Фільм "Валынь": рэжысэр паставіў надзвычай цяжкую задачу
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
24.09.2016 13:33
Польскія выданьні пішуць пра фільм “Валынь” рэжысэра Войцеха Смажоўскага, які ўчора быў паказаны на кінафэстывалі ў Гдыні.
Газэта “Polska The Times” піша, што ў фільме ёсьць шмат сцэн, якія шакуюць. Гэта вобраз, які цягам двух з паловаю гадзін не дае ні хвіліны на адпачынак. Фільм няспынна трымае гледача ў напружаньні. Гэта вельмі добрае кіно, праўдзівае, а таму Смажоўскі зьяўляецца сучасным Дастаеўскім кіно.
Рэжысэр паставіў перад сабой надзвычай цяжкую задачу. За апошнія 70 гадоў ніхто не ўзяўся зьняць фільм пра вельмі балючую, цяжкую тэму валынскай разьні. У 1943 годзе на Валыні былі забітыя некалькі дзясяткаў тысяч палякаў. Іх забілі ўкраінскія нацыяналісты, часта суседзі палякаў, зь якімі яны штодзённа сустракаліся. Рэжысэр паказвае гэтыя падзеі наўпрост, што зьяўляецца адной з характэрных рысаў яго стужкі. Ён паказвае чыстае скотства, прыемнасьць, якую забойцы атрымлівалі падчас катаваньняў. Прагляд фільма зьяўляецца вельмі цяжкім досьведам.
Адначасова гэта вельмі праўдзівы фільм. У ім ёсьць пошук і памкненьне да праўды. У стужцы паказаныя сцэны, за якія палякі павінны саромецца, а таксама паказаныя сумленныя ўкраінцы.
Сам рэжысэр і прадзюсары баючыся, як фільм будзе ўспрыняты, баючыся рэакцыі ў Польшчы й ва Ўкраіне, вырашылі яшчэ перад прэм’ерай зрабіць усё, каб “Валынь” ня быў выкарыстаны ў палітычнай вайне. Выданьне “Polska The Times” усё ж робіць пэсымістычныя прагнозы. Расейская прапаганда не ўпусьціць шанец, каб нагадаць пра бандэраўцаў. Менавіта ў такім кантэксьце прадставіць вайну, якую Крэмль вядзе ва Ўкраіне. Гэта вельмі сур’ёзная пагроза, паколькі, на думку газэты, фільм стане менавіта такім сродкам у руках расейцаў.
ав