Logo Polskiego Radia
Print

Прэзыдэнты адкажуць за злачынствы сваіх грамадзян

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 15.10.2016 09:03
Пакуль яшчэ кіраўніцтва дзяржаў не адказваюць за ўчынкі сваіх грамадзян, аднак неўзабаве сытуацыя можа зьмяніцца.
photo: www.radyjo.net

Яшчэ нядаўна, каб бяскарна грабіць, катаваць і забіваць, дастаткова было патлумачыць, што гэта робіцца ў імя дзяржавы. «Аднак неўзабаве сытуацыя можа зьмяніцца, шаноўныя спадары Асад і Пуцін», – піша часопіс Polityka.

Сёньня ў міжнародным праве прынята, што ўрады дзяржаў не адказваюць за ўчынкі сваіх грамадзян. Напрыклад, ЗША ніколі не адказалі за разьню ў віетнамскай вёсцы Сангмі ў1968 годзе. Усё ўзяў на сябе камандзір нізкага рангу, лейтэнант Уільям Калей, якога прызналі ваенным злачынцам. Прэзыдэнта Ніксана ніхто не вінаваціў. Імунітэт абараняе кіраўнікоў дзяржаў ад адказнасьці за атакі беспілётнікаў, зьвяржэньне кіраўніцтва іншых краін, спэцапэрацыі, зьдзейсьненых у імя абароны бясьпекі сваёй краіны.

Аднак памалу сытуацыя пачынае зьмяняцца. Пасьля 11 верасьня ў амэрыканскія суды паступілі пазовы супраць кіраўніцтва Саудаўскай Арабіі за тэракты 2001 году. У ісках прыводзіцца толькі адзін аргумэнт – 15 з 19 тэрарыстаў мелі саудаўскае грамадзянства. Аднак судовыя працэсы завязьлі ў амэрыканскіх судах, якія лічаць, што кіраўніцтва іншай дзяржавы не падлягае юрысдыкцыі амэрыканскіх органаў правасудзьдзя.

У сваю чаргу нідэрляндзкая пракуратура рыхтуецца да жорсткага канфлікту з Масквою. Пракуратура заяўляе, што пасьля ідэнтыфікацыі жаўнераў, якія націснулі кнопку супрацьракетнай устаноўкі БУК і зьбілі малайзійскі самалёт з грамадзянамі Нідэрляндаў на борце, яна прыцягне да адказнасьці іх камандаваньне.

Пад канец верасьня на спэцыяльнай сэсіі Рады бясьпекі ААН па справе сірыйскага Алепа прадстаўніца ЗША Саманта Паўэр казала: «тое, што Расея падтрымлівае й робіць, не зьяўляецца ніякім антытэрарызмам – гэта барбарства». У сваю чаргу кіраўнік МЗС Вялікабрытаніі Барыс Джонсан адназначна выказаўся пра магчымасьці прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці расейскага кіраўніцтва. Сярод экспэртаў міжнароднага права шырыцца думка, што тыя, хто дапамагае зьдзяйсьненьню ваеннага злачынства, таксама павінны быць прыцягнуты да адказнасьці. Згодна з гэтай думкай, крымінальную адказнасьць нясуць лідары дзяржаваў, якія падтрымліваюць ваенных злачынцаў у чужой краіне. Пад гэтае правіла падпадае, між іншым, Уладзімер Пуцін.

Polityka/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт