Logo Polskiego Radia
Print

Тарасэвіч: Для вяскоўцаў я проста Лёнька, а не мастак

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 20.08.2016 12:10
Да сваёй беларускай тоеснасьці Лявон Тарасэвіч дарастаў гадамі.
Photo: Silar/pl.wikipedia.org/CC BY-SA 3.0

„Я жыву ў двух розных сьветах, якія насамрэч не пераплятаюцца. Вяскоўцы лічаць мяне сваяком, Лёнькай, беларускім дзеячам. Варшава, Познань, Вэнэцыя – мастаком, і там ніхто ня хоча слухаць пра мае праблемы зь беларускасьцю”, - кажа сусьветна вядомы польскі мастак, беларус па паходжанню Лявон Тарасэвіч у размове з тыднёвікам „Newsweek”.

„Тут няма другога такога вар’ята, які б настолькі ангажаваўся ў жыцьцё беларускай меншасьці. Ён карыстаецца аўтарытэтам, паколькі ён не мяняецца”,- так пра Тарасэвіча кажа Павел Гжэсь, фатограф з Гарадка (Gródek).

„У школе беларуская мова была дадатковым прадметам, але бацькі выпісалі мне з заняткаў. Падобным чынам адбывалася ў выпадку многіх іншых маіх калегаў. Тады казалі, што беларуская мова перашкаджае пасьпяхова вывучыць расейскую мову(…). Польскія кніжкі па гісторыі маўчалі пра наш рэгіён, быццам бы на Беластоку заканчваўся сьвет і далей былі толькі Горадня й Вільня. Нас не вучылі мясцовай гісторыі. Калі мы гаварылі па-беларуску, то абураўся ўвесь аўтобус і нехта адразу казаў: „Тут Польшча!” – успамінае мастак.

Беларускасьць вярнулася, калі Лявон Тарасэвіч паступіў у Варшаўскую акадэмію мастацтваў. Падчас першых дэмакратычных выбараў ён кіраваў Беларускім дэмакратычным аб’яднаньнем.

Аднак гэта менавіта беларуская тэма пасварыла Тарасэвіча зь Беластокам. Пасьля першага музычнага фэстывалю „Басовішча”, які ён суарганізаваў, мясцовая газэта „Kurier Poranny” раскрытыкавала мерапрыемства, але адказу Тарасэвіча не пагадзілася надрукаваць. З гэтага часу мастак адмаўляецца ўдзельнічаць у выставах у Беластоку. Не прыняў таксама ўзнагароды ад мэра горада.

„Я магу толькі шкадаваць, што Лявон настолькі рэдка прысутны ў горадзе, паколькі гэта найбольш выдатны мастак у рэгіёне. Аднак назіраецца нейкае напружаньне адносінаў, зь якога ніхто ня хоча выйсьці”- кажа ў размове з тыднёвікам „Newsweek” Моніка Шэўчык (Monika Szewczyk) зь беластоцкай галерэі „Arsenał”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт