Палякі будуць выцясьняць сымбалі таталітарызму з вуліцаў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
09.09.2016 13:09
Гэта, між іншым, прадугледжвае адпаведны закон, які ўступіў у сілу 2 верасьня.
Photo: pixabay.com
2 верасьня ў сілу ўступіў закон аб забароне распаўсюду ідэяў камунізму й іншых таталітарных рэжымаў, напрыклад, у назвах вуліц, будынкаў і іншых месцаў грамадзкага карыстаньня, нагадае „Polska The Times”.
Такім чынам у Варшаве пад знакам пытаньня апынуліся, між іншым, вуліцы імя Вінцэнты Жымоўскага (Wincenty Rzymowski), Генрыка Рабэ (Henryk Raabe), Дамбраўшчакаў (Dąbrowszczaków) і Юзафа Левартоўскага (Józef Lewartowski). Гэтае апошняе прозьвішча выклікае асаблівыя эмоцыі, паколькі Левартоўскі (сапраўднае прозьвішча Арон Фінкэнштэйн (Aron Finkelstein) быў ня толькі дзеячам Польскай камуністычнай партыі, але таксама героем Варшаўскага паўстаньня, падчас якога й загінуў.
Таксама ў іншых гарадах Польшчы пачаліся сур’ёзныя дыскусіі па справе зьменаў назваў вуліц. Напрыклад, у Кракаве засьцярогу прадстаўнікоў гарадзкіх уладаў выклікае ажно 30 назваў.
Па справе магчымай зьмены назвы ўлады павінны правесьці кансультацыі зь Інстытутам нацыянальнай памяці.
Паводле кіраўніка Аддзелу па ўшанаваньні баёў і пакутніцтва Інстытуту нацыянальнай памяці Мацея Коркуця (Maciej Korkuć), гаворка не ідзе пра стварэньне нейкай гістарычнай паліцыі ці навязваньне жыхаром патронаў вуліцаў. „Мэта закону – выцясьненьне з грамадзкай прасторы каштоўнасьцяў, у тым ліку памяці аб асобах, якія атаясамліваюцца з досьведам таталітарызму й зьняволеньня”, - кажа Коркуць у размове з журналістам выданьня „Polska The Times”.
аз