Logo Polskiego Radia
Print

Як не прасядзець усё жыцьцё

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 21.08.2016 10:30
  • Не сядзіцца.mp3
Сучасны чалавек зашмат сядзіць. Спэцыялісты б’юць трывогу.
Foto: Nie usiedze/Facebook.com

Доўгае сядзеньне можа скончыцца інваліднасьцю. Выхад адзін – больш руху.

Асобы, якія вымушаны доўгія гадзіны праводзіць, седзячы ў офісе, перад кампутарам, часьцей сутыкаюцца з такімі праблемамі, як боль пазваночніка ды сьпіны, стомленасьць вачэй, атлусьценьне ды галаўны боль. На гэтым сьпіс праблемаў выкліканых доўгім сядзеньнем не канчаецца. Амэрыканскія ды канадзкія лекары выкрылі нядаўна, што тысячы ракавых захворваньняў у гэтых краінах выкліканы тым, што людзі занадта шмат часу праводзяць седзячы.

З боку адмыслоўцаў гучыць адзін рэцэпт – часьцей рухацца. Сёньня мы знаёмім Вас з чалавекам, які зрабіў рух часткай свайго штодзённага жыцьця.

/

Міколай Даражала, аўтар фан-старонкі “Не сядзіцца/Nie usiedze” на Facebook. Мы размаўляем зь ім пра ягоную ініцыятыву. Чаму вы вырашылі гэтым заняцца, з клопату пра стыль жыцьця сучаснага чалавека?

Міколай Даражала: Далёка мне да прасоўваньня здаровага стылю жыцьця. Усё пачалося з унутранай патрэбы. Я ўсьведаміў сабе, што замнога сяджу. Дастаткова зірнуць на тое, як мы цяпер жывем. Сядзім у працы, сядзім дома, сядзім па дарозе на працу і з працы. “Не сядзіцца” стала для мяне праявай уласнага змаганьня за тое, каб больш варушыцца ў гэтым жыцьці. Ненатуральна для чалавека ўвесь час сядзець. Калі добра палічыць, то штодня мы сядзім па некалькі добрых гадзін. Калі дадаць яшчэ сон, то часу на рух застаецца вельмі мала. Потым гэта можа адбіцца на нашым здароўі.

Якім чынам?

Міколай Даражала: Пачынаецца ўсё з клясычнага болю сьпіны. Кожны з гэтым сутыкаецца: журналіст і прадавачка, чыноўнік і мэнэджэр. Гледзячы на маіх знаёмых, на сябе, заўважыў, што пасьля пару год такой працы, пачынаюцца праблемы з пазваночнікам. Людзі скардзяцца, што ня могуць пахіліцца, у іх баляць суставы. Вядучы свой блёг, які стаў для мяне акном у сьвет, я шукаў іншых людзей, якія маглі б мяне натхніць да руху, да актыўнасьці ў сёньняшняй бегатні. Я бачыў шэраг цікавых дасьледаваньняў. Лекары кажуць, што доўгае сядзеньне прыводзіць да праблемаў са страўнікам, з кішкамі й нават канчаецца ракам. Варта пра гэта ведаць.

Што рабіць у такой сытуацыі?

Міколай Даражала: У першую чаргу, трэба часьцей уставаць. Кожныя дзьве гадзіны пайсьці прайсьціся, не пісаць мэйлы да калегі, а пайсьці да яго і пагаварыць.

З рухам ды актыўнасьцю часта бывае так, што многія пачынаюць. Аднак потым перарываюцца, не робяць гэта рэгулярна. Як Вы вырашыла для сябе гэтую задачу?

Міколай Даражала: Другі крок – самы складаны. Сказаць – гэта адно, а даказаць на справе – зусім іншае. З гэтым кожны сутыкаецца. Я сам далёкі ад таго, каб даваць людзям парады, бо не вяду жыцьцё спартоўца. На маю думку, важнае значэньне маюць малыя рэчы. Пры сядзячай працы, важна зьмяняць пазыцыю. Пасядзець на шары, альбо працаваць стоячы. Я маю такую падстаўку на стол, што магу працаваць стоячы. Праз гадзіну такой працы, ахвотна прысяду. Іншая рэч, не пісаць ці званіць калегам па працы, а схадзіць ад іх. Сярод дня мець час, каб выйсьці з офіса, прайсьціся. У дадатак да гэтага, падарожжы, вандроўкі, бег і так далей.

Наш суразмоўца прайшоў самотна каля 400 км. балтыйскага ўзьбярэжжа. Не было страшна так ісьці самому, ці гэтая вандроўка патрабавала шмат падрыхтоўкі? Чаму яна вас навучыла?

Міколай Даражала: Страхі ёсьць. Гэта зразумела. Усё пачалося з ідэі. Я хацеў прайсьці з заплечнікам уздоўж марскога ўзьбярэжжа. Пачаў да гэтага рыхтавацца. Мой знаёмы падказаў мне, што ў першую чаргу трэба ўзмацніць ногі, жывот ды паправіць паставу. Крок за крокам я пачаў рыхтавацца й мне ўдалося рэалізаваць гэтую ідэю. Я ішоў дзесяць дзён, спраўдзіў сам сябе. Гэта й ёсьць асноўная навука – вера ў самога сябе. Падчас вандроўкі, недзе у чацьвёрты дзень, прыйшоў момант сумневаў. Аднавіліся старыя кантузіі, зьявіліся думкі: навошта табе гэта, не лепш сядзець дома. Я перамог сябе, і зьніклі болі, старыя страхі. Сёньня сьвет навокал так пабудаваны, што ўсё кажа табе: хутчэй, бягом, мусіш быць першы і лепшы. Кар’ера, грошы і так далей. Для мяне гэтая вандроўка стала вяртаньнем да сябе. Як я сябе паводжу, пра што думаю, калі застаюся сам. Хацеў не думаць пра мінулае і будучыню, а радавацца тым, што адбываецца тут і цяпер.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт