Logo Polskiego Radia
Print

Пра тое, як людзі Пуціна гойсалі ў Польшчы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 22.06.2016 13:33
Пры папярэдняй уладзе былыя расейскія шпёны без перашкодаў рабілі ў Польшчы буйныя інтарэсы.
Foto: włodi/flickr.com

Арыштаваньне Матэвуша Піскорскага з польскай прапуцінскай партыі „Зьмена”, а таксама акцыі Агенцтва ўнутранай бясьпекі ў дамах русафільскіх нацыяналістаў - гэта доўгачаканае дзеяньне ў Польшчы. Падчас улады папярэдняй кааліцыі Грамадзянскай плятформы й Польскай сялянскай партыі людзі, зьвязаныя з Расеяй, пасьпяхова дзейнічалі ў галіне абароннай прамысловасьці, тэлекамунікацыі й энэргетыцы ў Польшчы, а расейскія хакеры бязкарна высьмейвалі польскія спэцслужбы, паведамляе выданьне правай арыентцыі „Gazeta Polska”.

Газэта прыводзіць прыклад кампаніі „IRL Polska”, якая ў 2014 годзе атрымала дазвоў на гандаль электраэнэргіяй у Польшчы. Як сьцьвярджаюць журналісты, праз сетку дачынных фірмаў „IRL Polska” поўнасьцю знаходзіцца пад кантролем расейцаў, у тым ліку Ігара Сечына – правай рукі Ўладзіміра Пуціна. Дарэчы, Сечын зьяўляецца былым супрацоўнікам савецкіх спэцслужбаў і віцэ-прэм’ерам.

Перад смаленскай авіякатастрофай ён удзельнічаў у сакрэтных размовах з кіраўніком канцылярыі прэм’ера Дональда Туска, якая прайшла у адным з маскоўскіх рэстаранаў. Пасьля агрэсіі Расеі на Ўкраіну ў сакавіку 2014 году Сечын трапіў пад санкцыі ЗША.

Яшчэ больш сьмела ў Польшчы паводзіла сябе кампанія „Polit Elektronik” – эксклюзіўны прадстаўнік расейскай кампаніі „RAC MiG”. Яна перамагла ў тэндэры на рамонт двух урадавых самалётаў Ту- 154М на суму 70 мільёнаў злотых і накіравала машыны ў Расею на прадпрыемства алігарха Алега Дзерыпаскі й былога агента КГБ Сяргея Чэмезава.

Аднак адной з найбольш скандальных справаў, пра якую таксама паведамляла выданьне „Gazeta Polska”, была дзейнасьць у Польшчы кампаніі „Unizeto”. Ейным старшынём праўленьня з 2015 году быў Анджэй Бэндынг-Велявейскі (Andrzej Bending-Wielowieyski) - выпускнік савецкага ВНУ й ганаровы консул Расеі ў Польшчы. Гэтую функцыю яму даручыў амбасадар Расеі Ўладзімір Грынін – галоўны ўдзельнік дыпляматычнай гульні Масквы з мэтай паніжэньня рангу візыту былога прэзыдэнта Леха Качыньскага ў Смаленску 10 красавіка 2010 году.

Кампанія „Unizeto”, між іншым, перамагла ў тэндэры на пастаўкі інфарматычных сыстэмаў для дзяржаўнага Сельскагаспадарчага пэнсійнага фонду, у тэндэры на пастауку абсталяваньня для тэлекамунікацыйных і інфарматычных сыстэм на патрэбы Службы ваеннай разьведкі Польшчы, а таксама на пастаўку інфарматычнай тэхнікі для Ўпраўленьня па справах іншаземцаў.

У гэтым часе ў Польшчы бязкарна дзейнічалі расейскія хакеры, якія працавалі на карысьць Крамля. Паводле фінскай кампаніі „F-Secure”, таямнічая група хакераў пад назовам „The Dukes” цягам як мінімум 7 гадоў зьбірала інфармацыю пра польскую замежную й абаронную палітыку. Мэтай іх атакаў былі ўрадавыя ўстановы, у тым ліку Міністэрства замежных спраў, Міністэрства нацыянальнай абароны, а таксама амбасады й ваенныя прадпрыемствы. У выніку польскія спэцслужбы былі жахліва бездапаможныя. Як паведамляе выданьне „Gazeta Polska”, адзінай іх рэакцыяй была дамова, якую Служба ваеннай контрвыведкі Польшчы заключыла з … ФСБ.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт