Logo Polskiego Radia
Print

Украіна абураная прапановамі Алянда

PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska 12.10.2016 15:39
«Вы ня сьмейце прапанаваць нам, каб мы аддалі тэрыторыю Ўкраіны Пуціну!»
Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд ў Радзе Эўропы ў Страсбургу.Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд ў Радзе Эўропы ў Страсбургу.Photo: PAP/EPA/PATRICK SEEGER

Міністар унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў у вострай форме раскрытыкаваў прэзыдэнта Францыі Франсуа Алянда за яго заявы па ўрэгуляваньні канфлікту ў Данбасе. Міністар абвінаваціў францускага прэзыдэнта, што ён хоча перайсьці на бок Пуціна й прывесьці да падзелу Ўкраіны.

Авакаў зьвярнуўся да Алянда праз Facebook у сувязі з выступленьнем прэзыдэнта Францыі ў аўторак на пасяджэньні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы. Ліст кіраўніка МУС Украіны публікуюць сёньня найважнейшыя СМІ ва Ўкраіне.

Міністар напісаў, што прапанова Алянда для Кіева непрымальная. Францускі лідар запрапанаваў, каб на Данбасе спачатку адбыліся муніцыпальныя выбары й толькі пасьля гэтага Ўкраіна магла б вярнуць кантроль над захопленай баевікамі частцы мяжы з Расеяй.

"Спадар Алянд! Ня сьмейце казаць нам пра тое, каб мы аддалі тэрыторыю Ўкраіны й мільёны нашых грамадзян рэжыму Пуціна толькі таму, што вам так выгадна!", – напісаў Авакаў у сацсетцы Facebook.

Украінскі палітык адзначыў, што калі прэзыдэнт Францыі ад імя дэмакратычнай Эўропы хоча паўстрымаць агрэсара, які напаў на Ўкраіну, ён не павінен прадаваць «на вульгарным палітычным рынку найбуйнейшую эўрапейскую нацыю, якая ў абарону эўрапейскіх ідэй і чалавечых каштоўнасьцяў выйшла на Майдан, і плаціць за гэта жыцьцём сваіх лепшых сыноў і дачок».

Украінскі міністар адзначыў, што Алянд ня супраць выбараў у Данбасе «пад рулямі расейскіх акупацыйных сіл». Ён абвінаваціў францускага прэзыдэнта ў тым, што падтрымлівае амністыю для асоб, адказных за шматлікія забойствы.

Міністар Авакаў падкрэсьліў, што калі Захад аддасьць Украіну Пуціну, то згубіць Эўропу й сваю свабоду.

wPolityce.pl/яс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт