Крэмль адчувае настальгію па імпэрыі
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
11.10.2016 13:57
Масква плянуе стварыць ваенныя базы на Кубе, у Віетнаме, Сырыі й Эгіпце.
Photo: US Air Force/wikipedia.org/Domena publiczna
„За апошнія два гады міжнародная сытуацыя й бясьпека значна памяняліся”, - такім чынам некалькі дзён таму прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў пракамэнтараваў пляны Міністэрства абароны Расеі па паўторным разьмяшчэньні расейскіх ваенных базаў на Кубе і ў Віетнаме, паведамляе выданьне „Rzeczpospolita”.
Перш за ўсё гаворка ідзе пра цэнтар электроннай разьведкі ў гарадку Лурдэс на Кубе, які быў пабудаваны Савецкім Саюзам падчас кубінскага ракетнага крызысу. Галоўнай задачай цэнтру, распаложанага ў 250 кілямэтрах ад амэрыканскага ўзьбярэжжа, была праслухоўка аб’ектаў на тэрыторыі ЗША. Расейцы адмовіліся ад выкарыстоўваньня цэнтру ў 2001 годзе па фінансавых прычынах, але цяпер прыярытэты Масквы памяняліся. Расейцы зацікаўлены ня толькі ў вяртаньні цэнтру электроннай разьведкі, але таксама ў разьмяшчэньні ў гэтым месцы базы сваіх атамных падводных лодак для ажыцьцяўленьня дзеяньняў на Атлянтычным акіяне. Аднак пляны расейцаў залежаць ад згоды ўладаў у Гаване, якія апошнім часам значна ажывілі свае кантакты з ЗША.
„Цана гэткага праекта сапраўды будзе высокая. З Кубай мы можам размаўляць пра супольныя эканамічныя праекты. Аднак у выпадку Віетнама сытуацыя больш складаная. Трэба будзе заплаціць столькі, колькі захоча Ханой”, - кажа ў размове з выданьнем „Rzeczpospolita” Ігар Каратчэнка, галоўны рэдактар часопіса „Нацыянальная абарона”. Гаворка ідзе пра порт у Затоцы Камрань, у якім у 1979-2001 годзе разьмяшчалася расейская ваенная база.
Аднак на гэтым расейскія пляны не заканчваюцца. Надоечы Мінабароны Расеі паведаміла, што ў сырыйскім порце Тартус расейскі флёт застанецца на даўжэйшы час.
У сваю чаргу штодзёнка „Известия” напісала, што пра разьмяшчэньне сваёй ваеннай базы Масква вядзе перамовы таксама з Эгіптам.
„Расея ня мае фінансавых магчымасьцяў, каб рэалізаваць гэтыя пляны”, - кажа ў размове з выданьнем „Rzeczpospolita” былы дарадчык Крамля Глеб Паўлоўскі.
аз