Logo Polskiego Radia
Print

Як выхаваць чэмпіёна. Псыхалягічная дапамога ў спорце

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 16.08.2016 17:01
Часта вырашальнае значэньне мае не фізычная сіла, а псыхічная ўстойлівасьць, сіла мэнтальнасьці.
www.pixabay.com

Алімпіяда ў Рыa-дэ-Жынэйра, як кожныя важныя спартовыя змаганьні, выклікае вялізныя эмоцыі. Алімпійскія спаборніцтвы заўсёды зьвязаныя са спадзяваньнямі, радасьцю ад перамог і горыччу паразаў. У панядзелак польская спартсмэнка Аніта Ўладарчык здабыла залаты мэдаль у кіданьні молата. Пры нагодзе яна пабіла сусьветны рэкорд па гэтай дысцыпліне спорту. А мы пагаворым з псыхолягам пра тое, якім чынам падрыхтаваць выдатнага спартоўца.

Самую вялікую радасьць на алімпіядзе, ды і ня толькі, выклікаюць, канешне, мэдалі, найлепш залатыя. Спаборніцтвы ў Бразыліі ўжо пакрысе набліжаюцца да канца, польскія спартоўцы здабылі некалькі мэдалёў, у тым ліку самую вялікую радасьць сваім суайчыньнікам дала лёгкаатлетка Аніта Ўладарчык, якая ўчора заваявала залаты мэдаль у кіданьні молата, і пры нагодзе пабіла ўласны сусьветны рэкорд.

У 21-ым стагодзьдзі ў спартыўных спаборніцтвах часта выігрываюць нават доляй сэкунды. Падрыхтоўка, як тактычная, так і фізычная прадстаўнікоў розных дзяржаў, вельмі падобная. Таму часта вырашальнае значэньне мае не фізычная сіла, а псыхічная ўстойлівасьць, сіла мэнтальнасьці, ці спартовец у стане паказаць на спаборніцтвах тое, што было напрацаванае падчас трэніровак. А такая падрыхтоўка ў прафэсійным спорце пачынаецца ўжо з самых маладых гадоў, – гаворыць спартыўны псыхоляг, трохразовая чэмпіёнка Польшчы па кёрлінгу і аўтарка кніжак пра спорт Катажына Сэльвант.

К. Сэльвант: У прафэсійным спорце,у такіх дысцыплінах, як артыстычная гімнастыка, тэніс, фігурнае катаньне, падрыхтоўка пачынаецца ва ўзросьце 5-6 гадоў, а нават раней. На пачатку гэта, зразумела, форма гульні, але праз пару гадоў пачынаюцца першыя турніры, паразы і перамогі. Калі нехта мае слабую псыхіку, не спраўляецца з паразамі, з прэсінгам акружэньня, тады яму вельмі патрэбны мэнтальны трэнінг.

Здавалася б, навошта спартоўцам псыхоляг. Трэба падрыхтавацца фізычна, шмат трэніравацца, а посьпехі павінны прыйсьці, калі ў кагосьці, канешне, ёсьць задаткі на выдатнага спартоўца. Аднак псыхоляг сапраўды можа падрыхтаваць чэмпіёна. Дзеля чаго псыхалёгія ў спорце?

К. Сэльвант: Псыхоляг патрэбны, каб была добрая атмасфэра. Гэта, канешне, жарт, але сапраўды здараецца, што псыхоляг дапамагае падрыхтаваць калектыўны настрой дзеля перамогі ў такіх відах спорту, дзе гуляе каманда. Таксама ў індывідуальных дысцыплінах вельмі важная мэнтальная сіла. Спартоўцы кажуць, што перамагаюць галавой. Я поўнасьцю з гэтым згодная. Спорт 21-га стагодзьдзя зраўняў падрыхтоўку – тактычную, фізычную, таксама тэхніка ўсюды падобная. Застаецца пытаньне, ці мы сумеем скарыстацца той псыхічнай сілаю, якая ўнутры нас. І ці тое, чаго мы дасягнулі падчас трэніроўкі ў ідэальных умовах, мы зможам паказаць пазьней на спаборніцтвах.

А як выглядае такая псыхалягічная падрыхтоўка? Раскажыце, калі ласка, коратка, у чым яна заключаецца?

К. Сэльвант: Гэта трэнінг павышэньня матывіроўкі, упэўненасьці ў сабе, у сваіх магчымасьцях, паніжэньня ўзроўню стрэсу, а таксама канцэнтрацыі, рэгуліроўкі ўзбуджанасьці. Гэта рэчы, якімі можна навучыцца кіраваць. Як правіла людзі не нараджаюцца з гэтымі здольнасьцямі, але можна над імі працаваць, трэніравацца. Напрыклад, у агрэсіўных відах спорту, зьвязаных з барацьбой, неабходна штучна ўзбудзіць у сабе агрэсію. Чым старэйшы чалавек, тым цяжэй гэта зрабіць, але можна навучыцца рэгуляваць узровень агрэсіўнасьці. А пазьней неабходна супакоіцца, і гэтаму таксама вучым. З такімі здольнасьцямі не нараджаюцца, іх здабываюць праз трэніроўку.

А ці ёсьць спартоўцы, якім зусім не патрэбная такая псыхалягічная падтрымка?

К. Сэльвант: Ёсьць спартоўцы, у якіх вельмі ўстойлівая псыхіка, ёсьць таксама такія, каму патрэбная дапамога толькі зрэдку, па нейкіх канкрэтных пытаньнях. Калі я бачу, што чалавеку практычна не патрэбная псыхалягічная падрыхтоўка, то, зразумела, я ніколі яму не прапаную, каб такі трэнінг прайшоў. Бывае таксама, што ідэальным псыхолягам зьяўляецца трэнэр спартоўца, і яго падтрымкі хапае. Што цікава, некаторым спартоўцам патрэбная дапамога тады, калі ім ужо ўдалося заняць высокае месца. Можна раз заваяваць мэдаль, але як узысьці на вяршынi другі раз?

У спорце важная ўпэўненасьць у сабе. А ў Польшчы гэта рыса, над якой рэдка працуюць як бацькі, так і настаўнікі ў школе. У польскай культуры ня прынята хваліцца сваімі дасягненьнямі, як, скажам, у ЗША, дзе, дарэчы, спартоўцы заваёўваюць найбольш мэдалёў. І таму псыхоляг часта вельмі патрэбны польскім спартоўцам. А пра псыхалягічную дапамогу ў спорце распавядала псыхоляг Катажына Сэльвант.

I Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт