Logo Polskiego Radia
Print

Міністэрства фінансаў Польшчы сур'ёзна ўзялося за махляроў

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 29.08.2016 14:47
Галоўная задача - спыніць махлярствы, зьвязаныя з падаткам на дабаўленую вартасьць.
www.pixabay.com

Выданьне «Rzeczpospolita» друкуе інфармацыю пра новыя падатковыя правілы, аб якіх казалі палітыкі партыі «Права і справядлівасьць» яшчэ перад выбарамі. Гаворка ідзе пра тое, каб спыніць махлярствы, зьвязаныя з падаткам на дабаўленую вартасьць (ПДВ).

Праект унясеньня паправак у закон прадбачвае вяртаньне да 30-працэнтнай санкцыі ПДВ, якая раней была адмененая. Скажам, калі хтосьці штучна панізіць суму падатку на 1000 злотых, то разам са штрафам ён павінен унесьці ў дзяржаўны бюджэт 1300 злотых.

«Гэта неабходнае новаўвядзеньне. Цяпер пеня за незаплачаны ПДВ настолькі нізкая, што некаторыя фірмы падыходзяць да гэтага як да пэўнай формы крэдыту», – кажа віцэ-міністар фінансаў Лешак Скіба (Leszek Skiba).

Яшчэ большыя санцыі, у памеры 100% незаплачаных падаткаў, пагражаюць за гэтак званыя пустыя фактуры, гэта значыць, дакумэнты, якія сьведчаць аб фікцыйным продажу тавараў або паслуг. Махляры заплацяць у бюджэт у два разы больш, чым падатак, які вынікае з фактуры.

Міністэрства рыхтуецца таксама да барацьбы з гэтак званымі фірмамі-слупамі, якія рэгіструюцца толькі дзеля таго, каб вымантачыць ПДВ, напрыклад, на падставе пустых фактур, а пазьней зьнікаюць з рынку. Падатковая інспэкцыя атрымае новыя інструмэнты, каб у выпадку падазрэньняў адмовіць у рэгістрацыі такога суб’екта гаспадараньня або хутка выкрасьліць яго са сьпісу падаткаплатнікаў.

Rzeczpospolita/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт