Галоўнакамандуючы сіламі NATO ў Эўропе генэрал Кертыс Скапароцьці (Curtis Scaparrotti)  уражаны прагрэсам расейскай арміі. На адной з канфэрэнцый, прысьвечанай  бясьпецы, ён пазытыўна выказаўся пра вайсковую дактрыну Расеі, а таксама пра сучасныя тыпы тэхнікі і ўзбраеньня, якія пастаўляюцца ва Ўзброеныя сілы Расеі.
Амэрыканскі генэрал зьвярнуў увагу на тэхніку і ўзбраеньне, якія выкарыстоўваліся Расеяй у Сырыі. «У Сырыі яны запускалі ракеты з падводных лодак, караблёў, бамбавікоў. У гэтым  не было неабходнасьці, але яны трэніраваліся й дэманстравалі сваю зброю.  І гэта мяне ўразіла», – сказаў Скапароцьці.
Ён падкрэсьліў, што да Расеі трэба адносіцца сур’ёзна, «перш за ўсё ўмацоўваючыся самім».
Аднесьціся  да слоў амэрыканскага палкаводца і іх пракамэнтаваць мы папрасілі  вядомага беларускага вайсковага аналітыка ды аглядальніка Аляксандра  Алесіна.
Паводле яго словаў, расейская армія насычаецца значнай  колькасьцю новага ўзбраеньня, якое ў шэрагу выпадкаў знаходзіцца на  ўзроўні сусьветных распрацовак, а паводле некаторых парамэтраў апераджае  замежныя аналягі.
Акрамя таго, Расея сфармавала новыя вайсковыя  злучэньні: толькі на паўднёва-заходнім напрамку створаныя чатыры дывізіі  й амаль паўтара дзясятка брыгад, – кажа Алесін. Аглядальнік зазначае, што Масква таксама ўводзіць новыя шматмэтавыя падводныя лодкі тыпу «Ясень», якіх пабайваюцца амэрыканцы.
Пра  тое, што ў апошні час расейская армія мяняецца й паступова становіцца  сучаснай, зазначаюць ня толькі расейскія, але й заходнія экспэрты й  вайскоўцы.
Гэтая тэндэнцыя зьявілася некалькі гадоў таму, а свайго роду кульмінацыяй мадэрнізацыі Ўзброеных сіл РФ можна лічыць ваенную інтэрвэнцыю ў Сырыі, падчас якой Масква прадставіла шэраг сучасных узбраеньняў. Такім чынам, армія Расеі ельцынскай эпохі, якая рассыпалася й дэградавала, стала гісторыяй.
Валеры Саўко
цэлая размова з экспэртам у далучаным гукавым файле