаты заступаюцца перад Богам за памерлых. Гэта таксама памяць, якую трэба захоўваць у сваім сэрцы.

Ксёндз Томаш Новак тлумачыць, што сёньняшнія малітвы павінны ўзносіцца за душы, якія знаходзяцца ў чысьцецы.

Т. Новак: Адзіным станам, у якім можа дапамагчы нашая малітва, зьяўляецца чысьцец. Адтуль душа ідзе толькі ў неба. Многія багасловы адзначаюць, што пра чысьцец трэба гаварыць толькі пазытыўна, паколькі гэта месца дзеяньня божай міласэрнасьці, месца, дзе чалавек рыхтуецца да сустрэчы з Богам. Калі мы молімся за нейкую асобу, але мы не ўпэўненыя, ці ёй патрэбная нашая малітва, паколькі мы ня ведаем, ці яна ўжо не ў небе, то Касьцёл вучыць, што ніводная малітва ня будзе страчанай. У такім выпадку малітва дапаможа каму-небудзь іншаму.

У народзе Дзень памінаньня памерлых называюць Дзядамі. Гэта даўні славянскі народны абрад. На Дзяды гатавалі рытуальныя стравы – 7 і больш. Абавязковымі былі куцьця, клёцкі, бліны, мяса, яечня. Паводле звычаю, ад кожнай стравы ў асобны посуд адкладвалі па кавалачку для нябожчыкаў і пакідалі на ноч, каб пачаставаць душы памерлых продкаў, якія прыходзяць на Дзяды. Пасьля вячэры са стала не прыбіралі – для таго, каб памерлыя маглі за ім пасядзець у цішыні.

У некаторых рэгіёнах гаспадары гучна прамаўлялі імёны памерлых. Людзі верылі, што трэба клапаціцца пра памяць памерлых, а таксама накарміць іх душы, бо ў іншым выпадку яны могуць раззлавацца, нанесьці шкоду, пужаць ноччу альбо прычыніцца да няшчасьцяў, у тым ліку й сьмерці.

Пачынаючы з 30 кастрычніка 1988 году Дзяды набылі ў Беларусі грамадзкую значнасьць – штогод адбываецца шэсьце ў Курапаты ў памяць пра ахвяраў камуністычнай улады.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт